Пружы́нішчы (, ) — вёска ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Любанскага сельсавета.
Геаграфія
Размяшчэнне За 26 км на ўсход ад гарадскога пасёлка Акцябрскі, 250 км ад Гомеля, 30 км ад чыгуначнай станцыі Рабкор на чыгунцы Бабруйск — Рабкор, адгалінаванні лініі Асіповічы — Жлобін.
Транспартная сетка Транспартныя сувязі па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Акцябрскі — Азарычы.
Інфармацыя Планіроўка складаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой на ўсходзе далучаецца кароткая вуліца, блізкая да мерыдыянальнай арыентацыі. Асобна на ўсходзе размяшчаецца кароткая шыротная вуліца. Забудова пераважна двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу. У складзе сельскагаспадарчага ААТ «Бумажкова-Агра» (цэнтр — Любань), малочнатаварная ферма. Клуб, бібліятэка, крама.
Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вядомая з XVIII стагоддзя, калі ўваходзіла ў маёнтак Дуброва. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) у складзе Расійскай імперыі. У XIX стагоддзі ў складзе падухоўнага маёнтка Дуброва. У 1879 годзе ў ліку паселішчаў Дуброўскага царкоўнага прыходу. На 1897 год у Чэрнінскай воласці Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1907 годзе ў наёмнай хаце адкрыта школа.
На пачатку 1930-х гадоў арганізаваны калгасы «2-я пяцігодка» і «Чырвоны ўсход», працавалі 2 ветракі. Падчас Вялікай Айчыннай вайны партызаны разграмілі нямецкі апорны пункт, створаны ў вёсцы. У красавіку 1942 года карнікі цалкам спалілі вёску і забілі 111 жыхароў. Пры вызваленні вёскі вызначыліся радавы С. Дз. Роман (закрыў сваім целам амбразуру дзота), гвардыі лейтэнант Д. М. Ахмедаў, лейтэнант Г. Д. Лапацін, камандзіры аддзяленняў В. М. Літвінаў і І. Т. Малка. Усім ім прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. 57 жыхароў загінулі на фронце.
Насельніцтва
Колькасць 2011 год — 45 двароў, 74 жыхары.
Дынаміка 1857 год — 27 двароў, 150 жыхароў. 1897 год — 59 двароў, 366 жыхароў (паводле перапісу). 1908 год — 64 двары, 404 жыхары. 1925 год — 108 двароў. 1940 год — 123 двары, 450 жыхароў. 1959 год — 332 жыхары (паводле перапісу). 1997 год — 65 двароў, 113 жыхароў. 2004 год — 58 двароў, 101 жыхар.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Любанскі сельсавет (Акцябрскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Акцябрскага раёна