Дзіна Іванаўна Іванова () — беларуская спявачка (лірыка-драматычнае сапрана), педагог. Заслужаная артыстка БССР (1967).

Біяграфія У 1961 годзе скончыла Ленінградскую кансерваторыю. У 1962 годзе стала салісткай Петразаводскага музычнага тэатра. 3 1963 года працавала ў Бабруйскім музычна-драматычным тэатры, з 1965 года — у Магілёўскім абласным тэатры музычнай камедыі. У 1970—75 гадах была салісткай Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. У 1983—87 гадах — салістка Беларускай філармоніі. 3 1987 года выкладала ў Беларускай акадэміі мастацтваў (з 1999 года — прафесар).

Творчасць Валодае голасам шырокага дыяпазону, мае выдатныя драматычныя здольнасці. Сярод партый: Ірына, Агата («Пяе жаваранак», «Паўлінка» Ю. Семянякі), Сільва, Адэта Дарымонд, Мадлен, Тэадора Вердзье («Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра», «Прынцэса цырка» І. Кальмана), Зорыка і графіня Ілона («Цыганскае каханне» Ф. Легара), Чаніта і Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю. Мілюціна), Віялета Леблан («Халопка» М. Стрэльнікава). Аўтар кніг «Вакальнае выхаванне драматычнага акцёра» (2003), «3 вопыту беларускай тэатральнай школы» (2000) і інш.

Літаратура

Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Педагогі Беларусі Катэгорыя:Спевакі і спявачкі XX стагоддзя Катэгорыя:Сапрана