Пятру́лішкі, таксама Пятру́лішкес () — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Уваходзіць у склад Лаварышкаўскай сянюніі. Цэнтр сянюнайціі. Размешчана за 6 км на поўдзень ад Лаварышак.
Гісторыя У XIX і ў пачатку XX стагоддзя вёска знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Пятрулішкі занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 19.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.
З 1920 года паселішча ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы. У 1922—1939 гадах яно знаходзілася ў складзе гміны Міцкуны Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомыя як Заходняя Беларусь. Паводле перапісу 1931 года, у вёсцы пражывала 80 чалавек.
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года вёска была занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Пятрулішкі разам з часткай Віленскага краю былі перададзены Літве, з 1940 года знаходзіліся ў складзе Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй Германіі.
З 1990 года Пятрулішкі ўваходзяць у склад незалежнай Літвы.
Насельніцтва Дынаміка колькасці насельніцтва Пятрулішак паказвае на яго рост у другой палове XX стагоддзя з наступным паступовым зніжэннем у пачатку XXI стагоддзя.
Моўная сітуацыя і этнаграфія Разам з іншымі паселішчамі на ўсход ад Вільні вёска размешчана ў арэале гістарычнага бытавання беларускіх гаворак, якія сфарміраваліся на беларуска-літоўскім моўным памежжы. Паводле даследаванняў польскага славіста Міраслава Янковяка, мясцовая беларуская гаворка (якую жыхары называюць «простай мовай») на працягу апошніх дзесяцігоддзяў паступова саступае месца польскай, а таксама рускай і літоўскай мовам. Сёння яна захоўваецца пераважна сярод жыхароў старэйшага пакалення. У перыяд з 2008 года даследчыкам былі зроблены аўдыязапісы мясцовай беларускай гаворкі ад ураджэнцаў Пятрулішак.
Пятрулішкі таксама былі важным пунктам палявых этнаграфічных экспедыцый, якія праводзіліся ў 2007—2011 гадах пад кіраўніцтвам беларускага этнолага Юрыя Іосіфавіча Внуковіча. Даследчык запісаў шэраг гутарак з мясцовымі жыхарамі (1924, 1933, 1935 гадоў нараджэння), якія яскрава дэманструюць спецыфіку мясцовай этнічнай самаідэнтыфікацыі. Жыхары вёскі, лічачы сябе палякамі, прызнавалі, што гавораць «па-просту», і апісвалі сваю мову як пераходную або змяшаную: «Ну так у нас такі язык, жэ і просты, ну і беларускі. Мяшаны ў обшчэм. Мяшаны тутай».
Іншая інфармантка так характарызавала мясцовую гаворку ў параўнанні з мовамі суседніх дзяржаў: «А нашы, нашы язык вот такі вот. Ні то беларускі, ні то польскі. З Польшчы прыяжджаяць — гаворым па-польску, з Беларусі — па во так па-прастому».
У той жа час жыхары Пятрулішак адзначалі поўную моўную тоеснасць з суседнімі раёнамі Беларусі: «Там этыя беларусы, там такія самыя на Беларусі тожа там. Тое самае што і тут», а таксама слухалі беларускамоўныя радыёперадачы з Мінска, ідэнтыфікуючы гэтую мову як зразумелую ім беларускую.
Славутасці У пачатку 1950-х гадоў у Пятрулішкі была перавезена драўляная хата сям’і беларускага мовазнаўца і палітычнага дзеяча Браніслава Тарашкевіча з суседняй вёскі Мацюлішкі. У Пятрулішках гэты гістарычны будынак прыстасавалі пад патрэбы мясцовай пачатковай школы.
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна Катэгорыя:Лаварышкаўская сянюнія Катэгорыя:Беларускія гаворкі ў Літве