Аляксей Мартынёнак (нар. каля 1988, Мінск) — беларускі тэлевядучы, палітычны аглядальнік і прапагандыст. Супрацоўнік Агенцтва тэленавін (АТН) Белтэлерадыёкампаніі. Аўтар прапагандысцкага фільма «Чужое неба» (2025), матэрыялы для якога былі атрыманы шляхам увядзення ў зман герояў здымкі.

Біяграфія Нарадзіўся і вырас у Мінску. Вучыўся ў школе № 177 у сталічным мікрараёне Уручча. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце.

Працу на беларускім тэлебачанні пачаў у 2008 годзе на тэлеканале СТБ. Акрамя эпізадычных з’яўленняў у кадры, працаваў эканамістам фінансава-эканамічнага абгрунтавання. У 2016 годзе перайшоў на працу ў Агенцтва тэленавін (АТН) Белтэлерадыёкампаніі. Вёў перадачу «Пяць хвілін», удзельнічаў у розных спецпраектах. Станам на канец 2024 года займаў пасаду палітычнага аглядальніка ў аддзеле аглядальнікаў галоўнай дырэкцыі АТН.

Фільм «Чужое неба» У сакавіку 2025 года Мартынёнак выступіў у ролі аўтара сцэнарыя і рэжысёра прапагандысцкага фільма «Чужое неба», прысвечанага дыскрэдытацыі беларускай эміграцыі ў краінах ЕС. Прэм’ера стужкі адбылася 18 сакавіка 2025 года.

Згодна з расследаваннямі незалежных СМІ і сведчаннямі ўдзельнікаў фільма, здымкі большасці герояў (у прыватнасці, Уладзіміра Усера і Анатоля Вайцяхоўскага) адбываліся шляхам падману. Невядомыя асобы звязваліся з эмігрантамі, прадстаўляючыся актывістамі або супрацоўнікамі Офіса Святланы Ціханоўскай, і прасілі запісаць відэа пра цяжкасці жыцця за мяжой нібыта для атрымання грантавай дапамогі. Пасля прэм’еры Мартынёнак арганізаваў тур па беларускіх ВНУ (у тым ліку ў ГрДУ імя Янкі Купалы), дзе дэманстраваў фільм студэнтам. Адказваючы на пытанні пра метады збору матэрыялу, ён назваў падбор герояў «прафесійнай таямніцай».

Крыніцы

Катэгорыя:Тэлевядучыя Беларусі Катэгорыя:Прапагандысты Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі БДАТУ Катэгорыя:Супрацоўнікі Белтэлерадыёкампаніі Катэгорыя:Тэлевядучыя СТБ