Вы́барчае пра́ва — сукупнасць юрыдычных нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзяржаўнай улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права).

Агульныя палажэнні Выбарчае права з'яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спецыяльнымі законамі аб выбарах. Яно вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і іншыя аспекты выбарчага працэсу. Выбары звычайна з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. Аднак у некаторых краінах галасаванне на выбарах з'яўляецца грамадзянскім абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).

Выбарчае права ў Беларусі Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з'яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і іншыя нарматыўныя акты. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян у залежнасці ад паходжання, сацыяльнага і маёмаснага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам.

У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, а таксама асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымінальна-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.

Гл. таксама Выбарчая сістэма Абсентэізм

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Выбарчае права Катэгорыя:Публічнае права