«Дэмакраты́чнае тавары́ства» — тайная рэвалюцыйная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1836—1838 гадах у Віленскай медыцынскай акадэміі.

Склад і статут Заснавальнікам і арганізатарам таварыства быў Ф. А. Савіч. Арганізацыя складалася са студэнтаў, выхадцаў з разначыннага асяроддзя і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і іншыя. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму», у якім вызначаліся яго мэты (дапамога ўсім людзям незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання або становішча), прынцыпы маральнага самаўдасканалення, галоўным з якіх лічылася праца.

Уваходжанне ў «Садружнасць польскага народа» Пад уплывам Савіча таварыства ўсё больш выразна набывала сацыяльны кірунак. Гэтаму садзейнічала і ўстанаўленне ў 1837 годзе сувязяў з Ш. Канарскім, які ўзначальваў тайную арганізацыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны ў 1835—1838 гадах. «Дэмакратычнае таварыства» пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло.

Ідэалогія і дзейнасць Члены таварыства імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі і рамеснікамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць, адстойвалі ідэю рэвалюцыйнага саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзяржаўнага кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія дэмакратычнага таварыства адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэвалюцыйнага дэмакратызму.

Разгром У чэрвені 1838 года частка членаў дэмакратычнага таварыства арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я. Загорскі і К. Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты. Тыя, хто пазбег арышту, не пакінулі рэвалюцыйнай дзейнасці. У 1840—1841 гадах некаторыя былі прыцягнуты да следства па новай судовай справе пра антыўрадавыя настроі.

Гл. таксама Таварыства філаматаў Таварыства філарэтаў

Крыніцы

Катэгорыя:Тайныя таварыствы Катэгорыя:З’явіліся ў 1836 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1838 годзе