«Termopile» (з лац. — Фермапілы) — беларускамоўны літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс, які выдаецца ў Польшчы з 1998 года. З'яўляецца друкаваным органам Беларускага літаратурнага аб'яднання «Белавежа», якое аб'ядноўвае беларускіх пісьменнікаў і паэтаў Беласточчыны.

Гісторыя і канцэпцыя Заснавальнікам і нязменным рэдактарам часопіса з'яўляецца паэт, перакладчык і літаратуразнаўца Ян Чыквін. Ідэйная канцэпцыя выдання была сфармулявана ім ва ўступнай нататцы да першага нумара, дзе падкрэслівалася імкненне да стварэння «формулы адкрытасці». Часопіс задумваўся як «месца сустрэчы для ўсіх тых, хто хоча творча займацца беларускім прыгожым пісьменствам, беларускаю культураю і іх даследаваннем, як у нас, так і па-за межамі Польшчы».

Першы нумар выйшаў у 1998 годзе і ўключаў матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай саракагоддзю «Белавежы» (20–21 чэрвеня 1998 года). З самага пачатку выданне пазіцыянавала сябе як платформа для аб'яднання літаратараў з розных цэнтраў беларускай культуры: у першым жа выпуску былі прадстаўлены аўтары з Беларусі, Падляшша і эміграцыі (ЗША, Германія, Чэхія), што сімвалізавала «ўз'яднанне літаратураў».

Змест і аўтары Часопіс мае шырокі жанравы дыяпазон: на яго старонках публікуюцца паэзія, проза, драматургія, эсэістыка, пераклады, літаратуразнаўчыя і крытычныя артыкулы, а таксама эпісталярная спадчына і аўтабіяграфічная проза.

У розныя гады ў «Termopile» друкаваліся класікі беларускай літаратуры і вядомыя пісьменнікі, такія як Янка Брыль, Масей Сяднёў, Ніл Гілевіч, Янка Сіпакоў, Анатоль Кудравец, Леанід Дайнека, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Юры Станкевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Радзім Гарэцкі. Вялікую ўвагу рэдакцыя надае творчасці беларускіх пісьменнікаў Польшчы, членаў аб’яднання «Белавежа»: Георгій Валкавыцкі, Янка Жамойцін, Дзмітрый Шатыловіч, Юры Баена, Жэня Мартынюк і іншыя.

Асобны блок у часопісе складае эпісталярная спадчына. У розных нумарах былі апублікаваны лісты Майсея Сяднёва, Міколы Цэлеша, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Дубоўкі, Ніна Мацяш, а таксама ліставанне Алеся Разанава з Галінай Бурынай. Гэтыя публікацыі ўводзяць у навуковы зварот унікальны асабісты вопыт творцаў у кантэксце сацыяльна-гістарычнай рэчаіснасці.

У выданні таксама існуе рубрыка «Дэбют», у якой публікуюцца першыя творы і навуковыя артыкулы студэнтаў Беластоцкага ўніверсітэта (з Кафедры беларускай філалогіі).

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Літаратурныя часопісы Польшчы Катэгорыя:Часопісы Польшчы на беларускай мове Катэгорыя:Часопісы Беластока Катэгорыя:Беларусазнаўства ў Польшчы Катэгорыя:1998 год у Польшчы