Рыгор Фёдаравіч Самохін ( г. Горкі — ?) — беларускі кампазітар, дырыжор, музыкант.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1911 годзе ў Горках на Магілёўшчыне ў сям’і агранома. Сям’я пазней перабралася ў Оршу, дзе Рыгор вучыўся ў сямігодцы.
У 1928 годзе ён пераязджае ў Менск. Тут атрымаў прафесійную музычную адукацыю ў Беларускай кансерваторыі, дзе займаўся ў класе Васіля Залатарова. Да вайны працаваў кантрабасістам у сімфанічным аркестры опернай студыі, быў кіраўніком домравага ансамбля на радыё, а пасля — дырыжорам аркестра народных інструментаў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Вынікам кампазітарскай дзейнасці Рыгора Самохіна ў гэты час сталі апрацоўкі беларускіх народных песень, рамансы на словы беларускіх паэтаў, капрычыо, уверцюры, беларускія рапсодыі, дзве сюіты для аркестра народных інструментаў, трыа-фантазія для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, тэмы з варыяцыямі і сімфонія для вялікага сімфанічнага аркестра.
У 1941 годзе застаўся ў занятым немцамі Мінску. Арганізаваў і ўзначаліў нацыянальны ансамбль цымбалаў. Супрацоўнічаў з мінскай акруговай радыёстанцыяй. Падчас акупацыі Рыгор Самохін стварыў оперу «Каваль-ваявода» на лібрэта Яўгена Міровіча. Шматлікія рамансы, сярод якіх найбольш папулярным быў «Непагодны вечар» на верш Максіма Багдановіча, выдадзены асобнай брашурай у Рызе ў 1942 годзе накладам 2000 асобнікаў.
Дакладныя абставіны гібелі Рыгора Самохіна няясныя. У 1944 годзе ён цяжка захварэў. Сярод даследчыкаў існавалі версіі, што ён мог выехаць у эміграцыю пры адступленні нямецкіх войск, аднак найімаверней жыццё яго абарвалася падчас ваеннага ліхалецця.
Літаратура Зайгралі спадчынныя куранты: цыкл нарысаў з гісторыі прафесійнай музычнай культуры Беларусі / Віктар Скорабагатаў. — Мінск, 1998.
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Горках Катэгорыя:Дырыжоры Беларусі Катэгорыя:Кампазітары Беларусі