Вінцэнт Барткевіч (пол. Wincenty Bortkiewicz, 1776, Палессе, Свянцянскі павет (зараз - Пастаўскі раён - 1838, Нікольскае Смаленскай губерні) — удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 гадоў.
Біяграфія Удзельнічаў у кампаніі 1792 года. У паўстанні Касцюшкі 1794 года служыў артылерыйскім паручнікам і ўдзельнічаў у баях у Празе. Паранены ў гэтай кампаніі, трапіў у палон расійцаў. Пасля вызвалення вярнуўся на радзіму, кіраваў маёнткамі Пеліканы і Палессе ў Завілейскім павеце і займаў пасаду віцэ-маршалка дваранства.
Падчас Лістападаўскага паўстання Часовы камітэт паўстання даручыў яму камандаванне ўзброенымі сіламі ў акрузе. Удзельнічаў ва ўзяцці Вільні з 17 па 20 красавіка 1831 года. З-за значнай перавагі праціўніка, 4-5 мая 1831 года павёў войскі ў бок Дзісенскага павету, дзе перагрупаваў апалчэнне ў Лужках. 15 мая паспяшаўся пад Глыбокае на дапамогу Радзішэўскаму, але агульнай сітуацыі гэта не выратавала, таму разам з іншымі лідарамі адступіў у бок Жамойці 16 мая 1831 года. Вілейцамі працягваў камандаваць Радзішэўскі, у свянцянцаў і дзісненцаў Брахоцкі камандаваў пяхотай, а Барткевіч - кавалерыяй. Камандаваў аб'яднанай кавалерыяй трох акруг падчас сутычкі пад Качэргішкамі (21.05.1831), а таксама ў бітве пад Віжунамі (24.05.1831). Надалей паўстанцы падзяліліся: 25 мая Брахоцкі і Барткевіч рушылі насустрач польскаму генералу Гелгуду, і злучыліся з ім 12 чэрвеня.
У Жамойці далучыўся да корпуса Дэмбінскага, з якім дайшоў да Варшавы, дзе 9 жніўня 1831 года выконваў абавязкі маршалка на Віленскім сейміку па абранню дэпутатаў на сейм.
Пасля паразы паўстання вярнуўся ў Завілейскі павет. Быў арыштаваны і 9 студзеня 1832 года накіраваны ў вязніцу пры кляштары Святога Ігната ў Вільні. Следчая камісія залічыла яго 20 жніўня 1832 года да злачынцаў 1-й катэгорыі. За 16 месяцаў праведзеных у вязніцы Барткевіч расхварэўся, урэшце 1 кастрычніка 1833 года загадам імператара Мікалая І быў сасланы ў Волагду з захаваннем шляхецкіх правоў. 2 ліпеня 1832 накладзены секвестр на маёнткі Палессе і Пеліканы, які пазней зняты. У 1837 атрымаў дазвол перасяліцца ў Смаленскую губерню пад нагляд паліцыі, хутка пасля гэтага памёр.
Быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari 31 жніўня 1831 года за ўдзел у паўстанні.
Быў жанаты на Разаліі з Сулістроўскіх, дачцы Тадэвуша Сулістроўскага.
Спасылкі
Крыніцы Катэгорыя:Памерлі ў 1838 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1776 годзе Катэгорыя:Удзельнікі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года Катэгорыя:Паўстанне 1830—1831 гадоў