Марыя Твардоўская з Скірмунтаў (; , Шаметаўшчына, Свянцянскі павет ці Моладава, Кобрынскі павет — , Велясніца, Пінскі павет) — батанік, даследчыца флоры Беларусі, складальніца гербарных збораў рэдкіх відаў раслін беларускага ПалессяChłapowski Francziszek. Maria Twardowska z Skirmuntów. Notka biograficzna. Poznań: Towarzystwo Przyjaciół Nauk Poznańskie, 1908.Maria Korybut-Marciniak, Głosy uwięzione w zielnikach. Zapomniane badaczki flory litewskiej w XIX wieku, w: Życie prywatne Polaków w XIX wieku. «W zwierciadle rzeczy», t. X, red. J. Kita, M. Korybut-Marciniak, Łódź — Olsztyn 2022, s. 173—192..
Біяграфія
Раннія гады. Вучоба Нарадзілася ў сям’і Канстанціна Скірмунта і Габрыэлі з Умястоўскіх, уладальнікаў маёнтка Шаметаўшчына ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні (цяпер вёска Шэметава, Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Тут правяла дзяцінства разам са сваімі малодшымі братамі Казімірам і Баляславам, а таксама сястрой Юзэфай. Бацькі клапаціліся пра адукацыю дзяцей, гэтаму служыла і багатая бібліятэка, сабраная Канстанцінам Скірмунтам.
Атрымала хатнюю асвету. Асаблівую ўвагу надавалі вывучэнню замежных моў, брала ўрокі французскай і нямецкай. Дзякуючы дапамозе брата Казіміра яна таксама авалодала грэчаскай і лацінскай мовамі, што пазней паспрыяла развіццю яе батанічных інтарэсаў.
Дасягнуўшы паўналецця, паступіла на Вышэйшыя курсы для жанчын у Кракаве, якімі кіраваў Адрыян Бранецкі. Пачала навучанне на прыродазнаўчым факультэце, курс якога ўключаў заняткі па астраноміі, фізіцы, хіміі, батаніцы, заалогіі, мінералогіі і гігіене. Таксама запісалася на дадатковыя заняткі ў Эдварда Францішка Янчэўскага (1846—1918), прафесара Ягелонскага ўніверсітэта, аўтара прац у галіне анатоміі раслін і складальніка гербарыя жамойцкай флоры. Верагодна, менавіта ён развіў у ёй захапленне стварэннем гербарных калекцый. Веды, атрыманыя падчас курсаў і прыватных заняткаў, адкрылі перад ёй магчымасці навуковага апісання флоры. Побыт у Кракаве працягваўся тры гады. Пасля заканчэння вучобы вярнулася дамоў.
Шлюб 8 ліпеня 1880 года ў Шэметаўшчыне адбыўся яе шлюб з Юзафам Твардоўскім, унукам перадапошняга рэктара Віленскага ўніверсітэта Юзафа Твардоўскага, уладальнікам зямель у Пінскім павеце і гаспадаром Вялесніцы, там пасля шлюбу і пасяліліся маладыя. Сядзіба ў Вялесніцы на рацэ Ясельдзе была акружаная разлівамі і мела вельмі цікавы з батанічнага пункту гледжання мясцовы ландшафт. Марыя Твардоўская даследавала бліжэйшы парк і наваколле маёнтка ў пошуках раслінных узораў, назірала за прыродным асяроддзем і чытала спецыяльную літаратуру. У 1884 годзе Юзаф Твардоўскі перанёс параліч і да канца жыцця быў інвалідам. Абавязкі кіравання маёнткам і догляду за мужам ляглі на Марыю Твардоўскую. Аднак яна таксама працягнула даследаванні мясцовай флоры.
Нягледзячы на шматлікія абавязкі, яна знаходзіла час для чытання навуковых прац па батаніцы. Яна сістэматычна збірала і апісвала расліннасць у маёнтках, дзе часцей за ўсё знаходзілася — у Вялесніцы і Шаметаўшчыне. Таксама ў 1896—1897 гадах праводзіла даследаванні сасудзістых раслін у Мазырскім павецеTwardowska ze Skirmuntów Marya. Notatki florystyczne z powiatu mozyrskiego. Poznań: Towarzystwo Przyjaciół Nauk Poznańskie, 1898. .
Даследаванні і публікацыі Вынікі сваіх назіранняў і артыкулы па прыродазнаўстве яна пачала публікаваць у варшаўскіх часопісах: навукова-папулярным «Wszechświat» і навуковым «Pamiętnik Fizjograficzny». Тэксты Твардоўскай у «Wszechświat» адрозніваліся шырокай тэматыкай. Яна не абмяжоўвалася толькі батанікай, часта гэта былі каментарыі да даследаванняў і паведамленняў еўрапейскіх прыродазнаўцаў. Апісвала вынікі навуковых эксперыментаў, публікавала, напрыклад, матэрыялы пра выкарыстанне раслін у вытворчасці (у тым ліку каўчуку), а таксама вынікі ўласных даследаванняў айчыннай флоры. За час супрацоўніцтва з часопісам было надрукавана 86 яе тэкстаў.
У «Pamiętnik Fizjograficzny» яна апублікавала 11 артыкулаў, у якіх прадстаўляла вынікі даследаванняў і назіранняў, што праводзіла з 1883 года. У 1907 годзе, ужо пасля яе смерці, у гэтым навуковым выданні выйшаў апошні артыкул Твардоўскай, прысвечаны характарыстыцы гербарыя прафесара фармакалогіі Імператарскага Віленскага ўніверсітэта — Яна Фрыдэрыка Вольфганга (1775—1859).
Марыя Твардоўская таксама супрацоўнічала з фларыстычным выданнем «Flora Polonica Exsiccata», якое выходзіла ў Львове. Яна дасылала туды сабраныя, апісаныя і вызначаныя ёю расліны з ваколіц Пінска. Адна з раслін, дасланых у Львоў, аказалася раней невядомым відам ястрабца, які быў апісаны пад назвай Hieracium twardowskianum. Даследчык ястрабцоў Уладзіслаў Дыбоўскі лічыў гэты від вельмі цікавым.
За два дзясяткі гадоў ёю былі сабраны вельмі рэдкія для Беларусі віды раслін (Каменяломнiк балотны, Ятрышнік дрэмлік, Венерын чаравічак сапраўдны і інш.), некаторыя з якіх у цяперашні час на Беларусі больш не сустракаюцца. Акрамя дзікарослых відаў, даследчыца вывучала пустазельныя расліны, тыя, што культываваліся, а таксама заносныя віды раслін, якія знаходзіла ў населеных пунктах, паблізу дарог і чыгуначных станцый. Даследчыца цікавілася і іншымі групамі жывых арганізмаў. Так, яна апублікавала спіс з 45 слізевікоў, знойдзеных у Віленскай губерні (1885), стала аўтарам некалькіх нарысаў-назіранняў аб жыцці баброў.
Адным з найважнейшых дасягненняў Марыі Твардоўскай стала прыняцце яе ў Фізіяграфічную камісію Акадэміі ведаў у Кракаве. У 1904 годзе камісія прыняла яе як супрацоўніцу, яна стала першай жанчынай у гэтым коле.
Яна актыўна дзейнічала разам з Канстанцыяй Скірмунт у Каталіцкім дабрачынным таварыстве ў Пінску, якое апекавалася галоўным чынам беднымі дзецьмі. Таксама ўдзельнічала ў таемным навучанні, пра што сведчаць адукацыйныя публікацыі, адрасаваныя жыхарам вёскі, у тым ліку накіраваныя супраць ужывання алкаголю.
Памерла 24 кастрычніка 1907 года і была пахавана ў Пінску на старых каталіцкіх могілках.
Спадчына
Свой гербарый завяшчала Таварыству аматараў навук у Познані (Польшча), а шматлікія дублеты яе гербарных збораў захоўваюцца цяпер у многіх еўрапейскіх краінах: у Львоўскім нацыянальным універсітэце імя Івана Франка, у Музеі натуральнай гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, у Шведскім музеі натуральнай гісторыі ў Стакгольме, а таксама ў Батанічным музеі ў Берліне. Найбольшая з захаваных калекцый знаходзіцца ў Музеі натуральнай гісторыі ў Лондане. У гербарыі Універсітэта Паўночнай Караліны захоўваецца калекцыя з 47 грыбоў, сабраная Марыяй Твардоўскай.
Крыніцы
Катэгорыя:Батанікі Беларусі Катэгорыя:Памерлі ў Пінскім раёне Катэгорыя:Скірмунты