Выбары ў Каардынацыйную раду 2026 года сталі другімі прамымі выбарамі дэлегатаў Каардынацыйнай рады Беларусі і выбарамі Рады IV склікання. Галасаванне праходзіла ў маі 2026 года ў анлайн-фармаце. У выбарах удзельнічалі дзевяць спісаў.
У галасаванні ўзялі ўдзел 2113 выбаршчыкаў. Найбольшую колькасць галасоў атрымала Кааліцыя Латушкі і руху «За свабоду» — 42 % (893 галасы). У Каардынацыйную раду прайшлі восем спісаў.
Кампанія суправаджалася DDoS-нападамі на платформу для галасавання, дыскусіяй вакол выбару кампаніі Sumsub для верыфікацыі выбаршчыкаў, рэкламай выбараў у расійскіх блогераў, прызнаннем часткі спісаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» беларускімі ўладамі і публічнай дыскусіяй пра ролю Каардынацыйнай рады.
Гісторыя
Падрыхтоўка
Прыём заявак ад выбарчых суб’ектаў пачаўся 10 сакавіка 2026 года і павінен быў працягвацца да 31 сакавіка. Да ўдзелу дапускаліся партыі, арганізацыі, фракцыі Каардынацыйнай рады, кааліцыі і групы грамадзян. Спіс мусіў мець праграму, не менш за дзесяць кандыдатаў і выконваць гендарную квоту ў 40 %.
Першапачаткова галасаванне планавалася правесці з 11 да 17 мая 2026 года. Удзел у ім мог узяць грамадзянін Беларусі з беларускім пашпартам або пашпартам «Новай Беларусі».
У выбарах удзельнічалі дзевяць блокаў у склад якіх уваходзіла ад 172 да 174 чалавек.
Кампанія
У красавіку 2026 года Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў удзельнічаць у выбарах, азнаёміцца са спісамі і праграмамі і зрабіць свядомы выбар. Яна падкрэслівала, што кандыдаты ішлі на ўдзел у КР, разумеючы магчымыя рызыкі і ціск.
10 мая 2026 года адбыліся перадвыбарчыя дэбаты з прадстаўнікамі васьмі з дзевяці спісаў. Удзельнікі абмяркоўвалі функцыі КР, яе адносіны з Офісам Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаным пераходным кабінетам, санкцыі, бяспеку, дапамогу беларусам за мяжой, заканатворчасць і магчымую рэформу самой Рады. Прадстаўнік спісу «Закон і правапарадак» у дэбатах удзелу не ўзяў.
Публічная частка кампаніі была прыкметнай у медыя, але непасрэдных сустрэч з выбаршчыкамі было няшмат. Былы спікер КР Андрэй Ягораў назваў недахоп кантакту з выбаршчыкамі «сутнаснай памылкай саміх кандыдатаў» і адзначыў, што агітацыі ў цэлым было мала.
Галасаванне
Яшчэ да пачатку галасавання платформа «Тры сланы», на якой размяшчаліся спісы кандыдатаў, сутыкнулася з маштабнымі DDoS-нападамі. 26 красавіка старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька паведаміла, што першая хваля атакі налічвала 3,5 мільярда запытаў, другая — 12 мільярдаў. Яна назвала атаку «беспрэцэдэнтнай» і «дзяржаўнага маштабу».
У першы дзень, 11 мая, галасаванне фактычна не пачалося. Спачатку старт адклалі праз дадатковую праверку тэхнічнага партнёра, пасля чаго пачалайся напад на сайт. Днём 12 мая галасаванне аднавілася.
15 мая платформа была недаступная больш за восем гадзін. Праз тэхнічныя праблемы галасаванне працягнулі да 12:00 19 мая.
Паводле Паўла Лібера, які адказваў за тэхнічную платформу, выбары праходзілі ва ўмовах «новай лічбавай рэальнасці»: каманда некалькі дзён падтрымлівала інфраструктуру пад бесперапыннымі нападамі і інфармацыйнымі ўкідамі. Ён ацаніў кошт атак у 100—200 тысяч еўра. Аптайм платформы склаў 95,2 %. Праз тэхнічныя прычыны не змаглі прагаласаваць 73 чалавекі. На платформу прыйшло больш за 24 мільярды запытаў і 68 ТБ трафіку; асобны ўдар прыйшоўся на Google Storage bucket, што вымусіла змяніць сайт для галасавання.
Вынікі
Галасаванне завяршылася 19 мая 2026 года. У ім узялі ўдзел 2113 чалавекі. Гэта было прыкладна ў тры разы менш, чым у 2024 годзе, калі на выбарах у III склад КР прагаласавалі 6723 чалавекі.
Найбольшую колькасць галасоў атрымала Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду» — 42 %, або 893 выбарцы. Другое месца заняў спіс «Еўрапейскі выбар», які ўзначальваў Валер Мацкевіч, — 14 %, або 295 галасоў. Трэцім стаў рух «Воля» — 10 %, або 220 галасоў.
Мандаты ў Каардынацыйнай радзе IV склікання былі размеркаваныя паміж васьмю спісамі. Спіс «Закон і правапарадак» мандатаў не атрымаў.
Спіс Мандаты Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду» 34 Еўрапейскі выбар 11 Воля 8 Наступ 8 Аб’яднаная грамадзянская платформа 6 Хопіць баяцца 5 Ваш голас 4 Беларусы дзеяння 4 Закон і правапарадак 0
Кааліцыя Латушкі і руху «За свабоду» істотна павялічыла прадстаўніцтва ў параўнанні з папярэднім складам Рады, але не атрымала абсалютнай большасці.
Спрэчныя пытанні
Рэклама ў расійскіх блогераў
Падчас кампаніі выбары рэкламавалі расійскія блогеры Ілля Варламаў і Максім Кац. Прадстаўнікі Варламава называлі кошт аднаго рэкламнага слота ў яго праграме «ЧП» у 4000 долараў. Пазней яны пацвердзілі, што рэклама была камерцыйнай. Кац заяўляў, што рабіў рэкламу бясплатна.
Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан тлумачыў, што рэкламу замаўлялі міжнародныя партнёры або донары, а не сама КР. Паводле яго, з Каардынацыйнай радай у гэтым пытанні не раіліся.
Пасля публікацыі рэкламы Каца істотнага росту галасавання не зафіксавалі. Уплыў рэкламы Варламава, якая выйшла да старту галасавання, ацаніць было складаней, але ў першы дзень было аддадзена крыху больш за 20 % усіх галасоў.
Выбар Sumsub
Перад пачаткам галасавання ўзнікла дыскусія вакол выкарыстання кампаніі Sumsub для KYC-верыфікацыі выбаршчыкаў. Для ўдзелу ў галасаванні трэба было пацвердзіць асобу і грамадзянства, у тым ліку праз здымак дакумента і сябе.
Крытыка тычылася паходжання заснавальнікаў Sumsub, яе ранейшых тэхналагічных сувязяў і інцыдэнту бяспекі, выяўленага ў 2026 годзе. Павел Лібер тлумачыў выбар Sumsub яе пазіцыяй на рынку, сертыфікатамі бяспекі і якасцю распазнавання дакументаў. Пазней кампанія адхіліла абвінавачанні ў сувязях з расійскай дзяржавай і заявіла, што сама выявіла і расследавала інцыдэнт бяспекі.
11 мая выбарчая камісія Каардынацыйнай рады, пасля дадатковай праверкі, не знайшла падстаў адмаўляцца ад супрацоўніцтва з Sumsub.
Ціск на ўдзельнікаў і выбаршчыкаў
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі прызнаў «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» шэсць кааліцый, якія балатаваліся ў Каардынацыйную раду. Рашэнне было прынятае 16 красавіка 2026 года. Статус атрымалі «Ваш голас», «Наступ», «Хопіць баяцца!», «Аб’яднаная грамадзянская платформа», рух «Воля» і «Беларусы дзеяння».
14 мая 2026 года звязаны з сілавікамі тэлеграм-канал апублікаваў відэа з двума мужчынамі, якіх, паводле сцвярджэння канала, затрымалі за галасаванне на выбарах у КР. Іх юрыдычны статус, абставіны затрымання і тое, ці сапраўды яны галасавалі, заставаліся невядомымі. Сілавікі таксама пагражалі крымінальнай справай за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» як кандыдатам, так і выбаршчыкам.
Ацэнкі і рэакцыя Франак Вячорка пасля выбараў станоўча ацаніў сам факт іх правядзення і захаванне пераемнасці Каардынацыйнай рады. Разам з тым ён прызнаў патрэбу ў рэформе КР, бо многія людзі не разумеюць яе функцый. Ён таксама адзначыў, што Радзе патрэбныя больш актыўная праца, лепшы сакратарыят і большае ўключэнне грамадзянскай супольнасці.
Палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі перад выбарамі адзначаў, што Каардынацыйная рада была створаная ў іншых палітычных умовах — у 2020 годзе, калі чаканні хуткага транзіту ўлады былі значна мацнейшыя. Паводле яго, у эміграцыі структура «павісла ў паветры» і пакуль не стала паўнавартасным «протапарламентам». Адначасова ён падкрэсліваў, што КР мае значэнне як абранае прадстаўніцтва, у тым ліку для ўдзелу беларусаў у Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
Гісторык Аляксандр Пашкевіч звязаў нізкую яўку з тым, што значная частка беларусаў не бачыць практычнай карысці ад Каардынацыйнай рады. Паводле яго, ва ўмовах адсутнасці механізмаў для выканання рашэнняў КР яе дзейнасць можа ўспрымацца як праект без зразумелага выніку.
Аўтар артыкулаў выдання «Наша Ніва» Мікола Бугай крытыкаваў выбары як фармат, які не здольны дасягнуць масавага ўдзелу ва ўмовах рэпрэсій. Ён таксама ставіў пад сумнеў выбар Sumsub, рызыкі маніпуляцый пры малой колькасці выбаршчыкаў і саму мадэль фармавання прадстаўнічага органа.
Спікер КР III склікання Арцём Брухан, наадварот, сцвярджаў, што Рада не павінна самараспускацца, бо выконвае функцыі міжнароднага прадстаўніцтва, лабіявання беларускіх пытанняў і пляцоўкі для дыскусій унутры дэмакратычнага руху. Ён таксама выступаў за ўзмацненне паўнамоцтваў КР, у тым ліку ў адносінах да Аб’яднанага пераходнага кабінета.
Гл. таксама Выбары ў Каардынацыйную раду (2024)
Крыніцы
Катэгорыя:Каардынацыйная рада (Беларусь) Катэгорыя:Выбары ў Беларусі Катэгорыя:2026 год у Беларусі