Юозас Габрыс-Паршайціс (вядомы таксама як Юозас Габрыс, Іосіф Паршайціс, , выкарыстоўваў псеўданімы Inorodetz, Kareivis, C. Rivas; ) — літоўскі палітык, дыпламат, юрыст, журналіст, рэдактар, грамадскі дзеяч і даследчык літоўскай літаратуры. Ён атрымаў найбольшую вядомасць дзякуючы спробам распаўсюдзіць на Захадзе ідэю незалежнасці Літвы падчас Першай сусветнай вайны. Як выдавец шэрагу этнаграфічных карт, ён адыграў значную ролю ў прапагандысцкім абгрунтаванні максімальных межаў літоўскай дзяржавы на міжнароднай арэне.
Біяграфія Нарадзіўся ў мястэчку Гарлява Марыямпальскага павета Сувалкаўскай губерні ў сялянскай сям’і Казіміра і Ганны Паршайцісаў. У 1887—1889 гадах вучыўся ў пачатковай школе ў Гарляве, затым з 1890 па 1899 год — у гімназіі ў Марыямпалі. У 1896 годзе стварыў тайны вучнёўскі гурток, які распаўсюджваў выданні «Varpas» («Звон»), «Ūkininkas» («Гаспадар») і «Tėvynės sargas» («Вартаўнік айчыны»). Гэты гурток падтрымліваў сувязі з навучэнцамі настаўніцкай семінарыі ў Вейвярэй і духоўнай семінарыі ў Сейнах. У 1899 годзе расійскія жандары раскрылі арганізацыю, у настаўніка Я. Ясайціса былі знойдзены зашыфраваныя лісты. Габрыс быў арыштаваны і выключаны з восьмага класа гімназіі без права аднаўлення. Пасля шасці месяцаў зняволення ў турме ў Калварыйскім павеце ён быў высланы ў Расію на тры гады. У 1903 годзе ў Адэсе здаў іспыты на атэстат сталасці і паступіў у Імператарскі Наварасійскі ўніверсітэт (Адэскі ўніверсітэт), юрыдычны факультэт якога скончыў у 1907 годзе. У 1900 годзе таксама дапамагаў у арганізацыі літоўскага аддзела на Сусветнай выставе ў Парыжы.
Падчас рэвалюцыі 1905—1907 гадоў перапыніў вучобу і вярнуўся ў Літву. У 1905 годзе быў сакратаром Вялікага Віленскага сейма і адным з рэдактараў і распаўсюджвальнікаў яго рашэнняў. Ён далучыўся да Літоўскай дэмакратычнай партыі і быў абраны членам яе цэнтральнага камітэта. Дзейнічаў як арганізатар саюзаў настаўнікаў і сялян. У кастрычніку 1905 года стварыў узброены атрад у Сувалкіі, які закрываў расійскія школы і змагаўся з паліцыяй. Падчас сутыкнення з утрая большым атрадам расійскай паліцыі на беразе ракі Шашупе быў цяжка паранены ў галаву і правую руку. Ад жандараў яго выратавалі сяляне Стрымайціс і браты Балтусяй, якія пазней былі сасланы ў Сібір на дзесяць гадоўLietuvos albumas. Janina Markevičaitė, Liudas Gira, Adomas Kliučinskis — Kaunas / Otto Elsner, Berlin, 1921. — P. 311.. Пасля выздараўлення некаторы час з’яўляўся фактычным рэдактарам газеты «Ūkininkas».
Дзейнасць у эміграцыі і прапагандысцкая праца З-за пераследу паліцыі збег у Парыж, затым у Швейцарыю, дзе паступіў на юрыдычны факультэт Лазанскага ўніверсітэта. У 1906 годзе на кароткі час вяртаўся ў Літву пасля роспуску Першай Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі дзеля рэвалюцыйнай працы, але неўзабаве зноў з’ехаў у Адэсу, дзе атрымаў дыплом першай ступені пры падтрымцы генерала літоўскага паходжання. У Сарбоне з 1907 па 1911 год ён вывучаў літаратуру і гісторыю, а таксама эканоміку і сацыяльныя навукі.
У лютым 1911 года заснаваў у Парыжы Літоўскае інфармацыйнае бюро () пры фінансавай падтрымцы амерыканскіх літоўцаў. У ліпені 1911 года на кангрэсе прыгнечаных народаў у Лондане прадставіў мемарандум як прадстаўнік Літвы і выступіў з лекцыямі па гісторыі. Каб зрабіць уражанне на французскае грамадства, пачаў называць сябе «графам дэ Гарлява»Juozas Skirius. Juozas Gabrys-Paršaitis. Visuotinė lietuvių enciklopedija, T. VI. — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. 313 psl.. З 1912 года ўдзельнічаў у стварэнні Саюза народаў () у Парыжы і стаў яго сакратаром. У чэрвені 1914 года разам з ксяндзом Мацеюсам Густайцісам збіраў сродкі ў ЗША для інфармацыйнага бюро. У верасні ўдзельнічаў у агульным з’ездзе літоўцаў у Чыкага, дзе былі створаны Фонд нацыі і Літоўскі нацыянальны савет. Вярнуўшыся ў Парыж, выдаваў часопіс «Pro Lituania» на французскай і англійскай мовах.
З пачаткам нямецкай акупацыі Літвы ў 1915 годзе пераехаў у Лазану. У гэты перыяд, паводле даследчыкаў, ён быў завербаваны нямецкім Міністэрствам замежных спраў () і стаў адным з ключавых дзеячаў «Лігі змежных народаў Расіі» () — арганізацыі, створанай пры падтрымцы Германіі з мэтай паслаблення Расійскай імперыі праз падтрымку нацыянальных рухаў. Яго дзейнасць фінансавалася як літоўскімі эмігрантамі, так і нямецкім урадам. Нягледзячы на тое, што ён быў інструментам нямецкай прапаганды, сам Габрыс імкнуўся скарыстаць гэтую сітуацыю на карысць літоўскай незалежнасці.
Картаграфічная спадчына Асаблівую ролю ў дзейнасці Габрыса адыгрывала выданне геаграфічных і этнаграфічных карт, якія разглядаліся ім як магутны палітычны інструмент для прасоўвання літоўскіх інтарэсаў і абароны іх на міжнародных мірных канферэнцыях. Ён з’яўляецца аўтарам або ініцыятарам стварэння адразу некалькіх значных картаграфічных твораў.
У 1915 годзе ў якасці дадатка да англамоўнай кнігі Габрыса «Літва і аўтаномія Польшчы» (Lithuania and the autonomy of Poland) у Парыжы выйшла карта «Poland, Lithuania & Lettisch Country». На ёй тэрыторыя Літвы была паказана ў шырокіх гістарычных межах былога Вялікага Княства Літоўскага.
У перыяд 1916—1918 гадоў у межах дзейнасці «Лігі замежных народаў Расіі» Габрыс пад псеўданімам Inorodetz (Інародзец) выдаваў «Карту народаў Расіі» / «Этнаграфічную карту Расіі» (ням.: Völkerkarte von Russland; фр.: Carte ethnographique de la Russie). Нямецкая версія выйшла ў 1916 годзе, а французская — у 1917 і 1918 гадах. Гэтая карта ахоплівала еўрапейскую частку Расіі і паказвала 23 нацыянальнасці. Створаная ў прапагандысцкіх антырасійскіх мэтах для дэманстрацыі стракатай этнічнай карціны імперыі, яна ў дачыненні да Віленшчыны шмат у чым капіравала карту расійскага картографа Аляксандра Рыціха 1875 года: тэрыторыя вакол Вільні была пазначана пераважна зялёным колерам як арэал рассялення беларусаў (Blanc Russiens) з даданнем літоўскіх (штрыхоўка), яўрэйскіх і нямецкіх кропак-анклаваў.
Адной з самых вядомых прац Габрыса стала «Этнаграфічная карта Еўропы» (), выдадзеная ў Лазане ў выдавецтве Kümmerly & Frey. Яна паслядоўна вытрымала ў 1918—1919 гадах пяць перавыданняў і была афіцыйна прысвечана прэзідэнту ЗША В. Вільсану. У адрозненне ад папярэдніх еўрапейскіх прац, Габрыс атаясамліваў мову з нацыянальнасцю і свядома адмовіўся ад пазначэння этнічна змяшаных раёнаў на ўсходзе. Тэрыторыя «этнаграфічнай Літвы» была адлюстравана ў выглядзе маналітнай прасторы, у межы якой былі ўключаны ўся Віленская губерня разам з Вільняй (за выключэннем Дзісенскага і Вілейскага паветаў), а таксама значныя часткі Гродзенскай, Сувалкскай і Мінскай губерняў.
Акрамя таго, Габрыс спрычыніўся да стварэння «Карты Літвы» (), выдадзенай у 1918 годзе ў Берне пры ўдзеле літоўскага дыпламата Уладаса Даўмантаса па ініцыятыве Літоўскага інфармацыйнага бюро. На гэтай карце аўтары выкарысталі візуальную маніпуляцыю: «дагістарычная Літва» была абазначана шырокай ружовай штрыхоўкай, што ахоплівала велізарныя тэрыторыі, у тым ліку частку Усходняй Прусіі і значную частку Беларусі да самага Буга. Слабая дыферэнцыяцыя адценняў ружовага колеру стварала ў непадрыхтаванага гледача ілюзію велізарнага маналітнага абшару сучаснага літоўскага народа, які значна перавышаў рэальныя этнаграфічныя межы і павінен быў эмацыйна ўздзейнічаць на заходніх палітыкаў.
Картаграфічныя маніпуляцыі Габрыса, у першую чаргу «Этнаграфічная карта Еўропы», выклікалі вострую крытыку. Польскі мовазнавец Казімеж Ніч указваў, што Габрыс штучна павялічыў літоўскую этнічную тэрыторыю ўдвая ў параўнанні з рэальным станам, што наносіла моцную шкоду польскім інтарэсам на міжнароднай арэне. З боку беларускага нацыянальнага руху яго карты таксама падвергліся рэзкай крытыцы за ігнараванне беларускага насельніцтва. У кастрычніку 1919 года ў «Часопісі Міністэрства беларускіх спраў», якая выдавалася ў Коўне пад рэдакцыяй Язэпа Варонкі, з’явілася абураная рэцэнзія пад назвай «Фальшывая мапа»:
Познія гады Падазрэнні ў супрацоўніцтве з разведкамі Германіі і Францыі сапсавалі яго адносіны з Літоўскай Тарыбай. У лістападзе 1917 года на літоўскай канферэнцыі ў Берне яго дзейнасць была абмежавана. Падчас Парыжскай мірнай канферэнцыі (1919) Габрыс прысутнічаў у Парыжы як прадстаўнік уласнай літоўска-швейцарскай арганізацыі, а не ў складзе афіцыйнай літоўскай дэлегацыі. Пасля прыходу да ўлады ў Літве новага ўрада ён фактычна апынуўся па-за межамі афіцыйнай палітыкі.
У 1925—1926 гадах ён усё ж такі працаваў генеральным консулам Літвы ў Кёнігсбергу, затым вярнуўся ў Швейцарыю і заняўся фермерствам. У 1946—1948 гадах выдаваў часопісы «Tautos sargyba» («Варта нацыі») і «Messager Balte» ад імя фіктыўных арганізацый, у якіх крытыкаваў дзейнасць Галоўнага камітэта вызвалення Літвы і С. Лазарайціса. Актыўна супрацоўнічаў з літоўскай прэсай, у тым ліку з выданнямі «Vilniaus žinios» («Віленскія весткі»), «Lietuvos ūkininkas» («Літоўскі гаспадар»), «Viltis» («Надзея») і «Rytas» («Раніца»).
Бібліяграфія Lietuvos valsčius ir jo ydos, 1905. Lietuvos aprašymas, 1905. Lietuvos kalbamokslis, 1906. Lietuvių literatūros chrestomatija, 1908. Vincas Kudirka. Raštai, 6 т., 1909. Vincas Kudirka, biografinė apybraiža, 1910. Lietuvos geografija, 1910. La nation lithuanienne; son état sous la domination russe et allemande. Парыж, 1911. Vytauto ir lietuvių veikmė ties Griunvaldu (1410 m.), 1911. Lietuvos istorija, 1912, 1915. Lietuvių literatūros apžvalga, I—II т., 1913. Antanas Strazdas. Raštai, 1914. Vokiečių okupacija Lietuvoje (Occupation Allemande en Lituanie), 1917. Lietuva vokiečių priespaudoje 1915—1918 (La Lituanie sous le joug Allemand 1915—1918), 1918. Carte ethnographique de l’Europe. Лазана, 1918 (1-е выданне), 1919 (4-е і 5-е выданні). Į Lietuvos nepriklausomybę (Vers l’indépendance Lituanienne), 1920. Tautos sargyboje, 3 т. пасля 1920 (выдадзена ў 2007). Lietuvių literatūros apžvalga, 2 ч., 1913—1916. Lietuvių ir hetitų kalbų giminystė ir priešistorė (Parenté des langues hittite et lituanienne), 1944.
Крыніцы
Літаратура
Eidintas, Alfonsas. Slaptasis lietuvių diplomatas: Istorinis detektyvas. Vilnius, Valstybinis leidybos centras, 1992. Senn, Alfred E. Jonas Basanavičius: The Patriarch of the Lithuanian National Renaissance. Newtonville, Mass: Oriental Research Papers, 1980. Smele, Jonathan. The Russian Revolution and Civil War 1917—1921: An Annotated Bibliography. Bloomsbury Publishing, 2006.
Катэгорыя:Нарадзіліся 22 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1880 годзе Катэгорыя:Памерлі 26 ліпеня Катэгорыя:Памерлі ў 1951 годзе Катэгорыя:Дыпламаты Літвы Катэгорыя:Палітыкі Літвы Катэгорыя:Журналісты Літвы Катэгорыя:Выпускнікі Адэскага ўніверсітэта