Шнур — даўняя беларуская мера (адзінка) плошчы, якая ўваходзіла ў дзяржаўную сістэму мер Вялікага Княства Літоўскага. Адзін шнур складаў 100 квадратных прутоў, што ў метрычнай сістэме адпавядае 0,237 га. Тры шнуры складалі адзін морг.
Семантыка і гісторыя У старабеларускай мове слова «шнур» набыло значэнні «зямельны ўчастак» і «сенажаць». У актавых дакументах фіксуюцца выпадкі перадачы або захопу зямель, якія вымяраліся ў шнурах:
«…с тых прычын десет шнуров зуполных по одинадцати моркгов давное померы волочное кгрунту пана Быховцового взявшы…» (1595). «Шнуры пашенные за нихъ нерадою пусто залегли, …а иншые шнуры сами ихъ милости собѣ вильчимъ правом позаберали…» (1644).
Сучаснае ўжыванне Метрычнае значэнне слова страцілася, аднак у сучаснай беларускай мове яно захавалася са значэннем «зямельны ўчастак» (паласа зямлі). Пісьменнікі выкарыстоўваюць яго для апісання поля:
«…перад вачыма шырылася, расплывалася ў шэрані змрокам і пачынала гойдацца рабаціннем шнуроў зямля» (Платон Галавач). «Няма і пядзі неахрышчанай зямлі шнуроў» (Максім Танк).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Гістарычныя адзінкі вымярэння Катэгорыя:Адзінкі вымярэння плошчы Катэгорыя:Беларуская сістэма мер