Ало́йзас Відугі́рыс (; — ) — літоўскі мовазнавец, даследчык літоўскіх і беларускіх дыялектаў, спецыяліст па балта-славянскіх моўных кантактах. Доктар гуманітарных навук.
Біяграфія Нарадзіўся 25 снежня 1928 года ў вёсцы Гакунай (цяпер Таўтвілай Панявежскага павета). У 1954 годзе скончыў Віленскі педагагічны інстытут, атрымаўшы спецыяльнасць па літоўскай мове, літаратуры і псіхалогіі. Абраўшы шлях мовазнаўца, у 1956—1959 гадах праходзіў навучанне ў аспірантуры Інстытута літоўскай мовы і літаратуры.
З 1954 па 2001 год працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле гісторыі мовы і дыялекталогіі Інстытута літоўскай мовы (да 1990 года — Інстытут літоўскай мовы і літаратуры).
Памёр 5 сакавіка 2016 года ў Вільні. Пахаваны 8 сакавіка на Антокальскіх могілках у Вільні.
Навуковая дзейнасць Пад кіраўніцтвам акадэміка Барыса Ларына абараніў кандыдацкую дысертацыю (цяпер прыроўніваецца да доктара гуманітарных навук) на тэму «Дзятлаўская літоўская гаворка» (, 1962). Усё далейшае жыццё прысвяціў даследаванню літоўскіх памежных гаворак, а таксама гаворак літоўцаў за межамі Літвы. Навуковец аб’ездзіў і даследаваў літоўскія паселішчы ў Беларусі (дзятлаўская, лаздунская і дзевянішкаўская гаворкі), Польшчы, а таксама ў вёсцы Чорная Падзіна (Саратаўская вобласць Расіі).
Аўтар і суаўтар шэрагу фундаментальных прац па дыялекталогіі, у тым ліку слоўнікаў і зборнікаў тэкстаў лаздунскай, дзятлаўскай і дзевянішскай гаворак. Як суаўтар А. Відугірыс прымаў удзел у стварэнні першай хрэстаматыі «Дыялекты літоўскай мовы» (1970) і маштабнага трохтомнага «Атласа літоўскай мовы» (1977—1991). У 1995 годзе ён падрыхтаваў раздзел па лексіцы для праграмы даследавання літоўскіх гаворак і іх узаемадзеяння.
Акрамя непасрэднага даследавання літоўскіх гаворак, А. Відугірыс займаўся праблемамі славяна-балтыйскага памежжа, вывучаў пытанні моўных кантактаў у паўднёва-ўсходняй Літве і даследаваў мясцовыя беларускія гаворкі. У 1978 годзе разам з беларускім дыялектолагам Фёдарам Клімчуком ён апублікаваў працу «Беларускія гаворкі ў Літоўскай ССР», у якой навукоўцы ўпершыню дакладна акрэслілі мяжу дамінавання беларускіх гаворак у рэгіёне (па лініі Буйвідзы — Рудаміна — Рудзішкі — на захад ад Эйшышак). Таксама ён даследаваў працэсы выцяснення літоўскай мовы іншымі мовамі, у прыватнасці, беларускай «простай мовай» і польскай, на гэтых тэрыторыях, апублікаваўшы ў 1983 годзе грунтоўнае даследаванне «Аб кантактаванні моў у паўднёва-ўсходняй Літве».
Таксама напісаў шматлікія артыкулы па пытаннях двухмоўя, гістарычнай дыялекталогіі, гісторыі даследавання літоўскай мовы і культуры мовы.
Узнагароды Дзяржаўная прэмія імя Ёнаса Басанавічуса (1993) Навуковая прэмія Літвы (1994, разам з іншымі аўтарамі за «Атлас літоўскай мовы») Прэмія П. Бутэнаса (2002) Афіцэрскі крыж ордэна Вялікага князя Літоўскага Гедзіміна (2002)
Бібліяграфія «Беларускія гаворкі ў Літоўскай ССР» (Белорусские говоры в Литовской ССР, разам з Ф. Клімчуком, 1978) «Слоўнік лаздунскай гаворкі» (Lazūnų tarmės žodynas, разам з Ю. Пятраўскасам, 1983/1985) «Аб кантактаванні моў у паўднёва-ўсходняй Літве» (Dėl kalbų kontaktavimo Pietryčių Lietuvoje, 1983) «Тэксты лаздунскай гаворкі» (Lazūnų tarmės tekstai, 1987) «Слова летувінінкаў» (Lietuvininkų žodis, разам з іншымі, 1995) «Слоўнік дзятлаўскай гаворкі» (Zietelos šnektos žodynas, 1998) «Дзятлаўская літоўская гаворка» (Zietelos lietuvių šnekta, манаграфія, 2004) «Слоўнік дзевянішскай гаворкі» (Dieveniškių šnektos žodynas, разам з іншымі, у 2 тамах, 2005—2010) «Тэксты дзятлаўскай гаворкі» (Zietelos šnektos tekstai, разам з Д. Мікуленене, у 2 тамах, 2005—2010) «Лаздунская гаворка» (Lazūnų šnekta, манаграфія, 2014)
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Мовазнаўцы Літвы Катэгорыя:Дыялектолагі Катэгорыя:Нарадзіліся 25 снежня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1928 годзе Катэгорыя:Памерлі 5 сакавіка Катэгорыя:Памерлі ў 2016 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Вільні Катэгорыя:Супрацоўнікі Інстытута літоўскай мовы Катэгорыя:Пахаваныя на Антакальніскіх могілках