Іцхак Ёіл Лінецкі () — яўрэйскі пісьменнік, перакладчык, журналіст, выдавец, маскіл. Сатырык і гумарыст, адыграў важную ролю ў станаўленні высокай літараітуры на ідышы.
Біяграфія Нарадзіўся ў хасідскай сям’і. Бацька быў у горадзе рабінам, фанатычна падтрымліваў мясцовага цодыка, гадаваў сына ў строга рэлігійным духу; акрамя Талмуда, Лінецкі вывучаў кабалістычную літаратуру. У 10 гадоў лічыўся вельмі разумным. Знаёмства з мясцовымі адкупшчыкамі (акцызнікамі) пасяліла ў ім цікавасць да асветы (гаскалы), таемна ён стаў чытаць свецкія кнігі на іўрыце, пачаў адыходзіць ад рэлігійных звычак, сумнявацца ў святасці цодыка. Бацька заўважыў змену ў сынавых паводзінах і вырашыў ажаніць яго. Лінецкаму тады было 14 год, а яго нявесце 12. Ён перадаў ёй ерэтычныя думкі. Тады бацька развёў іх, такі гвалт абурыў юнака, тады ўжо 16-гадовага. Ён стаў адкрыта падтрымліваць гаскалу і змагацца з хасідамі. Гэтым разам бацькі і жыхары горада перамаглі. Лінецкаму знайшлі другую нявесту, глухую.
Адзін раз уночы, калі Лінецкі ішоў цераз мост, некалькі маладых хасідаў, абвінаваціўшы яго ў абразе цодыка, напалі на яго і кінулі ў ваду. Ён лічыўся вельмі небяспечным, бо ведаў таямніцы хасідскага двара. Толькі шчаслівы выпадак уратаваў яго, а сябры звярнуліся ў паліцыю для аховы яго жыцця. Пры першай аказіі ён таемна ўцёк у Адэсу. Тут ён зарабляў урокамі старажытнаяўрэйскай мовы і старанна вывучаў рускую і нямецкую мову. Мясцовыя хасіды не давалі яму спакою. Адсюль ён адправіўся ва Уроцлаў, каб там за мяжой паступіць у рабінскую семінарыю. Але ягоная сям’я, дазнаўшыся пра гэта, звярнулася да іншага цодыка і Лінецкага арыштавалі ля самай аўстрыйскай мяжы, паблізу Наваселіцы, бацька забраў яго і павёз каяцца ў двор цодыка, садыгурскага рэбэ. Пасля гэтага Лінецкі вярнуўся дамоў.
Дома ён развёўся з другой жонкай і неўзабаве таемна паехаў у Жытомір, дзе тады быў цэнтр гаскалы, і паступіў у рабінскае вучылішча. Яму было ўжо 25 гадоў, а іншым вучням 12-13. Вучоба не працягвалася доўга, Лінецкі рашыў зарабляць грошы, пераважна літаратурнай працай. Тут ён блізка пазнаёміўся з Цвэйфелем, Слонімскім і іншымі вядомымі маскіламі, пазнаёміўся і пасябраваў з Голдфадэнам. У гэты час (1863) Лінецкі пісаў свой першы літаратурны твор, зборнік гумарыстычных вершаў на ідышы (надрукаваны ў 1869 г.). Большасць гэтага зборніка напісана ў вучылішчы, асобныя творы пазнейшыя. Лінецкі жыў у Кіеве, дзе працаваў настаўнікам, пісаў.
У Жытоміры ён закахаўся і ажаніўся трэці раз, пачаўся час яго вандраванняў з уласнай сям’ёй між гарадамі і вёскамі на поўдні Украіны (1864). Лінецкі працаваў настаўнікам, рахункаводам, на вінакурні, гандляваў на кірмашах. З канца 1864 года на працягу 2 гадоў ён быў супрацоўнікам адэскай газеты «Гамеліц», дэбютаваў у 46 выпуску. Спачатку пісаў на іўрыце. 28 лютага 1867 у часопісе «Коль мевасэр» упершыню друкуецца яго твор на ідышы, сатырычны допіс з Ніккапаля, а летам у часопісе з’явіліся першыя раздзелы з аповесці «Польскі хлопчык», або ў пазнейшых выданнях «Хасідскі хлопчык», што прынесла Лінецкаму славу. Усе слаі грамадства сталі выпісваць часопіс, каб убачыць працяг аповесці, нават самі хасіды, супраць якіх яна была скіравана. У той час Лінецкі жыў у мясцовасці між Херсонам і Сімферопалем, як толькі да яго дайшлі звесткі пра ўдачу аповесці, ён паехаў у Адэсу і запрасіў ганарар, але нічога не атрымаў. (Тады ў яўрэйскім друку яшчэ не плацілі аўтарам). У 1869 годзе аповесць выйшла асобнай кнігай.
Далей, у 70-я гады ён выдаў яшчэ рад сваіх твораў, якія лічаць слабейшымі. У 1875 годзе ён разам з Голдфадэнам выдаваў у Львове газету на ідышы «Ісролік», якая неўзабаве спынілася. Выпускаў календары, зборнікі анекдотаў і каламбураў. У 1878—1882 гг. ён гандляваў зернем у чарнаморскіх партах. У 80-я гады пад уплывам хвалі пагромаў Лінецкі мусіў спыніць гандаль, вярнуўся ў Адэсу, захапіўся ідэямі яўрэйскай эміграцыі ў Палесціну (Гібат Сіён), напісаў некалькі агітацыйных брашур, склаў даведнік па геаграфіі Палесціны. Ён заняўся перакладамі, але яны прыносілі малы даход. Без поспеху скончылася яго спроба выдаваць у Румыніі газету «National» (1886), яна друкавалася ў Баташанах, была закрыта пасля 21 нумара, а выдаўца дэпартавалі за межы краіны. Ён вярнуўся ў Адэсу, выдаў яшчэ некалькі мастацкіх твораў, друкаваў сатырычныя газеты-аднадзёнкі. Адным з першых пачаў гаварыць пра станоўчыя бакі старасвецкага жыцця, нават хасідызму. У 1890 годзе адбылося святкаванне яго юбілею і сябры выдалі юбілейны зборнік. З гэтага часу ён больш не вёў літаратурнай дзейнасці, быў забыты шырокай публікай.
Да 70-годдзя апублікаваў фантазію «Назад з кірмашу», якая мела аўтабіяграфічны характар (1909). Напярэдадні вайны друкаваўся ў газеце «Ундзэр лэбэн». Смерць яго была непрыкметнай. Пахаваны ў Адэсе на яўрэйскіх могілках з эпітафіяй уласнага аўтарства на іўрыце.
Сын — украінскі архітэктар Аляксандр Лінецкі.
Крыніцы
Літаратура М. Я. Пинес. История еврейской литературы. 1913 Борух Чубінскі. Linetski, Yitskhok-Yoyel, паводле: Biographical Dictionary of Modern Yiddish Literature (Leksikon fun der Nayer Yidisher Literatur). Vol. 5. New York: Marstin Press, 1963. p. 163-168.
Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Іўрытамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Украіны Катэгорыя:Перакладчыкі Катэгорыя:Выдаўцы Катэгорыя:Пісьменнікі Расійскай імперыі