Апалінарый Мікалаевіч Раждзественскі () — расійскі педагог і антраполаг.

Біяграфія

Нарадзіўся 10 чэрвеня 1878 года ў Раманаве Слуцкага павета Мінскай губерні ў сям’і патомнага праваслаўнага святара.

У 1897 годзе скончыў Слуцкую гімназію, паступіў на прыродазнаўчае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы спецыялізаваўся ў антрапалогіі, праяўляў навуковую цікавасць да сваёй радзімы — Случчыны. Вясной 1902 года скончыў курс навучання і пачаў падрыхтоўку да іспытаў на дыплом.

Па сканчэння ўніверсітэта шукаў працы, рассылаў рэзюмэ па ўсёй Расійскай імперыі. Быў ужо адчаяўся і разглядаў нават магчымасць службы ў варшаўскай канторы Дзяржбанка. 10 кастрычніка 1903 года прызначаны настаўнікам геаграфіі і прыродазнаўчай гісторыі ў Дзвінскае рэальнае вучылішча, дзе працаваў да 1908 года .

У 1908 годзе Раждзественскі перайшоў на службу ў Мінскае рэальнае вучылішча як штатны супрацоўнік. Адначасова выкладаў у іншых навучальных установах Мінска: з 16 верасня 1908 года па найме ў Мінскай гімназіі, пра што сведчыць Памятная кніжка Віленскай навучальнай акругі; у 1911—1912 гадах у прыватнай жаночай Аляксееўскай гімназіі Е. Д. Рэйман, выкладаў прыродазнаўства; у 1914 годзе выкладаў у Мінскай жаночай гімназіі, пра што сведчыць Памятная кніжка ВНА.

Станам на 1915 год меў чын калежскага саветніка і займаў пасаду загадчыка прыватнай 7-класнай жаночай гімназіі М. М. Скавароднікавай у Мінску, пры гэтым лічыўся ў штаце Мінскага рэальнага вучылішча.

Сям’я Бацька — Мікалай Паўлавіч Раждзественскі (нар. 1846), патомны святар, у 1870—1873 гадах служыў у Слуцкім гарадскім вучылішчы, пасля быў рукапакладзены ў святары Раманаўскай царквы, дзе праслужыў 20 гадоў да пераводу ў Гавязнянскую царкву. Маці — Ганна Канстанцінаўна.

Апроч Апалінарыя ў сям’і быў сын Канстанцін (нар. 1875) і дочкі Марыя і Ганна (нар. 1881).

Дзейнасць Яшчэ ў студэнцкія гады Раждзественскі правёў антрапаметрычныя вымярэнні жыхароў сямі вёсак Пацейкаўскай воласці Слуцкага павета . Вынікі апублікаваны як артыкул «К антропологии белорусов Слуцкого уезда, Минской губернии» ў «Русском антропологическом журнале» (№ 1, 1902. С. 49–57). У сваім даследаванні Раждзественскі зрабіў выснову, што мясцовыя жыхары вылучаюцца сярэднім ростам са схільнасцю да нізкаросласці, моцным целаскладам, прапарцыйна развітымі канечнасцямі, цёмна-русымі валасамі і светлымі вачыма. Паводле чарапнога паказчыка аднёс іх да ўмераных брахіцэфалаў . Аўтар падкрэсліваў навуковую важнасць гэтых звестак, бо антрапалагічных матэрыялаў пра беларусаў у тагачаснай літаратуры не ставала.

Крыніцы

Катэгорыя:Выкладчыкі Мінскай губернскай гімназіі