Тафсі́р ( — тлумачэнне, раз’ясненне) — тлумачэнне Карана і суны, асноўная дысцыпліна ісламскага багаслоўя. Багасловаў, якія займаюцца тафсірам, называюць муфасірамі.

Ісламская традыцыя адрознівае два тыпы тлумачэнняў Карана: тафсір і тавіль. Тафсір ахоплівае ўсе аспекты інтэрпрэтацыі і тлумачэння знешняга сэнсу тэксту, у той час як тавіль мае на ўвазе больш глыбокае, эзатэрычнае тлумачэнне схаваных сэнсаў і першапрычын.

Этымалогія Слова «ат-тафсір» паходзіць ад арабскага дзеяслова «фасара» (), што азначае «растлумачыць», «указаць мэту» або «прыўзняць заслону».

Гісторыя Творы, прысвечаныя разуменню і тлумачэнню Карана (ільм аль-Кур’ан ва-т-тафсір), адыгралі ключавую ролю ў станаўленні ісламскай рэлігійнай дактрыны і адлюстравалі асноўныя этапы ідэалагічнай і палітычнай барацьбы ў араба-мусульманскім грамадстве.

Згодна з ісламскім веравучэннем, поўным веданнем Карана валодаў толькі прарок Мухамад, які і тлумачыў сэнс Пісання сваім паплечнікам. Падчас яго прарочай дзейнасці змест каранічнага тэксту змяняўся: адны з прамоўленых раней аятаў замяняліся новымі (гл. Насх і мансух), другія атрымлівалі новае вытлумачэнне, трэція з-за спецыфікі тэксту былі незразумелыя нававернутым. Усё гэта патрабавала ад Мухамада тлумачэння выказаных «адкрыццяў». Паплечнікі захоўвалі ў памяці абставіны, пры якіх былі прамоўлены аяты, і прычыны палемікі Прарока з апанентамі. Гэта найбольш старажытны пласт, які ў той ці іншай форме ўвайшоў у большую частку тафсіра, адлюстраваўшы сапраўдную гісторыю ўзнікнення Карана. З цягам часу важнасць тлумачэнняў Карана толькі ўзрастала.

Пасля смерці Прарока задачу тлумачэння Карана ўзялі на сябе яго паплечнікі. Асаблівым аўтарытэтам карысталіся Алі ібн Абу Таліб, Ібн Абас, Ібн Масуд і Убай ібн Каб. Некаторыя паплечнікі (Абу Бакр, Ібн Умар і інш.) і іх паслядоўнікі (табіуны, такія як Убада ас-Салмані, Саід ібн аль-Мусаяб) тлумачылі Каран выключна на падставе слоў Мухамада. Іншыя ж (Умар, Ібн Абас і інш.) разам з гэтым прымянялі і альтэрнатыўныя метады. Напрыклад, Умар, калі гэта было неабходна, запрашаў знаўцаў арабскай мовы з розных плямёнаў і кансультаваўся з імі наконт значэння асобных слоў і выразаў з Карана, а Ібн Абас у палеміцы з лідарам харыджытаў Нафі ібн аль-Азракам прыводзіў прыклады з традыцыйнай арабскай паэзіі для доказу сваёй рацыі.

Традыцыйна першым каментатарам Карана лічыцца стрыечны брат Мухамада — Абдулах ібн Абас (памёр у 686/687 г.), якога называлі тарджуман аль-Кур’ан (перакладчык Карана). Яго «Тафсір» захаваўся толькі ў выглядзе цытат у пазнейшых каментарыях, у першую чаргу ў працах ат-Табары. Па некаторых даных, аўтарам першага паўнавартаснага запісанага тафсіра быў Саід ібн Джубайр, які стварыў яго па загадзе амейядскага халіфа Абд аль-Маліка ібн Марвана (685—705). Па іншых звестках, першым гэта зрабіў Муджахід ібн Джабр (памёр у 722 г.), вучань Ібн Абаса. Яго праца лічыцца самым раннім поўным каментарыем, які дайшоў да нашых дзён.

Першапачаткова тафсір існаваў пераважна ў вуснай форме. Імамы мячэцяў часта каментавалі асобныя аяты і суры пасля пятнічнай пропаведзі (хутбы). Вандроўныя казачнікі і прапаведнікі (кусас) узбагачалі тлумачэнні паралельным матэрыялам, які ўзыходзіў да іўдзейска-хрысціянскага культурнага асяроддзя (ісраіліят).

Развіццё тафсіра было шчыльна звязана са складаннем сунны Мухамада. У другой палове VIII стагоддзя з’явіліся зборнікі хадзісаў, звязаныя з тлумачэннем каранічнага тэксту, якія ўвасобілі прынцып «сунна тлумачыць Каран» (ас-суна туфасіру-ль-Кур’ан). Пазней спецыяльныя раздзелы пачалі з'яўляцца ў агульных зборніках хадзісаў (напрыклад, у «Сахіху» аль-Бухары). Вялікую працу па зборы хадзісаў, звязаных з тлумачэннем Карана, зрабілі Шуба ібн аль-Хаджадж (пам. у 776 г.), Вакі ібн аль-Джарах (пам. у 812 г.) і Суф’ян ібн Уяйна (пам. у 813 г.). У жыццеапісаннях Прарока (сіра) аяты змяшчаліся ў падзейны кантэкст, а ў працах мусульманскіх правазнаўцаў (факіхаў) прадметам дэталёвага вывучэння і тлумачэння станавіліся аяты, звязаныя з прававымі нормамі. Пачынаючы з X стагоддзя тлумачэнне Карана стала самастойнай навукай і ўжо не разглядалася як частка хадзісазнаўства.

Па меры развіцця мусульманскага грамадства ўзнікалі новыя праблемы, якія не былі закрануты ў суне. У такіх выпадках тлумачальнікі ўжывалі альтэрнатыўныя метады (іджтыхад). З патрэбамі тлумачэння Карана былі шчыльна звязаны першыя арабскія лексікаграфічныя і граматычныя творы. Станаўленне «навукі тафсіра» адбывалася ва ўзаемадзеянні з развіццём вучэння пра «чытанні» (кіраат) Карана і ў рамках фарміравання агульнай дагматычнай сістэмы ісламу. У гэтай сістэме Каран абвяшчаўся галоўным цудам (му’джыза), галоўным доказам перавагі мусульманскай рэлігійнай дактрыны (і’джаз аль-Кур’ан) і пацвярджэннем ісціннасці прароцтва Мухамада.

Некаторыя мусульмане, якія перайшлі ў іслам з іўдаізму і хрысціянства (напрыклад, Каб аль-Ахбар), спрабавалі каментаваць каранічныя гісторыі аналагічнымі паданнямі з Бібліі і іншых старажытных Пісанняў. Мусульманская артадоксія неадназначна ставілася да такога падыходу і лічыла яго прымальным толькі ў тым выпадку, калі ён не супярэчыць Карану і паўтарае яго сэнсы.

Абвастрэнне ідэалагічнай барацьбы паміж Алідамі і Абасідамі да канца кіравання Амейядаў зрабіла «навуку тафсіра» зброяй у барацьбе за ўладу ў Арабскім халіфаце. У гэты час з’явіўся суніцкі каментарый Муджахіда ібн Джабра і праалідскія тафсіры аль-Джу’фі (пам. у 745/746 г.) і ас-Судзі (пам. да 745 г.). Традыцыя шыіцкіх каментарыяў развівалася галоўным чынам у Куфе. З дапамогай алегарычнага тлумачэння Карана (тавіль), перастановак агаласовак і лагічных націскаў шыіцкія каментатары інтэрпрэтавалі шэраг урыўкаў на карысць Алі ібн Абу Таліба і яго нашчадкаў, абвінавачваючы сунітаў у «скажэнні» (тахрыф) тэксту і знішчэнні шэрагу ключавых аятаў.

Ва ўмовах забароны на пераклад Карана на іншыя мовы, каментарыі (тафсіры), якія суправаджалі тэкст Свяшчэннага пісання, адыгралі выключна важную ролю ў азнаямленні з Каранам тых мусульман, якія не валодалі арабскай мовай.

Школы тафсіра

У працэсе развіцця навукі тафсіра ў мусульманскім свеце сфарміраваліся тры асноўныя школы: Мекканская школа, заснаваная Ібн Абасам. Яе выбітнымі прадстаўнікамі былі: Саід ібн Джубайр (пам. 712), Муджахід ібн Джабр (пам. 721), Ікрыма аль-Барбары (пам. 723), Тавус ібн Кайсан (пам. 724), Ата ібн Абу Рабах (пам. 732) і Абу аш-Шаша (пам. 711). Куфійская школа, заснаваная Ібн Масудам (пам. 682). Гэтая школа шырока выкарыстоўвала метады іджтыхада і ра’я (рацыянальнага меркавання). Сярод яе паслядоўнікаў: Алкама ібн Кайс (пам. 682), Масрук ібн аль-Аджда (пам. 682), аль-Асвад ібн Язід (пам. 693), Мура аль-Хамадані (пам. 685), Амір аль-Шабі (пам. 721), Хасан аль-Басры (пам. 728) і Ібрахім аль-Нахаі (пам. 713). Самым значным каментарыем лінгвістычнага характару, які выйшаў з гэтай школы, з’яўляецца праца «Значэнні Карана» граматыка з Куфы Аль-Фары (пам. 822). Медзінская школа, заснаваная Убаем ібн Кабам (пам. 643). Яе прадстаўнікі: Мухамад ібн Каб аль-Куразі (пам. 697), Абу аль-Алія (пам. 709) і Зейд ібн Аслам (пам. 753).

Акрамя прадстаўнікоў гэтых школ, у іншых галінах Халіфата таксама дзейнічалі вядомыя тлумачальнікі Карана, такія як Дахак аль-Харасані (пам. 723), Ата аль-Хузалі (пам. 744) і Ата аль-Харасані (пам. 757).

Тафсір і тавіль

Ідэалагічная барацьба паміж сунітамі і шыітамі знайшла сваё адлюстраванне ў падзеле абшчыны на прыхільнікаў літаральнага тлумачэння Карана (захір) і прыхільнікаў «схаванага», «таемнага» сэнсу (бацін). У асяроддзі мусульманскіх багасловаў разгарнуліся гарачыя спрэчкі вакол паняццяў тафсір і тавіль. Мукаціл ібн Сулейман (пам. 767), спасылаючыся на Ібн Абаса, сцвярджаў, што тафсір — гэта тое, што вядома вучоным (улемам), а тавіль — тое, што вядома толькі Алаху. Аль-Матурыдзі (пам. 944) лічыў, што права на тафсір належыць выключна паплечнікам Мухамада (сахабам), а тавіль — гэта прэрагатыва правазнаўцаў (факіхаў).

Пазней ас-Суюці (пам. 1505) вызначыў тафсір як перадачу мудрасці папярэдніх ісламскіх аўтарытэтаў, а тавіль — як прадукт глыбокага і самастойнага вывучэння тэксту. Адначасова пачало з’яўляцца ўяўленне пра непажаданасць і нават забароненасць тафсіраў, што падмацоўвалася словамі халіфа Умара, які нібыта рэзка выступаў супраць каментавання Карана з-за небяспекі падмены свяшчэннага тэксту адвольнымі фантазіямі.

Мухамад ібн Джарыр ат-Табары выпрацаваў кампраміснае рашэнне, падзяліўшы каранічныя тэксты на тры катэгорыі: тэксты, якія недаступныя разуменню людзей (іх сапраўдны сэнс ведае толькі Алах); тэксты, сэнс якіх можна высветліць толькі абапіраючыся на традыцыйныя тлумачэнні, што ўзыходзяць да самога Мухамада; тэксты, складанасці тлумачэння якіх з’яўляюцца выключна лінгвістычнымі і здымаюцца з дапамогай ведаў філолагаў. Яго «Тафсір» стаў першым каментарыем, які тлумачыў Каран паслядоўна, аят за аятам (так званы курсорны каментарый), і гэты метад стаў стандартам для ўсіх наступных муфасіраў.

Палеміка вакол паняццяў тафсір і тавіль адлюстравала таксама барацьбу мутазылітаў, якія звярталіся да «рацыяналістычнага» тавіля, з іх праціўнікамі. У прыватнасці, у пытанні антрапаморфных уяўленняў пра бажаство мутазыліты звярталіся да тлумачэння Карана з дапамогай асабістага меркавання (ат-Тафсір бі-р-ра’й). Гэтая практыка прызнавалася неправамернай прыхільнікамі тлумачэння з дапамогай мусульманскай традыцыі (ат-Тафсір бі-ль-ільм), у першую чаргу ханбалітамі. Тафсіры гэтага перыяду служылі зброяй і ў вострай ідэалагічнай дыскусіі аб «створанасці» і «нестворанасці» Карана. Найбольш значным мутазыліцкім тафсірам з’яўляецца твор «аль-Кашшаф» Махмуда аз-Замахшары (1074—1144), які пасля быў прыняты, з шэрагам паправак, нават сунітамі. У рамках катэгорый тафсір і тавіль праходзіла і палеміка супраць тлумачэнняў, напісаных суфіямі.

Асаблівасці тафсіраў у розных плынях Рэлігійна-палітычная абстаноўка ў ісламскім свеце знаходзіла прамое адлюстраванне ў тлумачэннях да Карана. Так, з «утойваннем» апошняга шыіцкага імама Мухамада ібн аль-Хасана (пам. 873/874) звязваецца з’яўленне ў шыітаў шэрагу твораў, прысвечаных тлумачэнню эсхаталагічных аятаў. Сваё адлюстраванне ў тафсірах знайшлі таксама дзейнасць ісмаілітаў і барацьба Ібн Тайміі за вяртанне да «першапачатковага» ісламу. Ібн Таймія, у прыватнасці, патрабаваў поўнага выключэння з тафсіраў матэрыялаў, якія ўзыходзілі да іўдзейска-хрысціянскага асяроддзя (ісраіліята).

Наяўнасць вялікай колькасці рэлігійна-палітычных плыняў прывяла да таго, што ў некаторых тафсірах часта сумяшчалася адразу некалькі пунктаў гледжання. Напрыклад, у тафсіры Фахр ад-дзіна ар-Разі (пам. 1209) прадстаўлена як антымутазыліцкая, так і антызахірыцкая пазіцыя, а таксама адлюстроўваюцца ідэі ашарытаў. Шматтомны каментарый пакінуў пасля сябе малікіт Аль-Куртубі (пам. 1273). Іншы каментарый, які адлюстроўвае малікіцкі пункт гледжання, напісаў андалузскі юрыст Абу Бакр Ібн аль-Арабі (пам. 1148).

Акрамя згаданых, найбольш вядомымі і аўтарытэтнымі тлумачэннямі Карана лічацца творы Ахмада ас-Салібі (пам. 1035), аль-Байдаві (пам. 1286), а таксама сумесная праца Дж. аль-Махалі (пам. 1459) і ас-Суюці («Тафсір аль-Джалалайн»).

Шыіцкім аўтарам належыць група твораў «Кітаб ма нузіла фі 'Алі мін аль-Кур’ан», у якіх прасочваюцца спробы паказаць выключную ролю Алі ібн Абу Таліба ў кантэксце «ніспаслання» Карана. Суніты ў адказ стваралі свае творы (напрыклад, ас-Суюці «Катф ас-самар фі мувафакат сайідзіна 'Умар»), у якіх падкрэсліваліся асаблівыя заслугі Умара і іншых суніцкіх лідараў.

Жанры тафсіраў

Тлумачэнне Карана дзеліцца на наступныя спецыялізаваныя раздзелы: Гарыб аль-Куран — раздзел, у якім вывучаецца лінгвістыка і фанетыка Карана. Першапачаткова тут даследаваліся розныя словы, якія былі незразумелыя самім арабам. Для правільнага разумення слоў і сэнсаў былі складзены тэрміналагічныя і тлумачальныя слоўнікі. Лічыцца, што ўпершыню праблемай лінгвістычнага тлумачэння заняўся Ібн Абас.