Ёйсіф Перл () — яўрэйскі асветнік, пісьменнік, выдавец, маскіл.
Біяграфія Нарадзіўся ў Цярнопалі (Украіна) ў заможнай сям’і. Атрымаў традыцыйную адукацыю і, паводле звычак таго часу, ажаніўся ў 14 год. У юнацтве захапляўся кабалой і быў гарачым прыхільнікам хасідызму. У далейшым наведваў па справах бацькі вялікія культурныя цэнтры і пазнаёміўся з дзеячамі гаскалы: Рапапортам, Крохмалем, Блохам і іншымі. Папоўніўшы веды самаадукацыяй, ён прысвяціў свае сілы і значныя грошы справе гаскалы.
У 1813 годзе ён заснаваў у Цярнопалі ўзорную 4-класную школу, дзе разам з яўрэйскімі прадметамі вывучаліся агульныя навукі. Ля школы ён паставіў рэфармісцкую сінагогу, дзе на святы гаварыў казанні на нямецкай мове. Перл амаль усё жыццё быў падданым аўстрыйскага імператара, толькі ў 1809-16 гг. яго родны горад знаходзіўся ў складзе Расіі. За дасягненні ў справе асветы Перл атрымаў залатыя медалі ад расійскага і аўстрыйскага ўрадаў. У 1819 годзе ён перадаў школу гарадской грамадзе, застаўся пажыццёвым дырэктарам.
Удзельнічаў у грамадскіх справах, па яго прапанове і з энэргічнай падтрымкай С. Л. Рапапорт заняў пост рабіна ў Цярнопалі (1838). Змагаўся з хасідскім рухам, бо лічыў яго галоўнай апорай абскурантызму. Гэтаму змаганню прысвечана амаль уся літаратурная дзейнасць Перла. Яму належаць сатыры «Мегале тэмірын» (1819) і «Богэн цодык» (1820-я). Значная частка яго спадчыны, уключаючы ўсе творы на ідышы, пры жыцці не друкавалася. Яго паслядоўнікі ў літаратуры — Лінецкі, Эртар — пісалі на ідышы і іўрыце.
Сын трымаў аптэку.
Творчасць Першая сатыра Перла з’явілася ў Вене ў 1819 г. за подпісам «Jacob Obadja ben Petachjah» і мела вялікі рэзананс. Перавыдана ў 1864 і 1881. Цынберг заўважае, што яна напісана па ўзоры «Epistolae obscurorum virorum» эпохі Адраджэння, парадзіруе стыль «Жыццяпісу Бал-шэм-това» і іншых хасідскіх выданняў. Перл дасціпнымі цытатамі з паважаных хасідамі кніг высмейвае цёмныя бакі іх жыцця. Сатыра ўяўляе вялікую каштоўнасць для вывучэння быту вядомай часткі яўрэяў таго часу. Яе працяг быў напісаны ў 20-я гады, апублікаваны ў 1838 г. у Празе, ён накіраваны не толькі супраць хасідызму, а супраць устарэлых бакоў яўрэйскага жыцця ўвогуле. Адпаведна поглядам першых маскілаў-«асветнікаў», Перл бачыў самы рацыянальны спосаб абнаўлення яўрэйскага жыцця ў стварэнні земляробчых калоній, у светлых фарбах ён апісвае побыт каланістаў на поўдні Украіны. Гэты твор не такі прадузяты, як першы — ён паказвае станоўчыя рысы хасідаў і адмоўныя маскілаў.
Змясціў артыкул у часопісе «Kerem Chemed», 2. Цікавы ліст Перла да аднаго з праціўнікаў С. Л. Рапапорта надрукаваны ў «Ha-Sehachar», 1869, 1—2. Ісак Маркус Ёст у працы «Гісторыя яўрэяў і іх сект» карыстаўся звесткамі нейкага Б. С. з Тарнопаля, якія атрымаў ад Перла.
У першай палове XX ст. архіў Перла ў яго родным горадзе вывучае І. Вайнлэз, знойдзеныя творы на ідышы склалі асобнае выданне (1937, ІВО Вільня). Некалькі твораў публікуе Сімха Кац у часопісе «ІВО блэтэр» у лістападзе-снежні 1938 года. Пасля вайны спадчына Перла з’яўляецца ў ізраільскіх часопісах: перапіска на ідышы, гістарычны раман «Антыгон», таксама на ідышы, драмы на дзвюх мовах.
Спасылкі Perl, Yoysef Крыніцы
Катэгорыя:Іўрытамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Украіны Катэгорыя:Выдаўцы Катэгорыя:Педагогі Катэгорыя:Пісьменнікі Аўстрыі