Інакенцій Іванавіч Якаўкін () — расійскі навуковец-правазнавец, гісторык права, бібліятэказнавец і бібліёграф, доктар гістарычных навук (1935), прафесар (1938), дырэктар Бібліятэкі Акадэміі навук СССР.
Біяграфія Нарадзіўся 12 жніўня 1881 года ў Іркуцку ў купецкай сям’і. Пасля сканчэння маскоўскага рэальнага вучылішча Мазінга (1900) некалькі гадоў вывучаў эканамічныя і дзяржаўныя навукі ў германскіх універсітэтах Брэслава і Гейдэльберга. Вучоба ў Германіі не заладзілася праз цягу да гуманітарных навук.
У 1904 годзе здаў іспыт на атэстат сталасці пры 1-й Пецярбургскай гімназіі і паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўніверсітэта. Скончыў універсітэт у 1911 годзе, аднак дзяржаўныя іспыты змог здаць толькі ў 1912 годзе, бо не меў пасведчання пра палітычную добранадзейнасць. Пакінуты пры ўніверсітэце для падрыхтоўкі да прафесарскай дзейнасці па кафедры рымскага права.
З 1910 года працаваў у Публічнай бібліятэцы (Санкт-Пецярбург) вольнанаёмным супрацоўнікам. У 1922—1924 гадах займаў пасаду загадчыка Юрыдычнага аддзялення, а ў 1924—1929 — намесніка дырэктара бібліятэкі па навуковай рабоце. У 1918—1923 гадах быў намеснікам старшыні Камітэта дзяржаўных навуковых бібліятэк. У 1922—1923 гадах браў удзел у савецка-польскіх перагаворах.
Педагагічную дзейнасць пачаў у 1918 годзе ў Політэхнічным інстытуце (чытаў курс гісторыі рускай народнай гаспадаркі да 1925 года). У 1920 годзе пасля здачы магістарскіх экзаменаў пачаў выкладаць рымскае і грамадзянскае права ў Петраградскім універсітэце. У 1923—1928 гадах быў прафесарам Інстытута народнай гаспадаркі, пазней выкладаў у Інстытуце савецкага права, а таксама ў 1-м і 2-м юрыдычных інстытутах.
У 1929 годзе прызначаны намеснікам дырэктара Бібліятэкі Акадэміі навук (БАН) СССР, а ў 1930 годзе стаў яе дырэктарам, займаў пасаду да канца жыцця. Пад яго кіраўніцтвам створана сетка акадэмічных бібліятэк і арганізаваны міжнародны кнігаабмен.
У снежні 1935 года Прэзідыум АН СССР яму нададзена ступень доктара гістарычных навук (у некаторых крыніцах памылкова даецца 1936). У лістападзе 1938 года зацверджаны ў вучоным званні прафесара.
У 1942—1944 гадах быў у камандзіроўцы ў Маскве, выкладаў у Ваенна-юрыдычнай акадэміі і Гісторыка-архіўным інстытуце. Па вяртанні ў Ленінград у 1944 годзе ўзначаліў кафедру гісторыі дзяржавы і права ў ЛДУ.
Памёр 23 або 24 мая 1949 года.
Сям’я Бацькі — Іван Мікалаевіч і Неаніла Сямёнаўна Якаўкіны, з купецтва. Хросны бацька — будучы буйны фінансіст Мікалай Утораў. Жонка — Кацярына Лапа-Старжэнецкая.
Творчасць Асноўныя навуковыя інтарэсы ў галіне гісторыі права Вялікага Княства Літоўскага, Маскоўскай дзяржавы і Старажытнага Рыма. Магістарская дысертацыя (1918) прысвечана запазычанням са Статута ВКЛ ва Улажэнне 1649 года.
Не вядома ці быў Якоўкін асабіста знаёмы з маскоўскім калегам, даследчыкам права ВКЛ Мікалаем Беражковым, але напісаў першую рэцэнзію на фундаментальную манаграфію Беражкова "Літоўская метрыка як гістарычная крыніца"..
Выбраныя працы Закупы Русской правды // Журнал Министерства народного просвещения. Ч. 44 (1913, № 4), отд. 2. С. 236—295; Ч. 45 (1913, № 5), отд. 2. Стр. 101—119. М. Ф. Владимирский-Буданов (некролог) // Журнал Министерства народного просвещения. Ч. 66 (1916). С. 35—48. Памяти акад. М. А. Дьяконова // Дела и дни. Кн. 1. Петербург: Гос. изд-во, 1920. С. 595—596. Договор, как нормативный факт в древнем праве // Сборник статей по русской истории, посвященных С. Ф. Платонову. Петербург: Огни, 1922. С. 15—23. Научные библиотеки Ленинграда: материалы для справочника / под ред. Инн. Ив. Яковкина. Л.: ГПБ, 1928. — 151 с. К вопросу о роли понтификов в древне-римском легисакционном процессе // Академия наук — Н. Я. Марру. М.-Л., 1935. С. 779—780. Законодательные акты Великого княжества Литовского XV—XVI вв. / подг. к печати И. И. Яковкиным. Л.: Соцэкгиз, 1936. — 152 с. (зборнік дакументаў) Библиотека Академии наук и ее фонды // Вестник Академии наук СССР. № 5-6 (1945). C. 248—252. Рец.: Н. Г. Бережков. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.-Л., 1946 // Вестник Академии наук СССР. № 8-9 (1946). С. 186—187.
Узнагароды Ордэн Леніна; Ордэн «Знак Пашаны»; Медаль «За абарону Ленінграда»; Медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.».
Крыніцы
Літаратура История Библиотеки Академии наук СССР. — М — Л., 1964. Начало «Дела» Академии наук: стенограмма заседания Особой Комиссии Наркомата РКИ СССР, 24 октября 1929 г. // Исторический архив. — 1993. — № 1.
Катэгорыя:Гісторыкі Расіі Катэгорыя:Дактары гістарычных навук