Віктар Баляслававіч Дудкевіч (нар. 23 жніўня 1960, Браслаў, Віцебская вобласць) — беларускі майстар традыцыйнай культуры, разьбяр па дрэве, майстар гістарычнай драўлянай цацкі, мастак і дызайнер. Працуе ў Глыбоцкім доме рамёстваў на пасадзе метадыста разьбы па дрэве.
Біяграфія Нарадзіўся ў Браславе. У 1977 годзе скончыў сярэднюю школу г. Браслава. Вучыўся ў Кранштацкай мараходнай школе. Працаваў у Мурманску і Браславе. Пасля пераезду ў Глыбокае працаваў мастаком-афарміцелем на МКК.
У 1988—1991 гадах навучаўся ў Маскоўскім завочным народным універсітэце мастацтваў.
Творчая дзейнасць Віктар Дудкевіч займаецца даследаваннем і рэканструкцыяй традыцыйных беларускіх драўляных цацак. Вырабляе цацкі, драўляны посуд, абярэгі, фігуркі, працуе ў галіне жывапісу і графікі, адраджае старажытныя тэхнікі друку. Рэканструкцыяй старадаўніх промыслаў займаецца з 1984 года.
У 2012 годзе да Дня беларускага пісьменства стварыў рабочую рэканструкцыю драўлянага друкарскага станка ў натуральную велічыню.
У 2020 годзе традыцыі інсітнага (наіўнага) мастацтва Віцебскай вобласці, адным з прадстаўнікоў якіх з'яўляецца Віктар Дудкевіч, былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Педагагічная дзейнасць Вядзе гурток разьбы па дрэве ў Глыбоцкім доме рамёстваў, працуе з дзецьмі і моладдзю, мае ўласных вучняў.
Выставы Выстава карцін мастакоў Віктара Дудкевіча і Яна Рыдзіка ў Глыбоцкім доме рамёстваў (2009). Персанальная выстава «Вяртанне» (23 студзеня 2015), Малая зала Браслаўскага музея традыцыйнай культуры; прадстаўлена каля 50 работ (графіка, жывапіс, дробная драўляная пластыка, пейзажы Браслава, касцёлы Глыбоччыны, серыя дзіцячых драўляных цацак). Персанальная выстава «У кожнай хатцы — свае цацкі» (19 мая — 30 чэрвеня 2023), Навукова-даследчая ўстанова культуры «Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў», г. Браслаў.
Удзел у мерапрыемствах Пастаянны ўдзельнік міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу мастацкіх рамёстваў «Вясновы букет», свята сярэднявечнай культуры «Меч Брачыслава».
Культурныя ініцыятывы Ініцыятар і арганізатар «Свята лыжкі» ў Глыбокім, якое праводзіцца для выхаванцаў Дома рамёстваў і іх бацькоў.
Віктар Дудкевіч з’яўляецца ўдзельнікам і суаўтарам сувенірнай праграмы міжнароднага фэсту дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй». Для фэсту майстар вырабляе драўляныя медалі з выявамі дудароў, мініятурныя дуды, ёлачныя цацкі, а таксама механічныя фігуркі з дударамі.
Крыніцы Матэрыялы Глыбоцкага дома рамёстваў «Майстар з Глыбокага пакажа ў Браслаўскім музеі драўляныя дзіцячыя цацкі», Край.бай, 23.01.2015. Пра таленты і скарбы // Стужка «Афіцыйна Мінск», 03.02.2025
Спасылкі https://ethnoby.org https://cbs.okglub.by
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1960 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Браславе Катэгорыя:Народныя майстры Беларусі Катэгорыя:Постаці Глыбокага