Бабру́йскае ге́та — яўрэйскае гета ў Бабруйску, створанае нацыстамі 1 жніўня 1941 года ў час Другой сусветнай вайны. Гета стала месцам прымусовага ўтрымання і знішчэння яўрэяў горада і навакольных населеных пунктаў.

Напярэдадні акупацыі Паводле перапісу 1939 года ў Бабруйску пражывалі 26 703 яўрэі, што складала 31,8 % ад агульнай колькасці жыхароў (84 078 чалавек). Пасля ўварвання Германіі ў СССР частка яўрэйскага насельніцтва паспела эвакуіравацца на ўсход, а многія мужчыны былі прызваны ў рады Чырвонай арміі. Дакладная колькасць яўрэяў, што засталіся ў горадзе на момант прыходу нямецкіх войскаў 28 чэрвеня 1941 года, невядомая.

Стварэнне гета З першых дзён акупацыі Бабруйска нацысты ўвялі цэлы шэраг дыскрымінацыйных мер для жыхароў горада. Апроч усеагульнага абавязку прытрымлівацца каменданцкага часу, яўрэям забаранялася знаходзіцца «па-за межамі свайго месца жыхарства».

У ліпені 1941 года нацысты стварылі юдэнрат — орган яўрэйскага самакіравання для выканання загадаў акупантаў. Першапачаткова ён размяшчаўся на вуліцы Пушкінскай, складаўся з 12 чалавек і ўзначальваўся рабінам Е. Розенбергам. Юдэнрат займаўся рэгістрацыяй яўрэяў, размеркаваннем іх на работы і зборам «кантрыбуцый» (золата, футра, грошай) для нацыстаў.

1 жніўня 1941 года была выдадзена абвестка аб абавязковым перасяленні яўрэяў у гета. Яно размяшчалася ў межах вуліц Новашасэйнай (цяпер — Бахарава), Затурэнскага (цяпер — Платона Галавача) і Бабровай. Працэс перасялення цягнуўся больш за 10 дзён, бо яўрэі спрабавалі ўцякаць. У бабруйскае гета таксама прыгналі яўрэяў з Глуска, Слуцка і Старых Дарог. Гета было закрытага тыпу: агароджанае і пад аховай.

Умовы ўтрымання Згодна з распараджэннем нямецкіх акупацыйных улад яўрэям забаранялася самавольна пакідаць гета, мяняць месца жыхарства і кватэры, карыстацца тратуарамі, грамадскім транспартам, паркамі і грамадскімі ўстановамі, дзецям — наведваць школы. Для яўрэяў уводзілася абавязковае нашэнне апазнавальных знакаў — акруглыя латы і шасціканцовыя зоркі жоўтага колеру, нарукаўныя павязкі з шасціканцовымі зоркамі..

У гета засялялі па 10—16 чалавек у пакоі. Забаранялася паліць у печы, мыцца і гатаваць ежу. Жыхары гета па начах уцякалі і абменьвалі рэчы на прадукты харчавання. Тых, каго хапалі на гэтым, расстрэльвалі на месцы.

Амаль да ліквідацыі гета яўрэі павінны былі пад прымусам выконваць для акупантаў самыя цяжкія работы, пры якіх многія з іх паміралі з-за нечалавечых умоў, без медыцынскай дапамогі. Вязняў выкарыстоўвалі на земляных работах па ўзвядзенні дотаў і равоў ля чыгункі, прыцягвалі да нацысцкай версіі сапёрных работ — людзей запрагалі ў бароны і яны цягнулі іх па мінным полі. Многія гінулі, падрываючыся на мінах, а на тых, хто спрабаваў схавацца, нацкоўвалі сабак.

Кваліфікаваныя рабочыя часова працавалі на гарадскім прамкамбінаце, камбінаце райсабеса, у майстэрні па вытворчасці трун (памяшканне былой фабрыкі «Чырвоны мэбельшчык»), Цітаўскай салатопцы.

Знішчэнне яўрэяў Існуе дакумент, які пацвярджае, што знішчэнне яўрэяў у Бабруйску пачалося яшчэ летам 1941 года. У акце аб пасяджэнні Бабруйскай абласной камісіі па расследаванні фашысцкіх злачынстваў ад 17 студзеня 1945 года прыводзяцца паказанні сведак аб тым, што ў адзін з ліпеньскіх дзён 1941 года ў 7 гадзін раніцы па правы бок Слуцкай шашы ў вёсцы Каменка расстраляны 250 чалавек. Сведкі сцвярджаюць, што за ліпень агульная колькасць знішчаных склала каля 10 тысяч чалавек.

Тое, што масавыя расстрэлы яўрэяў у горадзе вяліся яшчэ да лістапада 1941 года, пацвярджае данясенне начальніка паліцыі бяспекі і СД аб дзеянні эйнзатцгрупы «B» на акупаванай тэрыторыі СССР за перыяд з 1 да 31 кастрычніка 1941 года: «У Бабруйску было расстраляна 380 яўрэяў, якія да нядаўняга часу займаліся распаўсюджваннем прапаганды супраць нямецкіх акупацыйных улад».

Акрамя гэтага ў верасні—кастрычніку 1941 года эйнзатцкаманда 8 пад камандаваннем Карла Рурберга здзейсніла яшчэ два масавыя расстрэлы, падчас якіх былі забітыя 407 і 418 яўрэяў. Найбольш масавае забойства, за якое адказвала падраздзяленне 8-й кавалерыйскай брыгады СС, адбылося ў верасні 1941 года — тады на тэрыторыі аэрадрома былі забітыя каля 7000 бабруйскіх яўрэяў.

Знішчэнне вязняў гета праводзілася 6—7 лістапада 1941 года эйнзатцкамандай 8 і 316-м паліцэйскім батальёнам па загадзе штурмбанфюрара СС Ота Брадфіша. Раніцай паліцэйскія і салдаты ўварваліся ў гета і выгналі яўрэяў з дамоў. З мэтай утойвання сапраўднай прычыны, людзям абвясцілі пра паездку ў Палесціну. Месца запланаванага забойства знаходзілася за дзевяць кіламетраў ад Бабруйска, недалёка ад шашы на Слуцк. Яўрэяў збівалі прыкладамі вінтовак і заганялі ў машыны, якія адпраўляліся да вёскі Каменкі. Пагрузка працягвалася да самага вечара. Да месца расстрэлу спачатку прывезлі 500 ваеннапалонных з канцлагера, які размяшчаўся ў Бабруйскай крэпасці. Іх прымусілі вырыць два 10-метровыя равы, а пасля расстралялі. Затым тут быў расстраляны 5281 вязень гета.

Начальнік паліцыі бяспекі і СД у сваім данясенні так апісвае гэтыя падзеі: «У Бабруйску адразу ж пасля ўваходу часцей паліцыі бяспекі і СД яўрэі зноў актывізаваліся. Яны перасталі насіць апазнавальныя знакі, адмовіліся працаваць, уступілі ў сувязь з партызанамі і паводзілі сябе задзірліва ў адносінах да акупацыйных улад. Таму ў ходзе спецыяльна праведзенай акцыі быў расстраляны 5 281 яўрэй. Горад Бабруйск і яго наваколіцы, такім чынам, цяпер свабодны ад яўрэяў».

Частку яўрэяў-спецыялістаў (краўцоў, сталяроў і шаўцоў) акупанты пакінулі ў жывых, пасяліўшы ў чатырох дамах па вуліцы Новашасэйнай. Акрамя таго, акупанты прапанавалі вярнуцца ў гэта месца тым, хто з розных прычын пазбег расстрэлу. Апошнія жыхары гета былі ліквідаваны ў снежні 1941 — лютым 1942 года. У лютым нацысты знішчылі 70 яўрэяў, якія працавалі ў камендатуры.

Агульная колькасць забітых яўрэяў Бабруйска складае прыблізна 25 тысяч чалавек. Дакладная колькасць вязняў, якія выжылі, не вызначана, вядомыя толькі адзінкавыя выпадкі.

Лагер для варшаўскіх яўрэяў Пасля знішчэння мясцовых яўрэяў акупанты адчувалі патрэбу ў рабочай сіле. У лагер прымусовай працы паблізу вёскі Кісялевічы ў маі і ліпені 1942 года былі дастаўлены каля 3000 яўрэяў-мужчын з Варшаўскага гета. У лагеры (начальнік Клібек) была вылучана яўрэйская частка, дзе размясцілі тых, хто прыбыў. Нагляд за яўрэямі ажыццяўляў унтэршарфюрар Эйкапф. Польскіх яўрэяў прымушалі да цяжкіх фізічных работ (пераноска бярвён, рэек, будаўнічыя работы). Вядомы выпадак, калі 30 яўрэяў працавалі на працягу дня на будаўніцтве крэматорыя, пасля чаго іх расстралялі. Вязняў дрэнна кармілі, жылі яны ў былой стайні. Кожны дзень немцы выбіралі самых слабых і расстрэльвалі каля вёскі Каменкі. У 1943 годзе ў вёсцы Яловікі ў месцы «Лысая Гара» расстралялі 900 варшаўскіх яўрэяў. У студзені 1944 года ў лагеры прымусовай працы заставалася 40 яўрэяў, якіх адправілі ў Люблін.

Утойванне злачынстваў З восені 1943 года да студзеня 1944 года нацысты знішчалі сляды злачынстваў. Яны выкопвалі астанкі вязняў гета і спальвалі іх у раёне яўрэйскіх могілак. На месцах пахаванняў пракладвалі дарогі або засявалі збожжа.

Памяць У Дзяржаўным архіве Магілёўскай вобласці ёсць спіс 77 яўрэяў — вязняў Бабруйскага гета.

Мемарыяльны комплекс на месцы забойства нацыстамі вязняў Бабруйскага гета каля вёскі Каменкі быў створаны ў 1978 годзе. Вядомы ў горадзе майстар гадзіннікаў Меер Зелігер пасля вайны збіраў па горадзе астанкі загінулых і перавозіў на месца іх масавага расстрэлу ў Каменку. На ўскрайку лесу пад высокімі хвоямі два велізарныя равы. У агароджы — мармуровы абеліск і памятны камень з надпісам на ідыш: «Тут восенню 1941 года фашысты расстралялі вязняў бабруйскага гета».

3 ліпеня 2008 года на Сацыялістычнай вуліцы адкрылі «Алею Праведнікаў народаў свету» ў гонар бабруйчан, што ратавалі яўрэяў у гады Другой сусветнай вайны.

19 кастрычніка 2008 года на вуліцы Бахарава, каля прахадной завода трактарных дэталяў і агрэгатаў, адкрыты мемарыяльны знак «Вязням Бабруйскага гета».

У 2025 годзе на яўрэйскіх могілках Бабруйска адрэстаўрыравалі мемарыял на месцы пахавання астанкаў яўрэяў, якіх забілі падчас нямецкай акупацыі.

Гл. таксама Халакост у Бабруйскім раёне

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Гета ў Беларусі Катэгорыя:Гісторыя Бабруйска