Трэцяя англа-афганская вайна (, ) — узброены канфлікт, выкліканы барацьбой Афганістана за незалежнасць ад Брытанскай імперыі.

Перадгісторыя З пачаткам Першай сусветнай вайны ў разліку на збавенне ад брытанскага пратэктарата, Афганістан пачаў збліжэнне з Германіяй і Турцыяй. У Берліне спадзяваліся схіліць Кабул да саюза супраць Вялікабрытаніі, гарантаваўшы яму вяртанне ўсіх раней захопленых пуштунскіх зямель. Аднак такому збліжэнню супрацьстаяла ўжо не толькі Вялікабрытанія, але і яе саюзнік па Антанце – Расійская імперыя. Саюзнікі выгналі немцаў з суседняга Ірана і сарвалі іх планы па ўцягванні Афганістана ў вайну. У выніку Афганістан абвясціў аб сваім нейтралітэце.

У 1917 годзе ў Расіі адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. 3 снежня 1917 года савецкі ўрад прыняў «Зварот да ўсіх працоўным мусульманам Расіі і Усходу». У ім утрымліваліся заклікі да барацьбы супраць заходніх прыгнятальнікаў і запэўніванні ў падтрымцы гэтай барацьбы. Зварот атрымаў шырокае распаўсюджанне ў Афганістане.

Пасля Першай сусветнай вайны адносіны паміж Афганістанам і Вялікабрытаніяй яшчэ больш абвастрыліся. Эмір Хабібула-хан нагадаў брытанцам аб тым, што ў мінулай вайне адмовіўся ад збліжэння з немцамі і заняў нейтральную пазіцыю. За гэта пасля вайны ён запатрабаваў прызнання незалежнасці і вяртання адабраных пуштунскіх зямель. У сваю чаргу, брытанская дыпламатыя схіляла эміра да ўдзелу ў антысавецкай інтэрвенцыі ў Сярэдняй Азіі і прасіла яго дазволу аб перакідцы войск з Індыі ў Туркестан.

Не дасягнуўшы ніякіх дамоўленасцяў з Хабілой-ханам, брытанцы пайшлі звыклым шляхам — актывізавалі дзейнасць сіл унутранай апазіцыі, у выніку чаго 20 лютага 1919 года эмір быў забіты. Аднак кабульскі гарнізон і насельніцтва сталіцы не падтрымалі путч і выступілі на баку яго сына Амунулы-хана, які быў абвешчаны новым эмірам. 28 лютага 1919 года новы кіраўнік дзяржавы абвясціў незалежнасць краіны. Праз месяц, першым з замежных дзяржаў яе прызнала Савецкая Расія.

Сілы бакоў На тэрыторыю краіны ўварвалася англа-індыйская армія колькасцю больш за 300 тыс. чалавек. На яе ўзбраенні мелася значная колькасць артылерыі, бронемашын, кулямётаў і авіяцыі. Як і ў папярэдніх войнах у Афганістане, брытанцы рабілі стаўку на перавагу ў жывой сіле і ўзбраенні, але на гэты раз яно было значна больш істотным, чым раней.

Брытанцам супрацьстаяла 40-тысячная афганская армія. Яна была падзелена на тры групоўкі, кожнай з якіх трэба было дзейнічаць на сваім кірунку: хайберскім, кандагарскім і вазірыстанскім.

У адрозненне ад папярэдніх англа-афганскіх войн, у 1919 годзе армія Афганістана была лепш арганізавана і ўзброена. Напярэдадні Першай сусветнай вайны, Кабул выкарыстаў узаемныя кантакты з немцамі для ўмацавання сваіх узброеных сіл. У прыватнасці, быў пераняты вопыт нямецкага ваеннага будаўніцтва, закуплена значная колькасць крупаўскай артылерыі. Акрамя таго, у шэрагах афганскай арміі апынулася некалькі соцень нямецкіх і аўстрыйскіх афіцэраў. У гады Першай сусветнай вайны Расія накіроўвала ваеннапалонных у лагеры, размешчаныя ў Туркестане. Шмат каму з іх удавалася бегчы ў Афганістан, дзе эмір ахвотна прымаў іх у сваё войска. Баявы вопыт гэтых людзей аказаў дапамогу пры падрыхтоўцы афганскай арміі і вядзенні баявых дзеянняў.

Ход падзей Канфлікт пачаўся 3 мая 1919 года, калі афганскія войскі перайшлі мяжу на заходнім канцы Хайберскага перавала і захапілі горад Баг.

6 мая Вялікабрытанія пачала наступленне. Першы ўдар ўзялі на сябе пуштунскія плямёны на лініі Дзюранда. Затым каланізатары нанеслі авіяцыйныя ўдары па Джалалабаду і Кабулу. На хайберскім напрамку афганская армія пацярпела паражэнне. На кандагарскім напрамку актыўныя баявыя дзеянні не вяліся. Найбольш маштабныя падзеі разгарнуліся на вазірыстанскім кірунку. На працягу некалькіх папярэдніх гадоў брытанцы стваралі падкантрольную сабе ўзброеную арганізацыю з мясцовых плямёнаў, якая павінна была дзейнічаць супраць Кабула. Аднак атрады племянной міліцыі ў масавым парадку перайшлі на бок Амунулы-хана, перарэзаўшы камунікацыі праціўніка, які прасунуўся ўглыб афганскай тэрыторыі.

Каб выратаваць гарнізоны аддаленых фартоў ад знішчэння, брытанскае камандаванне аддало загад аб адступленні. Не толькі малыя фарты, але і такія буйныя крэпасці, як Вана, былі захопленыя паўсталымі плямёнамі. Афганскім войскам пад камандаваннем генерала Надзір-хана заставалася толькі развіць дасягнуты поспех. 27 мая афганцы пачалі аблогу крэпасці Тал. Шматлікі гарнізон быў адрэзаны ад крыніц забеспячэння вадой і падвергнуўся магутнай артылерыйскай атацы. З вялікай цяжкасцю брытанскаму камандаванню 1 ліпеня ўдалося дэблакаваць крэпасць Тал. Праз дзень Вялікабрытанія і Афганістан заключылі перамір’е.

Афганістан з-за сваёй тэхналагічнай адсталасці і абмежаванасці рэсурсаў не мог працягваць вайну з гэтак моцным праціўнікам. У сваю чаргу Вялікабрытанія не магла перамагчы, бо трэцяя англа-афганская вайна праходзіла ў іншай міжнароднай палітычнай абстаноўцы, чым першыя дзве. 1919 год адзначыўся перамогамі Савецкай Расіі над брытанскімі інтэрвентамі ў Закаўказзі і Сярэдняй Азіі. У Індыі ўзмацніўся вызваленчы рух. Многія афганскія сілы, якія былі да гэтага часу лаяльным да брытанцаў, канчаткова перайшлі ў стан змагароў за незалежнасць. Вялікабрытанія вымушана была адмовіцца ад працягу вайны.

8 жніўня брытанцы вымушаныя былі заключыць папярэдні мірны дагавор, які прадугледжваў поўную незалежнасць краіны.

Савецкая роля У час вайны Савецкая Расія пачала аказваць Афганістану не толькі палітычную, але і эканамічную дапамогу. Так, яна заключыла з Афганістанам дагавор, па якому давала права транзітных перавозак. Акрамя таго, бальшавікі, зацікаўленыя, каб брытанскія войскі не прайшлі з Індыі ў Туркестан, аказвалі Афганістану і ваенную дапамогу.

Наступствы Паспяховае заканчэнне барацьбы за незалежнасць, здабыццё Афганістанам беспярэчнай дзяржаўнасці і суб’ектнасці, з’яўленне саюзнікаў і заключэнне мірных дагавораў дазволілі афганскаму лідару Амунуле-хану праводзіць незалежную знешнюю палітыку, працягнуць цэнтралізацыю краіны, умацаванне дзяржаўных інстытутаў, кансалідацыю грамадства, рэформу ўсіх галін, эканамічнае развіццё. 28 лютага 1921 года ў Маскве быў падпісаны савецка-афганскі дагавор аб дружбе. У канцы 1921 года быў заключаны англа-афганскі мірны дагавор. Вялікабрытанія прызнавала поўную незалежнасць Афганістана. Паміж краінамі ўсталёўваліся нармальныя дыпламатычныя адносіны.

Літаратура Военный историк, доктор исторических наук, Владимир Прямицын. История борьбы афганского народа за независимость (часть 4)

Катэгорыя:Канфлікты 1919 года Катэгорыя:1919 год у ВялікабрытанііКатэгорыя:1919 год у АфганістанеКатэгорыя:Войны АфганістанаКатэгорыя:Войны Вялікабрытаніі Катэгорыя:Войны Індыі