Анцылус, чашачка, шароўка (Ancylus) — род прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх з сямейства катушак. 3—4 віды. Найбольш вядомы анцылус рачны (Ancylus fluviatilis). Пашыраны ў рэках Еўропы, Паўночнай Афрыкі, Эфіопіі і Пярэдняй Азіі. На Беларусі трапляецца рэдка ў прыбярэжнай зоне рэк і некаторых азёраў (Нарач, Дрывяты) сярод зараснікаў водных раслін.
Цела ўкрыта шапачкападобнай з невысокай верхавінкай ракавінай (даўжыня 5, вышыня 4 мм). Мантыйная поласць рэдукаваная, ніжні край мантыі мае лопасцепадобны выраст, які функцыянуе як другасная шчэлепа (для анцылуса характэрна вяртанне ад лёгачнага паветраннага дыхання да воднага). Орган зроку каля асновы шчупальцаў. Корміцца водарасцямі, зялёнымі часткамі водных раслін. Удзельнічае ў біялагічным ачышчэнні вадаёмаў. Да роду анцылуса адносілі і анцылуса азёрнага (Ancylus lacustris), які зараз вылучаны ў асобны род Acroloxus. Літаратура
Крыніцы
Катэгорыя:Катушкі