Уладзімір Усеваладавіч () — арыстакрат з роду Рурыкавічаў.

Біяграфія Сын наўгародскага князя Усевалада Мсціславіча і невядомай імем дачкі луцкага князя Святаслава Давыдавіча, у інацтве як Мікалая Святошы. Бацькі ўзялі шлюб у 1123/24 (6631) годзе ў Ноўгарадзе.

Уладзімір нарадзіўся не раней за 19 мая 1125 года, пасля смерці прадзеда, вялікага князя Уладзіміра Манамаха, чыім імем названы. Старэйшым мог быць брат (як звычайна і лічаць гіпатэтычна), старэйшай магла быць і сястра Верхуслава, ададзеная замуж у 1135—1136 гадах. Таму Валянцін Янін заўважаў, што ў згадках пра заснаванне Усеваладам пад 1127 годам і пра смерць Івана пад 1128 годам летапісы называюць яго «сынам», а не «старэйшым сынам», — значыць, іншага магло яшчэ не быць. Гэта не вычарпальна пераканаўча, але з улікам іншых фактаў Дарыюш Дамброўскі схільны «асцярожна падтрымаць» гіпотэзу пра нараджэнне Уладзіміра пасля 1128 года.

Згаданы аднойчы, калі наўгародцы ў 1136 годзе схапілі і выгналі князя Усевалада з горада, Уладзімір жа заставаўся ў Ноўгарадзе яшчэ прынамсі чатыры дні (15-19 ліпеня), пакуль на княжанне не прыйшоў Святаслаў Ольгавіч.

Прычына затрымання княжыча не вядома, на думку адных даследчыкаў, ён быў закладнікам, на думку іншых — наўгародцы мелі прымхлівы страх пакідаць сталец без князя. Болей пра Уладзіміра няма пэўных звестак. На думку Аляксандра Назарэнкі, «няясна нават», ці перажыў Уладзімір падзеі 1136 года.

На думку Освальда Бальцара, якую развіў Мікалай Баўмгартэн і падтрымаў Уладзімір Пашута, менавіта Уладзімір быў жанаты з Рыксай Баляслаўнай і яго дачка Сафія ў 1157 годзе ўзяла шлюб з дацкім каралём Вальдэмарам Кнудсанам. Такой гіпотэзе, аднак, пярэчаць іншыя даследчыкі.

Смерць Уладзіміра ў гістарыяграфіі датуюць пасля 1139, каля 1141, у 1140—1145 або 1146—1150 гады. Дамброўскі адзначае, што гэтыя датыроўкі грунтуюцца толькі на меркаваннях гісторыкаў пра час нараджэння Сафіі, дачкі Рыксы. Даследчык заўважае, што Уладзіміра не згадаваюць летапісы ў даволі падрабязных апісаннях апошніх месяцаў жыцця яго бацькі, не згаданы ён і ў жыціях кананізаванага Усевалада, магчыма, княжыч памёр неўзабаве па падзеях 1136 года. Сам Дамброўскі лічыць, што імавернасць яго гіпотэзы аслабляе маўчанне летапісаў пасля мая — ліпеня 1136 года і пра жонку, потым удаву, Усевалада.

У 1970 годзе Янін атрыбутаваў Уладзіміру групу з 29 пячатак з выявай Святога Іаана Хрысціцеля на адным баку і выявай Дабравешчання на другім, з гэтай прычыны працяглы час Уладзіміру прыпісвалі хроснае імя Іван, даследчык разважаў, што Дабравешчанне абвясціў архангел Гаўрыіл — патрон Усевалада-Гаўрыіла, а Святы Іаан — адпаведна, патрон яго сына. У 2001 годзе Янін змяніў меркаванне, бо колькасць знойдзеных пячатак зусім неадэкватная для калі не чатырохдзённага, то паўтарамесячнага магчымага княжання Уладзіміра, і пераатрыбутаваў іх іншаму сыну Усевалада — Івану.

Імавернасць шлюбу Гіпотэза Баўмгартэна ў значнай ступені грунтавалася на хроніцы (XIII ст.), які пад 1151 годам паведамляў пра шлюб караля Вальдэмара са сваячкай трэцяй ступені (tertio gradu sibi consanguineam, 3 : 3) — дачкой Рыксы і Магнуса Нільсана, роднай сястрой караля Кнуда, значыць, блізкай па лініі Свена Эстрыдсена. Як адзначыў Дамброўскі, гэта не можа пацвердзіць блізкасць Вальдэмара з Сафіяй па лініі Мсціслава Уладзіміравіча і наогул яе рускага паходжання. Альберык дапусціў шмат памылак, ён прыпісаў «Сафію з Русі» (Sophiam de Russia) у жонкі Вальдэмару II, сыну Вальдэмара, Рыксу лічыў дачкой польскага князя Уладзіслава Выгнанніка, а другога яе мужа — рускім князем Мусухам (regi Russie nomine Musuch), не звязаным з жонкамі абодвух Вальдэмараў.

Назарэнка ж адзначае, што Уладзімір і Вальдэмар — унукі вялікага князя Мсціслава Уладзіміравіча, і ў разе, калі б першы быў бацькам дачкі Рыксы — Сафіі, то другі б браў шлюб з «уласнай пляменніцай» («ступені 3 : 2»), сваячкай у пятай ступені, што забараняла кананічнае права.

Дамброўскі заўважае, што Рыкса была прынамсі на 9 гадоў старэйшая за Уладзіміра і шлюбы, калі жанчына настолькі старэй за сужэнца, бывалі, але «даволі рэдка». Шлюб мог бы адбыцца па смерці першага мужа Рыксы — Магнуса Нільсана, 4 чэрвеня 1134 года, але ў ліпені 1136 года летапіс не называе нявесткі сярод сям’і Усевалада — жонкі, дзяцей і цешчы — значыць, на думку даследчыка, яе не было тым часам у Ноўгарадзе. Пасля ж выгнання Усевалада і пагатоў смерці неўзабаве, на думку Дамброўскага, не ясна «наколькі выгадным» мог быць такі шлюб Баляславу Крывавустаму. Пагатоў, па выгнанні род Мсціславічаў агулам аказаўся ў няяснай сітуацыі, а Баляслаў Крывавусты ўжо парадніўся з Усеваладам, ажаніўшы ў 1135/1136 гадах свайго сына Баляслава з яго дачкой Верхуславай, і ў такіх умовах шлюб яшчэ двух дзяцей выглядае «дужа сумнеўна».

Заходнія крыніцы не называюць Уладзімірам бацьку каралевы Сафіі. «Генеалогія дацкіх каралёў» называе яго Waledar, сага «Прыгожая скура», «Сага пра Кнютлінгаў», «Агляд саг пра дацкіх канунгаў» — адпаведна, Valaðs, Valaðars, Valaðar, то-бок Валадар. Паводле ж Ганны Літвіной і Фёдара Успенскага, скандынаўскія крыніцы паслядоўна размяжоўвалі імёны Уладзімір і Валадар.

З заходніх крыніц вынікае, што бацька Сафіі жыў і слаў ёй падарункі яшчэ ў 1176—1178 гадах («Жыціе і цуды святога Фамы» і «Дзеі данаў»), а яго сыны — браты каралевы — у 1194 годзе княжылі ў адной з зямель (regni) Русі («Генеалогіі дацкіх каралёў»). Пра Уладзіміра ж апроч выпадковай згадкі пад 1136 года нічога не вядома, пагатоў пра яго сыноў.

На такім грунце даследчыкі цяпер у асноўным не схільны лічыць Уладзіміра мужам Рыксы і бацькам Сафіі. Імаверным разглядаюць шлюб Рыксы з менскім князем Валадаром Глебавічам (Мунк, Гален, Лінд, Джаксан, Назарэнка, Літвіна і Успенскі, Дамброўскі, Калінгер, Самонава). Таксама прапаноўвалі разглядаць як мужа Рыксы галіцкага князя Уладзіміра Валадаравіча і негістарычных, уяўных асоб, цяпер гэтыя версіі не прымаюцца.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Манамахавічы