Пампей Мікалаевіч Бацюшкаў (; ) — расійскі гісторык, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, выдавец. Малодшы брат паэта Канстанціна Бацюшкава.Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1996. — Т.2. — С. 363.Вялікае Княства Літоўскае : энцыклапедыя : [у 3 т.]. — Мінск, 2010. — Т. 3. — С. 59-60.Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. — Мінск, 1993. — Т.1. — С. 336.

Біяграфія Нарадзіўся ў маёнтку Данілаўскае Валагодскай губерні ў дваранскай сям’і, болей вядомай праз яго брата Канстанціна Бацюшкава.

Атрымаў адукацыю спачатку ў прыватным пансіянаце для сталічнай арыстакратыі, пазней у Вышэйшай артылерыйскай школе (скончыў у 1831). Да 1840 служыў у арміі. У 1850 годзе быў прызначаны віцэ-губернатарам Ковенскай губерні. У 1856-67 — віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных вераванняў. Вынікам яго дзейнасці была пабудова ў Беларусі і Украіне больш 2 тысячаў праваслаўных цэркваў па тыпавых праектах. Прымаў захады перавесці багаслужэнне ў Мінскай губерні з польскай мовы на рускую (праз ксяндза Сенчыкоўскага). У 1868-69 — папячыцель Віленскай навучальнай акругі. На гэтых пасадах Бацюшкаў аддана служыў самадзяржаўю, быў інструментам яго русіфікацыйнай палітыкі. Па палітычных поглядах славянафіл.

У 1870—1882 гадах Пампей Бацюшкаў працаваў у Маскве. Тут ён вызначыўся як віцэ-прэзідэнт Славянскага камітэта, які арганізоўваў грамадскую салідарнасць з барацьбой балканскіх народаў супраць асманскага ярма і збіраў сродкі на патрэбы руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў.

З 1882 года Бацюшкаў пастаянна пражываў у Санкт-Пецярбургу і цалкам прысвяціў сябе навуковай, літаратурнай і выдавецкай дзейнасці.

Пасля цяжкай хваробы памёр 20 сакавіка 1892 года. Пахаваны ў Новадзявочым манастыры ў Маскве.

Асабісты архіў Пампея Бацюшкава зберагаецца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (аддзел рукапісаў, ф. 52).

Працы З 1860-х гадоў Пампей Бацюшкоў стаў вядомым у расійскіх акадэмічных колах дзякуючы шэрагу прац. Напрыклад, у 1863 годзе ў Санкт-Пецярбургу быў апублікаваны яго «Атлас народонаселения Западно-Русского края по исповеданиям». У 1868—1885 гадах у Санкт-Пецярбургу выйшлі восем выпускаў серыйнага выдання «Памятники русской древности в западных губерниях», у якім упершыню былі сабраны ілюстрацыі, малюнкі і гравюры ўнікальных помнікаў старажытнасці краін Балтыі, Беларусі, Валыні і Падолля. Аднак, як адзначаюць сучасныя даследчыкі, у гэтых выданнях аўтар аддаваў перавагу помнікам рускай культуры і ігнараваў мясцовую гістарычную традыцыю. .

Па ўласнай ініцыятыве, падтрыманай царскім урадам і Расійскай акадэміяй навук, з сярэдзіны 1880-х гадоў Пампей Бацюшкаў пачаў ствараць абагульненую гісторыю заходніх губерняў. Для гэтай мэты ён падабраў калектыў аўтараў, у склад якога ўвайшлі таленавітыя навукоўцы: прафесар Кіеўскай духоўнай акадэміі Мікалай Пятроў — аўтар асноўнага тэксту кніг, пецярбургскі гісторык Мітрафан Гарадзецкі — рэдактар тэкстаў, а таксама мясцовыя даследчыкі і краязнаўцы. Сам Бацюшкаў ажыццяўляў арганізацыйнае і навукова-метадычнае кіраўніцтва, распрацоўваў асобныя раздзелы, браў на сябе выдавецкія клопаты.

Дзякуючы намаганням гэтага творчага калектыву ў Санкт-Пецярбургу былі выдадзены ілюстраваныя кнігі, якія заклалі трывалую аснову для развіцця гістарычнага краязнаўства:

«Холмская Русь. Историческое описание» (1887), «Волынь. Исторические судьбы Юго-Западного края» (1888), «Белоруссия и Литва. Историческое описание» (1890), «Подолия. Историческое описание» (1891), «Бессарабия. Историческое описание» (1892).

Расійская акадэмія навук завяла навуковую прэмію і медаль імя Бацюшкава, якія да 1917 года ўручаліся навукоўцам, якія дасягнулі найбольшых поспехаў у вывучэнні рэгіёнаў імперыі.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Гісторыкі Расіі Катэгорыя:Краязнаўцы