Макар Валынкін () — беларускі літаратурны блогер і пісьменнік.
Біяграфія Нарадзіўся ў 2000 годзе ў Мінску. Вучыўся ў мінскай школе № 41 з мастацкім ухілам, з дзяцінства займаўся жывапісам і выстаўляўся ў галерэях. Сярод захапленняў — хакей, бег (удзельнік паўмарафонаў) і культура кавы.
Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. У 2017 годзе паехаў на вучобу ў Варшаву, але ў 2018 годзе вярнуўся ў Беларусь. Працаваў у Мінску ў рэкламным бізнесе. У 2019 годзе заняў 3-е месца на чэмпіянаце Coffee Fest Belarus EXPO. У канцы 2019 года прынцыпова вырашыў перайсці на беларускую мову, за паўгода ўдасканаліў яе чытаннем сучаснай літаратуры.
У сакавіку 2022 года эміграваў у Польшчу, жыве ў Варшаве, працуе ў сферы рэкламы і маркетынгу.
З вясны 2022 года вядзе відэаблог у Instagram і сацыяльныя сеткі, у тым ліку TikTok, прысвечаныя навінкам беларускага кніжнага рынку і літаратурнай крытыцы, папулярызуе сучасную беларускую літаратуру. У аглядах распавядае пра папяровыя выданні і аўдыякнігі, акцэнтуе ўвагу на візуальных і зместавых складніках сучасных кніг.
Творчасць Дэбютная кніга «Апошняе пакаленне» выйшла ў 2024 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч», аповесць пра мінскую моладзь у рэаліях пасля 2020 года, якая спрабуе зразумець, як жыць і што для яе значыць будучыня, падзеі адбываюцца ў 2024 годзе ў Мінску. На кнігу адмоўна адгукнуўся Сяргей Дубавец.
Другая кніга — «Ніці» — выдадзена ў кастрычніку 2025 годзе выдавецтвам «Янушкевіч», аповесць, містычны дэтэктыў, дзе традыцыі і мясцовы фальклор пераплятаюцца з сучаснасцю, адзін з цэнтральных матываў твора — абрад «Ніці», пасля якога загадкава знікаюць нябожчыкі. Аповесць натхнёна спектаклем «Шэпт» паводле кнігі Сяргея Лескеця.
Актыўна выкарыстоўвае прафесійны досвед у маркетынгу для папулярызацыі ўласных твораў. Макар Валынкін адным з першых у беларускай літаратуры зняў паўнавартасныя відэаролікі да сваіх кніг. У трэйлеры да «Апошняга пакалення» зняўся тыктокер Мікіта Бялевіч, а ў ролі шаптухі ў відэа да кнігі «Ніці» — Народная артыстка Беларусі Зоя Белахвосцік. Мастачка і спявачка Анастасія Рыдлеўская стварыла саўндтрэк «Oj Da Nočy» да аповесці «Ніці». Аўтар ладзіць сустрэчы з чытачамі ў розных гарадах.
У сакавіку 2026 года беларускі суд дадаў кнігу Макара Валынкіна «Апошняе пакаленне» ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Прызнанне
Кніга «Апошняе пакаленне» ў 2025 годзе трапіла ў лонг-ліст Прэміі Ежы Гедройця. Рукапіс кнігі «Ніці» перамог у чытацкім галасаванні конкурсу «Шуфлядка».
Крыніцы
Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Відэаблогеры Беларусі