«Пасла́нне да латы́н з іх жа кніг» () — ананімны палемічны твор канца XVI стагоддзя, напісаны на старабеларускай мове.
Гісторыя Твор быў напісаны не пазней за 1582 год, верагодна, манахамі Супрасльскага манастыра. Ён з’явіўся адказам на кнігу езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). «Пасланне…» захавалася ў некалькіх спісах і было надрукавана ў 1903 годзе ў 19-м томе «Рускай гістарычнай бібліятэкі».
Змест і стыль Твор накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Аўтар, выкарыстоўваючы каталіцкія хронікі, працы рымскага гісторыка Марцэліна, лацінскіх тэолагаў Грацыяна, Плаціна і іншых, з сарказмам паказвае гісторыю папства. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні…» яны прадстаўлены як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты і антыхрысты. Аўтар сцвярджае, што ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай папы ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты.
Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, багатая на вобразныя выслоўі і параўнанні.
Значэнне «Пасланне да латын з іх жа кніг» стала важнай вяхой у развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, яго матывы і мастацка-стылёвыя сродкі пазней выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці такія пісьменнікі-палемісты, як Мялецій Сматрыцкі, Стафан Зізаній, Васіль Суражскі, І. Вішанскі і іншыя.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Палемічная літаратура Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Беларуская літаратура XVI стагоддзя Катэгорыя:Літаратурныя творы на старабеларускай мове Катэгорыя:Творы XVI стагоддзя