Дэкампрэсійная хвароба — хвароба чалавека, абумоўленая рэзкай зменай ціску навакольнага асяроддзя. Узнікаюць у лётных экіпажаў пры працяглых палётах на вышыні больш за 8 тысяч метраў, у вадалазаў і кесоншчыкаў (кесонная хвароба) пры апусканнях на значныя глыбіні. Адносіцца да прафесійных хвароб.
Кесонная хвароба — від дэкампрэсійнай хваробы, якая ўзнікае пры хуткіх пад’ёмах на паверхню з вялікіх водных глыбінь. Бывае пасля кесонных і вадалазных работ пры парушэнні правіл дэкампрэсіі (паступовага пераходу ад высокага да нармальнага атмасфернага ціску). Адрозніваюць лёгкую, сярэднюю і цяжкую формы кесоннай хваробы. Прыкметы: сверб, болі ў суставах і мышцах, галавакружэнне, парушэнні мовы, зацямненне свядомасці, паралічы. Лячэнне: рэкампрэсія ў лячэбных шлюзах (паўторнае ўздзеянне на хворага павышаным ціскам да ўзроўню, пры якім знікаюць сімптомы кесоннай хваробы).
Літаратура
Катэгорыя:Прафесійныя хваробы