Гравірава́нне (ад , — «выразаць на чым-небудзь») — спосаб стварэння арнаменту, выявы або надпісу шляхам выразання на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, костка, камень, дрэва, шкло і інш.) з дапамогай разцоў ці іншых спецыяльных інструментаў.
Тэхніка і прымяненне Пры гравіраванні на метале і шкле таксама ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак можа быць пукатым (рэльефным) або заглыбленым. Гравіраванне выкарыстоўваецца ў вытворчасці друкарскіх форм у гравюры, у ювелірным мастацтве, для аздаблення шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем і эмалямі.
Гісторыя Гравіраванне вядома са старажытных часоў у многіх народаў, напрыклад, гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў у Дагестане, чукоцкае гравіраванне па косці і інш..
На Беларусі гравіраванне вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геаметрычным гравіраваным арнаментам). У XI—XIII стагоддзях было пашырана гравіраванне геаметрычнага і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У XV—XVIII стагоддзях гравіраваннем арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царкоўнае начынне, кніжныя абклады і іншае. У XVII—XVIII стагоддзях гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі і надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы XIX стагоддзя вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вялікімі ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Катэгорыя:Мастацкія тэхнікі Катэгорыя:Гравюра