Барталаме́а Ка́рла Растрэ́лі (; ; ) — італьянскі скульптар, прадстаўнік барока.

Біяграфія Каля 1700 года пасяліўся ў Парыжы. Працаваў у галіне манументальнай скульптуры, для якой была характэрна павышаная дэкаратыўнасць. У 1703—1706 гадах стварыў надмагілле маркіза дэ Пампона ў парыжскай царкве Сен-Мэры; твор не захаваўся.

У 1716 годзе па запрашэнні Пятра I пераехаў у Санкт-Пецярбург. Паводле ўмоў запрашэння павінен быў займацца скульптурнымі і архітэктурнымі работамі, стварэннем садоў і фантанаў, тэатральных механізмаў і дэкарацый, а таксама навучаць гэтым заняткам мясцовых майстроў. На практыцы Растрэлі працаваў пераважна як скульптар.

Творчасць

У творчасці Растрэлі барочная параднасць і пышнасць спалучаліся з імкненнем дакладна перадаць фактуру матэрыялу і пераканаўча ахарактарызаваць мадэль. Да яго асноўных партрэтных твораў належаць выявы Аляксандра Меншыкава (1716—1717), Пятра I (1723), невядомага мужчыны, які часам лічыцца аўтапартрэтам скульптара (1732), і скульптурная група «Ганна Іванаўна з арапчонкам» (1733—1741).

У 1743—1744 гадах стварыў конную статую Пятра I, якая ў 1800 годзе была ўстаноўлена перад Міхайлаўскім замкам у Санкт-Пецярбургу. Удзельнічаў таксама ў афармленні Вялікага каскада ў Пецяргофе, для якога ў 1721—1723 гадах выканаў маскароны і іншыя скульптурныя элементы, і ў стварэнні распачатай у 1721 годзе мадэлі Трыумфальнага стаўпа ў гонар Пятра I і Паўночнай вайны.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Растрэлі // Беларуская энцыклапедыя на Verbum.by

Катэгорыя:Скульптары Італіі Катэгорыя:Скульптары барока Катэгорыя:Скульптары XVIII стагоддзя Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1675 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1744 годзе