Папра́ўча-працо́ўны ла́гер (ППЛ) — назва лагера ў СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюцыйных і агульнакрымінальных злачынствах.
Гісторыя Ствараліся паводле пастановы СНК СССР ад 7 красавіка 1930 года, існавалі да канца 1950-х гадоў. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэспубліканскіх АДПУ, а з 1934 года — НКУС СССР. З’яўляліся асноўнай адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80 % усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, іншых буйных будоўлях. У 1939 годзе ў СССР налічвалася 180 ППЛ.
Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на будаўніцтве шашы Мінск—Масква ў 1930-я гады.
У кастрычніку 1956 года — красавіку 1957 года ППЛ выведзены з падпарадкарання МУС і падначалены Міністэрству юстыцыі СССР. У канцы 1950-х гадоў зноў перададзены МУС СССР.
Крыніцы
Катэгорыя:ГУЛАГ Катэгорыя:Прымусовая праца