Белару́ская правасла́ўная супо́льнасць Сусве́тнага (Канстанціно́пальскага) патрыярха́ту ў Ві́льні ў го́нар Дабраве́шчання Дзе́вы Мары́іСтаронка прыхода ў Фэйсбуку — беларускі праваслаўны прыход, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага (Сусветнага) патрыярхату. Створаны ў 2023 годзе ў Вільні (Літва) святарамі Беларускай праваслаўнай царквы (БПЦ), якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь з-за палітычнага пераследу. Царкоўнае жыццё супольнасці вядзецца цалкам на беларускай мове.

{ "type": "Feature", "properties": { "marker-color": "#d33", "marker-size": "medium", "title": "Віленская праваслаўная парафія Дабравешчання Дзевы Марыі" }, "geometry": { "type": "Point", "coordinates": [25.290318453972933, 54.68094515722207]

Гісторыя Перадумовамі да стварэння супольнасці сталі падзеі, звязаныя з палітычным крызісам у Беларусі і пачаткам ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Беларускія святары протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта, вядомы як аўтар відэаблога «Бацюшка адкажа», публічна асудзілі гвалт у 2020 годзе і вайну ў 2022 годзе. З-за ціску з боку ўлад і пагрозы крымінальнага пераследу яны былі вымушаныя эміграваць у Літву. Паколькі кіраўніцтва Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) падтрымала вайну, святары з маральных прычын не маглі заставацца ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату.

Паколькі РПЦ раней спыніла еўхарыстычныя зносіны з Канстанцінопалем, пераход паміж юрысдыкцыямі па стандартнай працэдуры з атрыманнем адпускной граматы быў немагчымы. У красавіку 2023 года святары звярнуліся да патрыярха Канстанцінопальскага Варфаламея з просьбай прыняць іх пад свой амафор. 6 красавіка 2023 года Сусветны патрыярхат, выступаючы як найвышэйшая апеляцыйная інстанцыя, афіцыйна прыняў іх у сваю юрысдыкцыю без адпускных грамат.

Кіраўніцтва Беларускага экзархата не прызнала гэты пераход. 11 красавіка 2023 года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін і архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній выдалі ўказы аб забароне Георгія Роя і Аляксандра Кухты ў служэнні на тэрыторыі БПЦ.

Развіццё і дзейнасць Першае богаслужэнне беларускай парафіі Сусветнага патрыярхату адбылося 16 красавіка 2023 года ў велікодную ноч. Яно прайшло ў памяшканні лютэранскай кірхі ў Вільні і сабрала каля 150 чалавек, у тым ліку часовую павераную ў справах Літвы ў Беларусі Асту Андрыяўскене. Падчас службы хор выканаў беларускі духоўны гімн «Магутны Божа», а таксама гучалі малітвы за найхутчэйшае сканчэнне вайны і рэпрэсій.

У лютым 2024 года Міністэрства юстыцыі Літвы афіцыйна зарэгістравала Праваслаўную царкву Літвы Канстанцінопальскага патрыярхату ў якасці традыцыйнай дэнамінацыі, што дало ёй права на атрыманне дзяржаўнага фінансавання і выкладанне рэлігіі ў школах. Экзархат узначаліў эстонскі ераманах Юстын. Агулам у новую структуру ўвайшлі дзесяць святароў і дзесяць мясцовых праваслаўных грамад, у тым ліку і беларуская супольнасць.

Царкоўнае жыццё супольнасці вядзецца цалкам на беларускай мове. Для набажэнстваў выкарыстоўваюцца пераклады, зробленыя беларускімі грэка-каталікамі і айцом Аляксандрам Надсанам. Акрамя таго, грамада сумесна з ініцыятывай «Хрысціянская візія» працуе над стварэннем уласнага праваслаўнага перакладу літургічных тэкстаў на беларускую мову. 25 снежня 2023 года парафія ўпершыню адзначыла Раство Хрыстова паводле новаюліянскага календара разам з большасцю памесных праваслаўных цэркваў свету.

Набажэнствы беларускай праваслаўнай супольнасці ў Вільні праходзяць у царкве, названай у гонар святога Лявонція Карповіча і размешчанай па вуліцы Бокшта (Bokšto g., 4). Таксама святочныя службы ладзіліся ў Рэфарматарскай царкве і ў храме Мікалая Цудатворца на Лукішках. Святары плануюць стварэнне нядзельнай школы, развіваючага цэнтра для дзяцей і рэалізацыю сацыяльных праектаў для беларусаў замежжа.

Віленская беларуская парафія займаецца даследаваннем і валанцёрскім доглядам беларускіх пахаванняў на Свята-Ефрасіннеўскіх могілках у Вільні. Дзякуючы намаганням супольнасці прыхода былі наноў знойдзены дзясяткі пахаванняў. Кожны год на Дзяды і Радаўніцу адбываецца прыбіранне і добраўпарадкаванне пахаванняў беларускіх дзеячоў на Ліпкаўскіх могілках.

У 2026 годзе, напярэдадні святкавання Дня Волі ў Вільні, парафіянамі была зноў знойдзена магіла беларускага праваслаўнага дзеяча міжваеннага перыяду — Усяслава Більдзюкевіча. Адразу пасля гэтага былі сабраны сродкі і далучыліся валанцёры для аднаўлення агароджы і прыбірання тэрыторыі.

Святарства

Станам на пачатак 2026 года духоўнае акармленне беларускай праваслаўнай супольнасці ў Вільні здзяйснялі два святары: протаіерэй Георгій Рой і іерэй Аляксандр Кухта.

Інцыдэнты У пачатку верасня 2024 года памяшканне беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні падверглася акту вандалізму. Уначы невядомыя абстралялі вокны царквы з пнеўматычнай зброі, у выніку чаго было пашкоджана шкло. Па факце здарэння літоўская паліцыя пачала расследаванне, а самі вернікі арганізавалі збор сродкаў на аднаўленне акна.

Гэты напад супаў з серыяй іншых правакацый супраць беларускай палітычнай эміграцыі. На працягу адных сутак аналагічным чынам былі выбітыя шыбы ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры, а таксама з’явіліся абразлівыя надпісы каля офіса дабрачыннай арганізацыі «Дапамога».

Міністэрства замежных спраў Літвы рашуча асудзіла гэтыя акты вандалізму ў дачыненні да беларускай грамады, афіцыйна заявіўшы, што яны ўчыненыя па «метадычцы КДБ», і запэўніла, што вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. Прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сіл і праваабаронцы таксама адзначылі, што інцыдэнт упісваецца ў шэраг інфармацыйных і фізічных правакацый (у тым ліку звязаных са штучным распальваннем канфлікту вакол «літвінізму»), якія арганізуюцца спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі і Расіі з мэтай дыскрэдытацыі эміграцыі і ўнясення расколу паміж беларусамі і літоўцамі.

Крыніцы

Катэгорыя:2023 год у Вільні Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Вільні Катэгорыя:Беларусы ў Вільні Катэгорыя:Канстанцінопальскі Патрыярхат