Міхл Лейві Фрумкін, у эміграцыі: Луі Радкінсон () — яўрэйскі выдавец, пісьменнік, публіцыст, арганізатар першага перакладу вавілонскага Талмуда на англійскую мову.Імя перадаецца тут з ідыша, ёсць іншыя спосабы перадачы. Біяграфія З сям’і хасідаў-хабаднікаў, брат выдаўца Ізроіл-Дова Фрумкіна. На пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці быў пабожным хасідам, потым перайшоў у лагер маскілаў. Імкнуўся спалучыць гаскалу і рэлігію. Пісаў на іўрыце. У 1873 годзе выдаў апакрыфічны зборнік легенд пра цодыкаў і дзівосныя здарэнні, біяграфіі галоўных хасідскіх цодыкаў. Меў адначасова дзвюх жонак. Служыў на біржы ў Пецярбургу, удзельнічаў у гандлі фальшывымі дакументамі, быў асуджаны на год зняволення і 1800 рублёў штрафу. Уцякаючы ад пакарання, выехаў за мяжу, у Прусію, затым у ЗША.

Выдаваў газеты на іўрыце і ідышы, якія дастаўлялі праз мяжу чытачам з рысы аселасці. У Караляўцы — іўрыцкую «Гакол» з дадаткам на ідышы «Кол лаам» (1876-79), пасля забароны абедзвюх газет расійскай цэнзурай першая вельмі нядоўга выходзіла пад назвай «Гацофэ», а другая — «Кэнігсбергер ізраеліт». У Берліне — штотыднёвік «Гамедабер», затым іўрыцкую «Гахозэ» з дадаткам на ідышы «Дэр анцэйгер» (1881-82). Збіраўся ўзнавіць у Гамбургу штотыднёвік на ідышы, які агітаваў бы за эміграцыю ў Амерыку.

У Нью-Ёрку жыў з 1889 года, змяніў імя і прозвішча, але імя потым вярнуў. Нядоўга выдаваў некалькі перыядычных выданняў на іўрыце. На працягу 1896—1903 гг. у яго рэдакцыі выйшаў з друку самы першы пераклад вавілонскага Талмуда на англійскую мову, які атрымаў супярэчлівыя водгукі. Перакладчыкам сталі лічыць Радкінсона, але ён не ведаў англійскай мовы, толькі арганізоўваў працу іншых, у прыватнасці, шмат пераклалі яго дзеці. У калектыў перакладчыкаў уваходзіў пляменнік Абрагам Фрумкін, некаторыя рабіны, вучні.

Памёр ад пнеўманіі 6 студзеня 1904 года, пахаваны 8 студзеня на могілках Temple Israel у вёсцы Гастынгс-он-Хадсан штата Нью-Ёрк, ля магілы жонкі Амеліі.

Напісаў даследчыя і палемічныя артыкулы, адкрыты ліст рабінам, пісаў наконт рэлігійнай рэформы, даследаваў крывавы паклёп, гісторыю тфілін.

Быў таленавітым, энергічным і спрытным, але не меў дастатковай адукацыі і цвёрдых прынцыпаў, — піша пра яго Яўрэйская энцыклапедыя Бракгаўза і Эфрона. Выдавецкая дзейнасць і рэдактарская праца Фрумкіна лічыцца няўдалай, журналісцкія артыкулы слабымі. Але яго выданнямі не варта пагарджаць: з ім супрацоўнічалі айцы-заснавальнікі прафесійнай яўрэйскай літаратуры XIX ст., а «Кол олам» у нейкі момант засталася адзінай газетай на ідышы, даступнай чытачам ва Усходняй Еўропе.

У ягоным выданні Талмуда шмат недакладнасцей і памылак, таксама скарачэнняў.

Сям’я Дзед па кудзелі, вядомы беларускі цодык Арон га-Леві Гурвіч (1766—1829) заснаваў уласную дынастыю ў Стараселлі, якая згасла пасля смерці яго сына Хаіма Рафаіла.

Маці — Радка Хая Гурвіч, у іншым вымаўленні: Родка (1802-47) — памерла рана. Да гэтага нарадзіліся як мінімум яшчэ два сыны: Залман-Навум і Ар’е-Цві-Гірш (Лейб), у 1822 і 24 гг.

Бацька — Сэндар Фрумкін (1799—1876), нарадзіўся ў Шклове, нашчадак Магарала пражскага, любавіцкі хасід, валодаў у Дуброўне фабрыкай па вытворчасці талесаў. У 1849 годзе ўзяў другую жонку Мар’яшу Рыўку Кісіну (1814—1900), з якой меў сына Ізроіл-Бэра, з 1860 года жыў у Эрэц-Ізраэль. Меў чатырох сыноў і дзвюх дачок.

Сыны: акцёр і драматург Макс, Норберт вёў бізнес у галіне гуказапісу (грамафон). Дачка Разамунда.

Літаратура Heller, M J. (2013). «'He should be called Sama’el': Michael Levi Rodkinson: The life and literary career of a Jewish scoundrel revisited». in: Further Studies in the Making of the Early Hebrew Book (pp. 195–215). Brill. Heller, M. J. (2013). «Deciphering the Talmud: The First English Edition of the Talmud Revisited. Michael Levi Rodkinson: His Translation of the Talmud, and the Ensuing Controversy.» in: Further Studies in the Making of the Early Hebrew Book (pp. 217–250). Brill. — гл. тэкст на seforimblog.com Rodkinson, Mikhl-Leyvi. Leksikon fun der nayer yidisher literatur

Заўвагі

Катэгорыя:Іўрытамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы паводле алфавіта Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі Катэгорыя:Прадпрымальнікі ЗША