Парасонік грабеньчаты (Lepiota cristata) — грыб роду парасонік (Lepiota) сямейства шампіньёнавыя (Agaricaceae). Неядомы.

Капялюшык 2-5 см ∅; у маладых грыбоў — званочкападобны, канічны, чырванавата-карычневы, гладкі; у спелых грыбоў — выпукла-распаўсюджаны, сухі, парэпаны, канцэнтрычна пакрыты нячастымі вохрыстымі, памяранцава-ці жаўтлява-карычневымі востраканцовымі лускавінкамі па-над бялёсай скуркі; сярэдзіна капялюшыка застаецца цёмнай і гладкай, часам з грудком у цэнтры.

Пласцінкі вольныя, частыя, няроўныя, тонкія, белыя, пазней крэмавыя.

Ножка 2-8 х 0,2-0,5 см, тонкая, цыліндрычная, злёгку пашыраная да асновы, гладкая, шаўкавістая, полая, жаўтлявая або крэмавая, з ружаватым адценнем у падставы. Кальцо — вузкае, тонкае, далікатнае, бялёсае або з чырванаватым адценнем; хутка знікае.

Мякаць белая, кудзелістая, з непрыемным хімічным пахам і кіслая на смак.

Споравы парашок белы; у падвіда з Пенсільваніі Lepiota cristata var. viridispora Kyde & J.L. Peterson, 1986 — шаравата-зялёны.

Крыніцы

Катэгорыя:Шампіньёнавыя