Гіляры Радушкевіч герба Радван (; 1838, Берасценава, Аршанскі павет — 5 красавіка 1900, Вільня) — віленскі лекар.
Біяграфія Нарадзіўся ў маёнтку Берасценава ў Аршанскім павеце.
Сын Клеменса. Скончыў Магілёўскую мужчынскую гімназію. Вывучаў медыцыну ў Імператарскай медыка-хірургічнай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, якую скончыў у 1861 годзе. Як стыпендыят расійскага ўрада накіраваны лекарам у пяхотны полк у Лідзе, праз тры гады — у Віленскі ваенны шпіталь (размяшчаўся ў Палацы Сапегаў на Антокалі). Там Радушкевіч набыў асаблівую папулярнасць і славіўся як выдатны дыягност. Лекар Ваеннага шпіталя стаў багатым чалавекам падчас руска-турэцкай вайны 1877—1878 гадоў. Пасля выхаду на пенсію практыкаваў у Вільні. Абраны ў Віленскае медыцынскае таварыства ў 1870 годзе. Быў вядомы з грамадскай дзейнасці і дабрачыннасці.
Палац Радушкевіча У канцы XIX стагоддзя набыў зямельны ўчастак на вуліцы Кальварыйскай, насупраць касцёла Святога Рафала. На ўзгорку ён пабудаваў элегантны палац у стылі гістарыцызму (пераважна неагатычным) як сваю рэзідэнцыю і даходны дом. Палац з багата ўпрыгожанымі фасадамі, спраектаваны архітэктарам Юліянам Янушэўскім, пабудаваны паміж 1894 і 1900 гадамі.
У 1897 годзе, пасля выхаду на пенсію, доктар Радушкевіч пераехаў з сям’ёй у паўднёва-ўсходняе крыло палаца. Аднак ужо ў 1900 годзе ён памірае. Пасля яго смерці палац некаторы час заставаўся ва ўласнасці сям’і, надалей пераходзіў у прыватныя рукі.
Пасля вайны ў былым палацы размяшчаўся інтэрнат Педагагічнага інстытута, а пазней — станцыя хуткай медыцынскай дапамогі.
У 1962—1963 гадах падчас будаўнічых работ, звязаных з пашырэннем вуліцы Кальварыйскай значная частка палаца была знесена. У 1980-х гадах будынак быў адрамантаваны і перададзены ў дар Літоўскаму саюзу архітэктараў. Сёння палац унесены ў Літоўскі рэестр гістарычных помнікаў.
Капліца Радушкевіча на могілках Росы У 1888 годзе Радушкевіч пабудаваў новую цагляную вежу на месцы драўлянай званіцы капліцы на могілках Росы, таксама спраектаваную архітэктарам Юліянам Янушэўскім. Пад вежай знаходзіцца капліца-араторыя, а ў крыпце — сямейная магіла заснавальніка.
У 1895 годзе мастак Вікенцій Сляндзінскі стварыў абразы святога Гілярыя і чатырох евангелістаў для капліцы (захоўваюцца ў Музеі царкоўнай спадчыны ў Вільні).
Эпітафія доктара Радушкевіча высечана на сцяне капліцы.
У 2019 годзе ў капліцы ўрачыста перапахаваны рэшткі паўстанцаў 1863—1864 гадоў (Канстанцін Каліноўскі, Зыгмунт Серакоўскі і іншыя), які былі пакараны смерцю царскімі ўладамі і таемна пахаваны на Замкавай гары.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Правадзейныя стацкія саветнікі Катэгорыя:Медыкі Катэгорыя:Медыкі XIX стагоддзя