Японскі сад Мантэвідэа () — гарадскі парк, размешчаны на адкрытай тэрыторыі за музеем Хуана Мануэля Бланеса ў Мантэвідэа (Уругвай).

Апісанне Сад займае плошчу 3 тыс. м² і быў задуманы ў стылі Сан-Суй («горы і воды»). Створаны па праекце японскага ландшафтнага архітэктара Харуха Іеды, ён уключае ў сябе пясчаныя насыпы, камяні, возера з карпамі коі, вадаспад, востраў, каменныя і драўляныя масткі, выбрукаваныя каменем дарожкі, чайны домік, а таксама вялікае мноства разнастайных раслін. Пасля, у перыяд з 2002 па 2004 год, сад быў удасканалены і абноўлены ландшафтным архітэктарам Ёічы Кікавай і аграномам Дарвінам Піцорна.

Раслінны свет сада прадстаўлены бамбукам, хенамелесам, спірэяй Spiraea cantoniensis, сакурай, азаліямі, ірысам несапраўднааіравым, архідэямі роду блетыла, рададэндранамі, гліцыніяй, рафіялепісам, а таксама мясцовымі відамі раслін, такімі як Lonchocarpus nitidus і эрытрынай пеўневы грэбень — нацыянальнай кветкай Уругвая, якая выступае ў дадзеным кантэксце сімвалам дружбы паміж двума народамі.

Сад быў падораны Японіяй у адзначэнне 80-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін з Уругваем; яго ўрачыстае адкрыццё адбылося 24 верасня 2001 года. Першапачаткова планавалася, што ў цырымоніі адкрыцця прыме ўдзел прынцэса Саяка, аднак тэрарыстычныя акты, якія адбыліся 11 верасня 2001 года ў Злучаных Штатах, вымусілі адмяніць яе візіт. У выніку прынцэса змагла наведаць Уругвай толькі ў 2003 годзе.

На драўлянай таблічцы, надпіс на якой выкананы каліграфічным почыркам тагачаснага прэм'ер-міністра Японіі Дзюніціра Коідзумі, выгравіравана: 平成苑 (Хэйсэй-эн; літар. «Сад Хэйсэй»). «Хэйсэй» — гэта назва сада; ён атрымаў яе таму, што быў адкрыты ў 2001 годзе — на 13-м годзе эры Хэйсэй, якая азнаменавала перыяд праўлення імператара Акіхіта.

Паштовая служба Уругвая выпусціла памятную паштовую марку, прысвечаную стварэнню гэтага сада.

Крыніцы

Спасылкі Blog Zona Japonesa — Imágenes del Jardín Japonés Video del Jardín Japonés Blog con imágenes del Jardín Japonés

Мантэвідэа Катэгорыя:Сады і паркі Мантэвідэа