Castrum doloris (з лацінскай «замак смутку», «лагер болю») — агульная назва розных архітэктурных, жывапісных, а таксама паэтычных і музычных кампазіцый, якія ствараліся для ўслаўлення памерлых выбітных асоб у хрысціянскім свеце. Гэта дэкаратыўна-ўрачыстая форма катафалка або грабніцы, падрыхтаваная для правядзення пахавальных і жалобных цырымоній. Узводзілася ў еўрапейскім мастацтве пачынаючы з эпохі Адраджэння і дасягнула найвышэйшага росквіту ў перыяд барока ў розных краінах, звычайна ў рымска-каталіцкіх храмах або сакрыстыях Заходняй Еўропы. Часам такія кампазіцыі ствараліся сімвалічна, нават праз шмат гадоў пасля смерці асобыPor. Słownik wyrazów obcych PWN. Warszawa: PWN, 1991, s. 133..

Гісторыя

Звычай упрыгожвання прасторы для жалобных цырымоній быў вядомы яшчэ ў Рыме ў VII стагоддзі. Тэрмін castrum doloris сустракаецца з XV стагоддзя, у прыватнасці ў цырыманіяльным дзённіку Ёгана Буркарда «Liber notarum». У «Caeremoniale Episcoporum» тэрмін выкарыстоўваецца для абазначэння літургічнай часткі пахавання без выразнага вызначэння. У XVI і XVII стагоддзях, калі слова «катафалк» было размоўным, гэты тэрмін стаў своеасаблівым эўфемізмам, а ў XVIII стагоддзі пачаў выцясняць папярэдні. Традыцыя вытанчанага пахавання бярэ пачатак ад ранняга хрысціянства і літургічнай практыкі, усталяванай Карлам Вялікім, згодна з якой хрысціяне пасля святкавання страсцей і смерці Хрыста застаюцца ля сімвалічнай грабніцы і падчас малітоўнага чування ўзгадваюць ягоныя дзеянні.

Гэтая традыцыя знайшла адлюстраванне ў гісторыі выяўленчага мастацтва, напрыклад, у мініяцюрах Турынска-Міланскага часаслова і іншых творах мастацтва. Адным з папярэднікаў такога збудавання лічыцца велізарны пахавальны комплекс, пабудаваны ў Бруселі ў 1558 годзе для пахавання імператара Карла V. Ён меў форму ваеннага карабля, акружанага марскімі пачварамі і алегорыямі дабрадзейнасцей. Пасля таго, як у 1564 годзе папа Сікст V даручыў сябрам Мікеланджэла пабудаваць у фларэнтыйскай базіліцы Сан-Ларэнца майстэрску ўпрыгожаны катафалк, які адпавядаў характару больш позніх castra doloris, арыстакраты па ўсёй Еўропе пачалі пераймаць гэты прыклад. «Пахавальныя замкі» можна было сустрэць пры свецкіх і царкоўных княжацкіх дварах, а таксама ў кафедральных саборах і манастырах. Імператарскі двор лідзіраваў як па часе ўзнікнення, так і па пышнасці канструкцый.

Будаўніцтву звычайна папярэднічала размяшчэнне цела на смяротным ложы або ў катафалку. Цырымоніі адбываліся ў капліцы, касцёле, замку або палацы памерлага і суправаджаліся жальбавымі прамовамі, музыкай і светлавымі эфектамі. Хоць апагеем мастацтва castrum doloris стала эпоха барока, традыцыя працягвалася і ў XIX стагоддзі, калі падобныя збудаванні ўзводзіліся для расійскіх імператараў, кайзера Вільгельма I і прэзідэнта Францыі Садзі Карно.

Характарыстыка

Цэнтрам кампазіцыі часцей за ўсё з'яўляўся катафалк з целам няжбожчыка, аднак гэта не было абавязковай умовай, бо часта для аднаго і таго ж чалавека castrum doloris узводзілі ў некалькіх касцёлах адначасова, таму збудаванні мелі часовы характар. Іх галоўнай мэтай было стварэнне абароненай прасторы вакол труны, дзе людзі маглі развітацца з памерлым, справіцца з горам і выказаць павагу яго велічы. У XVII і XVIII стагоддзях такія збудаванні набылі выключна складанае архітэктурна-сцэнаграфічнае аздабленне з багатай сімвалічна-алегарычнай праграмай (напрыклад, падрыхтаваныя для Яна III Сабескага). Звычайна гэта былі шмат'ярусныя драўляныя канструкцыі, з тэмп'ета, балдахінамі, фрагментамі фартыфікацый, пірамідамі, абеліскамі, фігурамі святых, персаніфікацыямі, элементамі геральдыкі і іншай сімволікай. Іх упрыгожвалі труннымі партрэтамі і сцэнамі з жыцця памерлага. Усю канструкцыю асвятлялі сотнямі свечак, з-за чаго ў Італіі ўзнікла назва capella ardente. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што гэтыя жалобныя дэкарацыі часта супярэчылі рэальным абставінам жыцця кіраўнікоў, ствараючы ідэалізаваны вобраз дабрадзейнага прынца.

Значэнне ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай

У Рэчы Паспалітай і Вялікім Княстве Літоўскім castrum doloris быў неад'емнай часткай параўрачыстай архітэктуры, якая ўзводзілася для ўшанавання манархаў і знаці. У Рэчы Паспалітай ля падножжа такіх збудаванняў ладзіўся асаблівы пахавальны спектакль — theatrum funebris, падрыхтоўка да якога магла доўжыцца год і больш. Польскі мастацтвазнаўца Юльюш Анджэй Храсціцкі адносіць castrum doloris да ліку найбольш значных аб'ектаў параўрачыстай архітэктуры XVI—XVIII стагоддзяў побач з трыумфальнымі аркамі і балявальнымі павільёнамі.

У мастацтве Вялікага Княства Літоўскага такія праекты аказалі велізарны ўплыў на развіццё ілюзіяністычнага жывапісу і стварэнне маляваных алтарных рэтабуляў. Гэтыя часовыя збудаванні, створаныя з недатрывалых матэрыялаў (дрэва, гліна, гіпс, палатно), часта імітавалі складаныя архітэктурныя і скульптурныя формы. У Вялікім Княстве Літоўскім аднымі з першых castrum doloris пачалі выкарыстоўваць для караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта II Аўгуста ў 1570-х гадах. Сярод яскравых прыкладаў XVIII стагоддзя вылучаюцца пахавальныя дэкарацыі, створаныя вядомым архітэктарам і мастаком, езуітам Паўлам Гіжыцкім. У 1745 годзе ў касцёле босых кармелітаў у Вішнявецы ён падрыхтаваў уражлівы дэкор для пахавання вялікага гетмана літоўскага Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Паводле захаваных апісанняў, для гэтай цырымоніі, акрамя дзесяці старых алтароў, было створана дваццаць сем новых «прагальных» алтароў, шчодра аздобленых ілюзорным жывапісам і тканінамі. У 1751 годзе П. Гіжыцкі таксама стварыў дэкарацыі для пахавання маршалка вялікага літоўскага Паўла Караля Сангушкі ў капуцынскім касцёле ў Любліне. Ілюзорныя формы castrum doloris былі настолькі папулярнымі, што часта капіяваліся майстрамі пры стварэнні стацыянарных драўляных і мураваных алтароў у парафіяльных і кляштарных касцёлах па ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Верагодна, адзіны захаваны ў Польшчы castrum doloris знаходзіцца ў касцёле Святога Андрэя Апостала і Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў у вёсцы Лютам, размешчанай у Велікапольшчы. Аб'ект быў пабудаваны для пахавання калішскага кашталяна Яна Корзбака Ланцкага.

Галерэя

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Пахавальныя традыцыі Катэгорыя:Мастацтва барока Катэгорыя:Лацінскія словы і выразы