Барысаў камень — помнік гісторыі, знаходзіцца ў аг. Друя Браслаўскага раёна.

Апісанне Цемнавата-буры камень-валун каля 8 м у акружнасці, даўжынёй каля 6 м. Паверхня няроўная. На камені высечаны шасціканцовы крыж і надпісы «ІС ХС НИКА» i «ГИПОМОЗИ РАБУ (СВ)ОЕМУ…». Асноўная частка надпісу размешчана не сіметрычна адносна крыжа, а злева. Справа таксама выяўлены аналагічны па колькасці слоў надпіс. Тут у дадатак да двух радкоў з надпісамі ХС i КА размешчана яшчэ сем радкоў, у кожным з якіх высечана па 2-3 літары.

Гісторыя

Барысавы камяні вядомы на тэрыторыі колішняга Полацкага княства. Гэта, як правіла, унушальных памераў валуны, на якіх высечаныя крыжы і надпісы. У большасці выпадкаў у надпісе ўтрымліваецца імя Барыс. Гісторыкі звязваюць яго з полацкім князем Барысам Усяславічам, які мог уладарыць са жніўня 1127 года па 1128 год. Паводле летапісных звестак вядома, што ў 1128 г. у Полацкім княстве лютаваў голад, выкліканы неўраджаем. Магчыма, у гэты час і загадаў полацкі ўладар на вялізных і адметных валунах высечы крыжы і словы-заклінанні: «Господи помози рабу своему Борису». Паводле іншых меркаванняў, валуны выкарыстоўваліся ў дахрысціянскі перыяд язычнікамі для абрадаў. Ёсць думкі, што Барысавы камяні звязаны нейкім чынам з суднаходствам, гандлёвымі шляхамі. Нехта бачыў у іх памятныя знакі князя, межавыя адзінкі.

Доўгі час камень знаходзіўся ў рэчышчы Дзвіны. Падчас ліквідацыі ледзянога затору ў 1928 годзе яго пашкодзілі, і крыгаход сцягнуў масіўны валун на глыбіню. Навукоўцы лічылі яго страчаным. У выніку анамальна засушлівага і гарачага лета 2002 года рака моцна абмялела, і камень паказаўся з вады. Мясцовыя жыхары і ўлады з дапамогай цяжкай тэхнікі выцягнулі расколаты на тры часткі валун на бераг. Каб зрабіць помнік больш даступным для турыстаў, яго ў 2011 годзе перанеслі з берага на цэнтральную плошчу.

Спасылкі

heritage.gov.by

Катэгорыя:Барысавы камяні Катэгорыя:Друя Катэгорыя:Славутасці Браслаўскага раёна