Традыцыі вырабу і выкарыстання касцюма лелікаўскай свахі — элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, лакальная традыцыя, якая сфарміравалася ў вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Уяўляе сабой комплекс ведаў і навыкаў па стварэнні ўнікальнага жаночага святочнага вясельнага касцюма.

Паходжанне Традыцыі вырабу і выкарыстання строю з’яўляюцца выдатным мастацкім узорам, маюць значнасць з пункту гледжання гісторыі, этналогіі і культуры. Строй існаваў да сярэдзіны 20 стагоддзя ў жывым выглядзе. Уяўляе сабой мастацкі вобраз, змястоўная каштоўнасць якога цесна звязана з яго функцыямі. Сёння для носьбітаў і спажыўцоў традыцыі актуальнымі з’яўляюцца функцыя сацыяльнай інтэграцыі, трансляцыі лакальных каштоўнасцей, этнічная, дэкаратыўна-мастацкая, памятна-культурная, выхаваўчая. У вясельным абрадзе ўдзельнічаюць прадстаўнікі розных пакаленняў. І роля свахі заключаецца не толькі ў кіраўніцтве вяселлем, але песнямі, жартамі, танцамі яна аб’ядноўвае ўдзельнікаў. Абрад лелікаўскага вяселля спрыяе яднанню родаў жаніха і нявесты. Функцыя трансляцыі лакальных каштоўнасцей і сэнсаў звязана з перадачай традыцыі ад пакалення да пакалення, і тут таксама немагчыма пераацаніць ролю свахі ў захаванні культурна-гістарычнай сувязі паміж пакаленнямі. Функцыя этнакультурнага самасцвярджэння: лелікаўцы беражліва захоўваюць асаблівасці рэгіянальнай культуры, тым самым ажыццяўляюць самасцвярджэнне ў этнакультурнай прасторы. Дэкаратыўна-мастацкая функцыя найбольш ярка выражаная і дзейсная для нашага часу. Касцюм свахі ўяўляе сабой цэласны мастацкі ансамбль, які нясе пэўны вобразны змест, абумоўлены прызначэннем і традыцыямі. Яго ўтвараюць гарманічна ўзгодненыя прадметы жаночага адзення, упрыгожванні, абутак, прычоска, галаўны ўбор. Асаблівая прывабнасць элемента складаецца ў змесце, у мілых сэрцу многіх нашых сучаснікаў рысах мінулага, нязменна дарагога. Яго абнаўляюць, не змяняючы характару арыгінала — тая ж форма, тыя ж матывы, толькі функцыі сталі іншымі — культурна-памятнымі. Выхаваўчая функцыя элемента рэалізуецца праз выхаванне павагі да гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна і багатай спадчыны нашых продкаў. Носьбіты элемента ў сваіх інтэрв’ю адзначаюць мастацка-дэкаратыўную і культурна-памятную функцыі, функцыю этнакультурнага самасцвярджэння

Апісанне Вёска Лелікава знаходзіцца на паўднёвым захадзе Кобрынскага раёна ў 47 кіламетрах ад Кобрына на тэрыторыі Дзівінскага сельсавета, які знаходзіцца на мяжы з Украінай — на скрыжаванні беларускай і ўкраінскай культур. Сама назва вёскі паходзіць ад украінскага слова «лэлэка» (бусел), аб чым сведчыць паданне/ Фарміраванне культурнага ландшафту пачалося з 16 стагоддзя. Вёска ўпамінаецца ў 1546 г. на тэрыторыі Ратненскага павета Каралеўства Польскага. На матэрыяльную і духоўную культуру мясцовых жыхароў накладвалі адбітак прыродна-кліматычныя ўмовы — замкнёнасць тэрыторыі існавання ў натуральных межах рэк, балот і лясоў, што садзейнічала фарміраванню лакальнай мастацка-культурнай традыцыі. Захавальнікамі традыцый вырабу і выкарыстання народнага адзення, у тым ліку касцюма лелікаўскай свахі, з’яўляюцца сяляне, жыхары вёскі Лелікава Кобрынскага раёна. Ткаць, вышываць, плесці карункі з маленства вучылася кожная сялянская дзяўчынка. На Кобрыншчыне, у тым ліку і ў в. Лелікава, Павіцце захаваўся найбольш архаічны пласт народнага адзення, дзе яно актыўна ўжывалася да 1930-х гг. Адзенне звычайна шылася ўручную з натуральных матэрыялаў, у асноўным ільняных і шарсцяных саматканак. Яно было камфортным і зручным, гарманічна спалучалася з сялянскім інтэр’ерам і прыродным асяроддзем. Стагоддзямі апрацаваны крой з прамавугольных полак тканіны быў простым і рацыянальным, у той жа час ён падкрэсліваў зграбнасць фігуры і маскіраваў яе недахопы. З 1939 года Лелікава апынулася на тэрыторыі БССР, што часткова абумовіла новы штуршок у развіццці традыцый вырабу і выкарыстання народнага адзення, у тым ліку і касцюма лелікаўскай свахі. У гэты час у народным адзенні зменшылася колькасць тканых элементаў, атрымалі пашырэнне аплікацыя, вышыўка крыжыкам, выкарыстанне фабрычных тканін. У строі лелікаўскай свахі таксама адбыліся змяненні. Усе часткі строю цяпер шыюцца з баваўняных фабрычных тканін — паркалю, саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй. Няўмольны час і ваенныя ліхалецці мянялі культурны ландшафт мясцовасці, не пашкадавалі шматлікіх помнікаў народнай традыцыйнай культуры, шэдэўраў самабытнай народнай творчасці. Патрабаваліся многія гады напружанай стваральнай працы, каб прывесці да ладу разбураную гаспадарку пасля Вялікай Айчыннай вайны, аднавіць вёску, раскрыць і рэалізаваць творчы патэнцыял насельніцтва. У гэтых умовах устойлівыя этнакультурныя традыцыі, уласцівыя лелікаўцам, адыгрывалі выключную ролю: яны служылі свайго роду энергетычным рэсурсам, зыходным «капіталам», што дапамагаў адрадзіць гаспадарку і культуру, наладзіць нармальнае жыцце, выжыць у экстрэмальных умовах і захаваць сябе як этнас. На 01.11.2017 года ў вёсцы Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці 236 гаспадарак, 3 крамы, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, пошта. Вёска налічвае 553 жыхары. Строй лелікаўскай свахі захоўваецца ў прыватных калекцыях, у музеі Лелікаўскай школы і этнаграфічным пакоі Дома культуры. Мясцовыя славутасці: помнік архітэктуры 18 стагоддзя — Дзмітрыеўская царква. Помнік на ўшанаванне памяці 39 землякоў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. У 2007 годзе на сродкі Івана Панасюка пабудаваны тэнісны корт. Іван Панасюк — навасібірскі прадпрымальнік, які ўзначальвае Беларускагі культурна-асветніцкі Цэнтр імя Святой Ефрасінні Полацкай у Навасібірску. Вёска Лелікава — унікальная мясціна, куды новае прыйшло ў выглядзе тэніснага корта, Інтэрнэта, сайдынгу на дамах, але і старое з яго вышыванкамі, тканым палатном, тараканскай гаворкай і традыцыямі вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі не адпускае заваяваных пазіцый. Традыцыйнае народнае адзенне гарманіруе з пануючым тыпам твару і фігуры мясцовых жанчын

Сучасны стан Дыяхронная (традыцыйная) мадэль перадачы элемента ад пакалення да пакалення (ад старэйшых да малодшых) ажыццяўляецца ўнутры супольнасці. Жыхары вёскі Лелікава (Пётр Шапяцюк, Анастасія Шапяцюк, Ганна Жук і інш.) жывуць у лакальнай культуры з дзяцінства і ад нараджэння ўспрымаюць ўсе яе формы, удзельнічаюць ў іх натуральным сацыяльным існаванні. Дыяхронная (традыцыйная) мадэль перадачы элемента назіраецца таксамаў сям’і. Узімку пры лучыне пралі воўну і кудзелі з ільну і каноплі. Ткалі на кроснах палатно на адзенне ўсёй сям’і, мялі авечыя скуры на кажухі і шапкі. Жанчыны шылі адзенне, мужчыны валялі валёнкі ды шылі кажухі. Пры гэтым вяліся бясконцыя размовы, спяваліся песні, гучалі байкі, казкі ды паданні. А малыя дзеці сядзелі на печы ды ўважліва слухалі гэтыя апавяданні. Веды аб традыцыях вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна атрымалі ў сям’і носьбіты традыцыйнай культуры в. Лелікава Шапяцюкі Петр і Анастасія, Мікалай і Марыя Трубчыкі, Ніна Шкурская, Ганна Жук і іншыя. Напрыклад, бабуля Ганны Нікандраўны Жук вырабляла адзенне, рабіла каробачкі і брыжы. Раней брыжы шылі ўручную: "Ганначка на ўсё гэта глядзела і вучылася."Анастасія Шапяцюк вучылася традыцыям вырабу адзення лелікаўскай свахі ў сваіх старэйшых сясцёр. У цяперашні час унучкі Шапяцюкоў маюць магчымасць вывучаць і маляваць складнікі строю лелікаўскай свахі, сачыць за тым, як іх бабуля вырабляе новы галаўны ўбор. Сінхронная мадэль перадачы элемента ажыццяўляецца праз установы культуры і адукацыі: Лелікаўскі Дом культуры, Лелікаўскую публічную інтэграваную бібліятэку, Дзівінскі Дом рамёстваў, праз Лелікаўскую і Павіццеўскую школы, праз сродкі масавай інфармацыі. Пераемнасць традыцый ад старэйшых захавальнікаў спадчыны ажыццяўляецца праз работу з таленавітымі дзецьмі па навучанню тэхналогіі вырабу строю ў гуртках пры Дзівінскім Доме рамёстваў. Пры Лелікаўскім Доме культуры працуе дзявочы фальклорны гурт. Пад кіраўніцтвам Анастасіі Ігнацьеўны Шапяцюк дзяўчаты зрабілі рэканструкцыю вясельнага абрада «посільшчына», які дэманстраваўся ў час раённых фальклорных фэстаў. Пры Дзівінскім Доме рамёстваў дзейнічаюць гурткі па саломапляценню, ткацтву, пляценню паясоў, вышыўцы і роспісу па дрэве. Ёсць невялічкі музей, дзе можна ўбачыць ручнік 1930 г., касцюм лелікаўскай свахі, традыцыйнае адзенне вясковых жанчын. Тут сабраны ўзоры мясцовага ткацтва, вышыўкі, роспісу па дрэву і шклу. Майстры-метадысты Дома рамёстваў займаюцца зборам краязнаўчых матэрыялаў і адраджэннем традыцыйнай культуры. Захоўваюць і развіваюць мясцовыя рамёствы, ладзяць майстар-класы, вырабляюць сувенірную прадукцыю на аснове мясцовых тэхналогій і арнаментаў. Дом рамёстваў актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх выставах дэкаратыўна -прыкладнога мастацтва. У Доме рамёстваў створаны фальклорны гурт, у якім удзельнічаюць майстры-метадысты і носьбіты традыцыйнай культуры. Рэпертуар калектыву складаецца з аўтэнтычных мясцовых песень і абрадаў, якія засталіся ў спадчыну ад бабуль і матуль. Такім чынам, у гэтай установе культуры створаны ўсе ўмовы для вывучэння, захавання і пераемнасці традыцый вырабу і выкарыстання строю лелікаўскай свахі.

Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь 10 мая 2018 года аб’ект уключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Крыніцы

Інвентар НКС — інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. living-heritage.by. Праверана 10 сакавіка 2026.

Катэгорыя:Беларускі касцюм Катэгорыя:Вяселле Катэгорыя:Культура Кобрынскага раёна Катэгорыя:Лелікава