Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі (скарочана ГрАІРА) — дзяржаўная ўстанова адукацыі ў Гродне, якая займаецца павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкай кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі Гродзенскай вобласці. Размяшчаецца па адрасе вуліца Гагарына, 6.
Гісторыя
Савецкі перыяд Установа аднавіла сваю працу 1 лістапада 1944 года як Гродзенскі абласны інстытут удасканалення настаўнікаў (ІУН) у адпаведнасці з пастановай калегіі Народнага камісарыята асветы БССР і рашэннем выканкама Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў № 223 ад 27 лістапада 1944 года. Мэтай дзейнасці было павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка настаўнікаў вобласці. Першым дырэктарам стаў У. Я. Бяркоўскі, яго намеснікам — Эскіна. У штат уваходзілі загадчык метадычнага кабінета і два метадысты. Арганізоўваліся вячэрнія і нядзельныя курсы, семінары і канферэнцыі.
З 1954 года пачалося сістэматычнае павышэнне кваліфікацыі. Вялікая ўвага надавалася сувязі тэорыі з практыкай, асновам прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці. З 1967 года, у сувязі з пераходам школ на новы змест навучання, быў уведзены дыферэнцыраваны падыход да курсаў для маладых і вопытных спецыялістаў.
У 1979 годзе ў інстытуце працавала 39 чалавек, у тым ліку дырэктар (С. І. Сакалоўскі), намеснік па вучэбна-метадычнай рабоце (Н. П. Хмурчык), 21 загадчык кабінета і 14 метадыстаў. За поспехі ў працы па выніках 1983 года інстытут быў узнагароджаны пераходным Чырвоным Сцягам Міністэрства асветы СССР, а ў 1984 годзе — Ганаровай граматай Міністэрства асветы БССР. Неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі ВДНГ СССР.
У 1986 годзе былі адкрыты дзве кафедры: педагогікі і псіхалогіі (загадчык С. В. Белахвостава) і сацыяльных навук (загадчык І. І. Коўкель). У 1991 годзе пачала працаваць лабараторыя «Арганізацыя і сродкі навучання», якая ў 1994 годзе была ператворана ў кафедру эканомікі, кіравання і арганізацыі выхаваўчай работы (загадчык М. У. Фурс). У 1993 годзе быў адкрыты Музей творчасці педагогаў-умельцаў.
Постсавецкі перыяд З 1 студзеня 1997 года рашэннем Гродзенскага аблвыканкама № 380 ад 21.10.1996 г. установа была ператворана ў Гродзенскі абласны інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (ІПК і ППК і СА). Былі створаны Вучоны савет, рэктарат, зацверджаны Статут. У розны час працавалі кафедры псіхалогіі, агульнай і карэкцыйнай педагогікі; кіравання і арганізацыі адукацыі; сацыяльна-гуманітарных дысцыплін і прыватных методык.
З 1996 года пачалася перападрыхтоўка па спецыяльнасці «Практычная псіхалогія», пазней дадаліся «Сацыяльная педагогіка», «Дэфекталогія», «Нямецкая мова», «Англійская мова», «Менеджмент у сферы адукацыі». З 2002 года сістэма павышэння кваліфікацыі перайшла на кароткатэрміновае навучанне.
У 2007 годзе ў інстытуце быў адкрыты Музей гісторыі адукацыі на Гродзеншчыне.
14 кастрычніка 2008 года рашэннем Гродзенскага аблвыканкама № 758 установа атрымала сучасную назву — Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. У 2011 годзе інстытут атрымаў сертыфікат адпаведнасці патрабаванням СТБ ISO 9001-2009. У 2010—2014 гадах быў праведзены капітальны рамонт будынка і мадэрнізацыя матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Структура У структуру інстытута ўваходзяць наступныя падраздзяленні: Рэктарат Факультэт прафесійнай самарэалізацыі Упраўленне прафесійнай адукацыі і прафарыентацыі Цэнтр метадычнай і інфармацыйна-аналітычнай работы Цэнтр дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Цэнтр ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы Аддзел інфармацыйна-метадычнай і выдавецкай работы Аддзел перспектыўнага планавання і адукацыйных стратэгій Аддзел гаспадарчага і рэсурснага забеспячэння Дапаможныя службы (бухгалтэрыя, канцылярыя, інтэрнат, сталовая і інш.)
Кіраўніцтва У. Я. Бяркоўскі (1944—?) С. І. Сакалоўскі (?—1998) В. А. Баркоў (1999—2008) — доктар педагагічных навук, прафесар. Г. Р. Барысюк (в.а., 2008—2009) С. Я. Кастрыца (2009—2014) — кандыдат філалагічных навук, дацэнт. С. А. Сяргейка (з 2014) — кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
Навуковая дзейнасць Супрацоўнікі інстытута актыўна займаюцца навукова-даследчай работай. У 2010—2014 гадах распрацоўваліся тэмы «Суб’ектны падыход у развіцці прафесіяналізму педагогаў» і «Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў у сістэме павышэння кваліфікацыі». За перыяд 2010—2013 гадоў супрацоўнікамі было апублікавана 222 навуковыя і метадычныя працы, у тым ліку 10 манаграфій і падручнікаў.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Вышэйшыя навучальныя ўстановы Гродна Катэгорыя:Установы адукацыі Гродзенскай вобласці Катэгорыя:Інстытуты павышэння кваліфікацыі Катэгорыя:1944 год у Гродне Катэгорыя:Вуліца Гагарына (Гродна)