Артапедычны абутак — спецыяльны абутак для людзей з дэфармаванымі ступнямі і ступнямі з функцыянальным дэфектам. Дапамагае выправіць пачаткова няўстойлівую дэфармацыю ступні, кампенсаваць пакарачэнне канечнасці, павялічыць плошчу апоры, падтрымаць звод ступні, вызваліць балючыя месцы ад нагрузкі, зрабіць канечнасць апорнай, калі дэфармацыю нельга ліквідаваць хірургічнымі метадамі. Паказанні для нашэння: плоскаступнёвасць, пакарачэнне ступні і канечнасці; касалапасць, паралітычныя дэфармацыі ступняў, аплікозы галёнкаступнёвага сустава; хранічныя ацёкі і інш. Артапедычны абутак носяць таксама на артапедычных апаратах, гіпсавых павязках і пратэзах. Вырабляецца ён індывідуальна пад кантролем урача.
Просты артапедычны абутак мала адрозніваецца ад звычайнага; складаны мае спецыяльную канструкцыю верху і нізу. Адной з галоўных частак артапедычнага абутку з’яўляецца пластычная вусцілка (супінатар), якую вырабляюць па злепку са ступні. Верх артапедычнага абутку ўмацоўваюць «падтрымкамі» або цвёрдымі паўгарсэтамі. Вышыню верху пры паралічы мышцаў галёнкі павялічваюць да палавіны лыткі. На Беларусі выраблялі і рамантавалі артапедычны абутак на Мінскім пратэзным заводзе і ў пратэзных майстэрнях абласных цэнтраў.
Літаратура
Катэгорыя:Абутак