Прастыр — ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння, размешчаны ў Пінскім раёне Брэсцкай вобласці (на мяжы з Украінай). Створаны пастановай Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 лютага 1994 года на плошчы 3 440 га з мэтай захавання эталоннага ўчастка прыродных балотна-лугавых угоддзяў з багатым раслінным і жывёльным светам, што ўключае шматлікія рэдкія віды флоры і фаўны Беларусі. У снежні 2011 года плошча заказніка павялічана да 9 544,71 гаПостановление Совета Министров Республики Беларусь от 2 декабря 2011 г. № 1642 О республиканском ландшафтном заказнике "Простырь".
Заказнік створаны ў межах буйнога нізіннага поймавага балота Прастыр у міжрэччы Прыпяці, Прастыра і Стыра. Мае статус водна-балотнага ўгоддзя міжнароднага значэння (Рамсарскай тэрыторыі) і тэрыторыі міжнароднага значэння важнай для птушак. З’яўляецца часткай перспектыўнай трансгранічнай асабліва ахоўваемай прыроднай тэрыторыі «Прастыр — Прыпяць — Стаход» (Беларусь — Украіна).
Ландшафт Заказнік уяўляе сабой апошні тыповы куток прыроды Заходняга Палесся, які захаваўся сярод змененых ландшафтаў. Уключае міжрэчча Прыпяці і Прастыра, поймы рэк Гнілая Прыпяць і Стыр. Рэльеф тэрыторыі ўяўляе сабой аднастайную плоскую поймавую тэрасу. Нягледзячы на тое што на значнай частцы тэрыторыі пракладзеныя асушальныя каналы, балотны масіў захаваўся ў блізкім да натуральнага стане. На тэрыторыі заказніка чаргуюцца забалочаныя лугі, адкрытыя асаковыя балоты, чаратовыя і трысняговыя зараснікі. Паміж гэтай забалочанай прасторы раскіданы невялікія сухія ўзвышшы («астравы») і цэлая сетка дробных азёр і старыц. Тэрыторыя моцна абводнена, у выніку чаго нават у засушлівыя гады рэдка даступна, а пры высокай вадзе непраходная.
Па структуры расліннасці заказнік уяўляе сабой буйное нізіннае поймавае балота, значная частка якога (каля 35 %) зарасла асакой і трыснягом. У месцы ўпадзення ракі Прастыр у Прыпяць зараснікі трыснягу дасягаюць вышыні 3 м. Лугавая расліннасць займае каля траціны тэрыторыі, пры гэтым пераважаюць поймавыя лугі, якія падчас звычайнай паводкі затопліваюцца на тэрмін да 2-3 месяцаў. Пазапоймавыя разнатраўна-злакавыя лугі знаходзяцца ў асноўным па малалікім мінеральным «астравам». Каля чвэрці заказніка занята хмызняком, сярод якога пераважаюць зараснікі вярбы ўздоўж рэчышчаў рэк і каналаў. Лясы, якія раней раслі на мінеральных «астравах» у цяперашні час амаль зніклі. Захаваліся невялікія ўчасткі чорнаальховых лясоў па левабярэжжы Прыпяці і берагах Гнілой Прыпяці.
На тэрыторыі заказніка выяўлена 11 тыпаў асабліва каштоўных раслінных згуртаванняў, сярод якіх найбольшую каштоўнасць маюць комплексы поймавых буйнаасаковых балот, а таксама ўчасткі карэнных балотных вялікаўзроставых сасновых лясоў, чорнаальховыя лясы на нізінных балотах, вялікаўзроставыя дубравы на мінеральных «астравах» сярод балот, высокаўзроставыя грабавыя, ясеневыя, асінавыя і бярозавыя лясы, карэнныя высокаўзроставыя яловыя лясы за мяжой суцэльнага распаўсюджання елкі.
Флора Флора заказніка з-за моцнай забалочанасці і абсалютнага дамінавання эўтрофных поймавых балот адрозніваецца адносна невялікай відавой разнастайнасцю. Тут выяўлены 525 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у тым ліку 8 відаў, што ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларусі (сальвінія плывучая, касач сібірскі, сіела прамая, пухірнік ягадны, крапіва кіеўская, гарлачык белы, аднацветка аднакветная, зубніца клубняносная).
Фаўна Фаўна заказніка ўключае 40 відаў жывёл, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Усяго тут адзначана каля 130 відаў птушак, 92 з якіх гняздзяцца. Тэрыторыя мае важнае значэнне для захавання папуляцый такіх відаў, як вяртлявая чаротаўка, драч, дубальт, малы арлец, чапля-бугай, пугач, малы пагоніч. Тут знаходзяцца дзве калоніі вялікай белай чаплі з агульнай колькасцю каля 30 пар.
Літаратура
Спасылкі Заказник "Простырь" Республиканский заказник "Простырь"
Катэгорыя:Ландшафтныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:Тэрыторыі, важныя для птушак Катэгорыя:Пінскі раён