Размарын (лац. Rosmarinus) – група роднасных відаў раслін, якая традыцыйна вылучалася як род сямейства ясноткавых, а ў цяперашні час лічыцца падродам роду Шалфей (Salvia). Паводле большасці класіфікацый, да яго адносяцца тры віды і два гібрыды (якія таксама натуральна сустракаюцца ў дзікай прыродзе), радзіма якіх - у Паўднёвай Еўропе і Міжземнамор'і. Выдзяленне ў асобны род перагледжана ў 2017 годзе, калі грунтоўныя генетычныя і малекулярныя даследаванні выявілі значна большую роднасць усіх відаў расліны з відамі роду Шалфей, чым было прынята лічыць дагэтуль.

Хмызняк з духмянымі, вечназялёнымі, ігольчастымі лісцем і блакітна-фіялетавымі, а часам белымі, ружовымі або сінімі кветкамі. Размарын – вельмі папулярная і здаўна культываваная спецыя, якая таксама выкарыстоўваецца для атрымання размарынавага алею (сыравіна для вырабу адэкалонаў і парфумаў, сярод іншага), выкарыстоўваецца ў медыцыне, высока цэніцца як меданос, а раней выкарыстоўвалася ў якасці паліва (у прыродным арэале), як народны сродак для паляпшэння памяці і ў якасці ўпрыгожвання і сімвалу падчас пахаванняў і вяселляў.

Назва паходзіць ад лац. rōs marīnus «марская раса», якое ў англійскай і некаторых іншых мовах было пераасэнсавана народнай этымалогіяй як «ружа Марыі» (англ. rosemary), чаму паспрыяў і блакітны колер, які, як правіла, маюць кветкі расліны і які традыцыйна лічыцца колерам Панны Марыі. Ужытак размарыну ў рэчы Паспалітай пашыраўся праз кляштары розных каталіцкіх ордэнаў, як і шматлікія міфы пра яго народна-хрысціянскага характару (асабліва марыйныя).

У кулінарыі выкарыстоўваюць духмянае свежае, а таксама высушанае, скручанае ў тонкія трубачкі лісце, пераважна, аднаго з відаў - размарына лекавага (Rosmarinus officinalis) і радзей - яго корань. Два іншыя віды - Salvia jordanii (ранейшая назва Rosmarinus eriocalyx) і Salvia granatensis.

Свежае лісце размарыну мае асабліва чысты і яскравы водар, які нагадвае складаную сумесь камфоры, эўкаліпта, сасны і лімона. У прыватнасці, ў польскай кухні (і роднасных кухнях краін былой Рэчы Паспалітай) размарын — традыцыйная спецыя для булёнаў, бігаса і таматных соўсаў. Ён таксама добра спалучаецца з жоўтым сырам, тушаным і запечаным мясам, рыбай і грыбамі. Шырока ўжываецца ў італьянскай кухні - пры выпечцы піцы, хлеба "факача", у розных супах, соўсах і гэтак далей.

З антычных часоў, размарын лічыўся сімвалам вернасці, чысціні, доўгай памяці. У шляхецкай культуры вянок з размарыну (як і з руты) быў традыцыйным элементам вясельнага ўбору маладой, а нябожчыкам у труну клалі галінкі размарыну.

У гады сусветнай вайны сярод польскіх легіянераў Пілсудскага стала вельмі папулярнай песня «О, мой размарын» (пол. O mój rozmarynie), якая спалучае народныя любоўна-лірычныя матывы з патрыятычнымі. Яна дагэтуль застаецца вельмі папулярнай на Віленшчыне.

Легенда пра кветку. Размарын // ·Радыё Марыя·27 Jul 2023 (YouTube)

Катэгорыя:Шалфей