Ляво́нцій, свецкае імя Алякса́ндр Тумо́ўскі () — беларускі грэка-каталіцкі святар, манах-студыт, доктар тэалогіі. З 14 верасня 2026 года з'яўляецца апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.
Біяграфія Аляксандр Тумоўскі нарадзіўся 9 ліпеня 1973 года ў горадзе Полацку. Скончыў сярэднюю школу № 9 у суседнім Наваполацку. 27 мая 1995 года паступіў паслушнікам у Свята-Успенскую Унеўскую лаўру манахаў Студыйскага ўстава (студытаў) ва Украіне. Першыя манаскія абяцанні (шлюбы) ён склаў у 1997 годзе, а 27 жніўня 2000 года прыняў малую схіму з імем Лявонцій.
Філасофію і тэалогію вывучаў у Львоўскай вышэйшай духоўнай семінарыі і ва Украінскім каталіцкім універсітэце ў Львове, дзе атрымаў ступень магістра тэалогіі. Тэма яго дыпломнай працы была прысвечана праблематыцы духоўнасці блаславёнага расійскага экзарха Леаніда Фёдарава.
З 2008 па 2018 год айцец Лявонцій удасканальваў сваю адукацыю ў Рыме. Там ён атрымаў ступень ліцэнцыята, а ў 2018 годзе ў Папскім усходнім інстытуце паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Сімяон Студыт: духоўнае вучэнне ў візантыйскім агульнажыцейным манастыры X–XII стагоддзяў», здабыўшы навуковую ступень доктара ўсходняга багаслоўя.
Царкоўнае служэнне Дыяканскае пасвячэнне прыняў 28 жніўня 2002 года. 18 мая 2003 года біскуп Стрыйскі Юльян Гбур удзяліў іерадыякану Лявонцію святарскае пасвячэнне.
У тым жа 2003 годзе іераманах Лявонцій стаў настаяцелем Барысаглебскага манастыра Студыйскага ўстава ў Полацку і пробашчам мясцовай грэка-каталіцкай парафіі свяшчэннамучаніка Язафата Кунцэвіча. На гэтых пасадах святар служыў да 2008 года. Адначасова з 2004 па 2006 год ён выконваў абавязкі віцэ-дэкана парафій Беларускай грэка-каталіцкай царквы (БГКЦ), а ў 2006 годзе быў прызначаны дэканам (протапрэсвітарам) Усходняга протапрэсвітарыята БГКЦ, якім таксама кіраваў да 2008 года.
Апроч душпастырскай дзейнасці, айцец Лявонцій працаваў выкладчыкам. У 2012 годзе ў межах летняй праграмы Інстытута мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ва Уневе ён выкладаў гісторыю ўсходняга хрысціянства, ведучы адмысловы курс, прысвечаны ўзнікненню і развіццю ранняга хрысціянскага манаства.
У 2015 годзе Лявонцій Тумоўскі з'яўляўся адказным за душпастырства ўкраінскіх вернікаў візантыйскага абраду ў Грэцыі. З 2022 года выконваў абавязкі адказнага за душпастырства вернікаў Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Польшчы.
14 верасня 2026 года Папа Рымскі Леў XIV прыняў адстаўку архімандрыта Сяргея Гаека ў сувязі з дасягненнем ім вызначанага ўзросту і прызначыў айца Лявонція Тумоўскага новым апостальскім адміністратарам для каталікоў візантыйскага абраду ў Беларусі.
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся 9 ліпеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1973 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Полацку Катэгорыя:Святары Беларускай грэка-каталіцкай царквы Катэгорыя:Каталіцкія святары Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Украінскага каталіцкага ўніверсітэта Катэгорыя:Выпускнікі Папскага ўсходняга інстытута