Віцебскі звон — гістарычны звон, адліты ў 1605 годзе ў Рызе майстрам Гансам Маерам. З’яўляецца каштоўным помнікам гісторыі Віцебска. Знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Літве.

Апісанне Звон мае вагу каля 150 кг, вышыню 43 см і дыяметр 58 см. Стваральнік звана — майстар Ганс Маер (Hans Meier), які працаваў у Рызе ў другой палове XVI — пачатку XVII стагоддзя і належаў да вядомай сям’і ліцейшчыкаў званоў.

Па акружнасці верхняй часткі тулава, паміж аблямоўкамі з раслінным аб’ёмным арнаментам, размешчаны лацінскі надпіс:

У перакладзе: «Слова Гасподняе жыве вечна. Ганс Маер адліў 1605». Гэтая цытата з Бібліі (1 Пятр. 1:25) з’яўляецца дэвізам Рэфармацыі і ўказвае на прыналежнасць майстра да лютэранства.

На таліі звана ў чатыры радкі выгравіраваны надпіс на польскай мове з мяшчанскім гербам (гмеркам):

Пераклад: «Года 1605 дня 20 мая гэты звон перададзены царкве Святога Пятра, якая царква стаіць у Віцебску, перададзены ад Фёдара Пілімонавіча Мікіпора, і Цішка Міхаіла, і Лаўрына Фёдаравіча Вавул<ы> да славы Збавіцеля нашага».

Донар звана Федка Вавула (Мікіпора) быў заможным і ўплывовым віцебскім мешчанінам. У 1593 годзе ён згадваецца сярод паспалітых мешчан пры разборы канфлікту з коннымі мешчанамі. У 1605 годзе ён фігуруе як уладальнік струга на віцебскай мытнай заставе, што сведчыць пра яго сувязь са сплавам па Заходняй Дзвіне.

Гісторыя Звон быў ахвяраваны ў 1605 годзе царкве Святога Пятра, якая знаходзілася на пасадзе «Русь» за Заходняй Дзвіной (верагодна, у раёне сучаснага комплексу «Залатое кольца горада Віцебска „Дзвіна“»). Пазней драўляная царква магла быць пераўтворана ў мураваны храм Пятра і Паўла.

У час Віцебскага паўстання 1623 года звон віцебскіх цэркваў стаў сігналам да выступлення гараджан і забойства ўніяцкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча. Паводле рашэння камісарскага суда ад 22 студзеня 1624 года гарадскія і многія царкоўныя званы былі пакараны — іх загадалі пераліць у адзін вялікі звон для Прачысценскага сабора, аднак гэты звон царквы Святога Пятра змог пазбегнуць знішчэння.

Праз паўстагоддзя, падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, у 1655 годзе горад быў захоплены, і звон быў вывезены войскамі цара Аляксея Міхайлавіча ў якасці трафея. Аднак пазней яго выкупіла Канстанцыя Сакалінская, настаяцельніца кляштара бернардзінак пры касцёле Святога Міхаіла ў Вільні.

У 1886 годзе касцёл быў закрыты, а віцебскі звон перанеслі ў капліцу на могілкі Росы. У пасляваенны час могілкі і капліца знаходзіліся ў моцным заняпадзе, рэстаўрацыя пачалася толькі ў 1980-х гадах. У гэты прамежак часу звон невядомым чынам трапіў у прыватную калекцыю літоўскага музыканта і калекцыянера Рымаса Генюшаса (1920—2012). У красавіку 2006 года ён экспанаваўся на выстаўцы ў Літоўскім музеі тэатра, музыкі і кіно. Пасля смерці ўладальніка звон працягваюць захоўваць яго спадчыннікі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Званы Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Віцебска Катэгорыя:Гісторыя Вільні Катэгорыя:Званы Літвы Катэгорыя:Творы 1605 года