«Партрэ́т старо́га» — карціна галандскага мастака Рэмбранта. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны палатно захоўвалася на тэрыторыі Беларусі, аднак было выкрадзена падчас нямецкай акупацыі.
Гісторыя Да вайны карціна з'яўлялася часткай фондаў Баранавіцкага абласнога мастацкага музея. Падчас Вялікай Айчыннай вайны і акупацыі горада Баранавічы нямецка-фашысцкімі захопнікамі музейны збор быў разрабаваны.
Паводле даследаванняў гісторыка Аляксандра Гужалоўскага, акупанты вывезлі з музея «Партрэт старога» пэндзля Рэмбранта, а таксама шэраг іншых каштоўных твораў мастацтва. Разам з карцінай галандскага майстра былі выкрадзены работы польскага мастака Я. Матэйкі, каля 60 мініяцюр заходнееўрапейскіх мастакоў, беларускія абразы і драўляная скульптура XVII—XVIII стагоддзяў, французскі габелен XIV стагоддзя, калекцыя японскіх ваз, каля 160 фарфоравых статуэтак заходнееўрапейскіх заводаў, больш за 200 карцін сучасных мастакоў, а таксама вялікая бібліятэка па гісторыі мастацтва.
Дакладны лёс «Партрэта старога» пасля яго вывазу ў Германію застаецца невядомым.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Карціны Рэмбранта Катэгорыя:Страчаныя карціны Катэгорыя:Страты культурных каштоўнасцей Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Гісторыя Баранавічаў