Гро́дна (), часта Го́радня () — горад на захадзе Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Гродзенскай вобласці і Гродзенскага раёна. Стаіць на рацэ Нёмане, на мяжы з Польшчай і Літвой (за 15 і 30 км адпаведна). Вузел чыгунак на Вільню (Літва), Масты, Беласток (Польшча), аўтамабільных дарог на Вільню, Ліду, Ваўкавыск. Порт, аэрапорт.

Гродна — адзін з найстарэйшых гарадоў Беларусі. Упершыню згаданы пад 1128 годам у Іпацьеўскім летапісе. З сярэдзіны XIII стагоддзя ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У 1376 годзе Гродна вылучана ў асобнае ўладанне князю Вітаўту. У 1795 годзе Гродна далучана да Расійскай імперыі, з 1801 года цэнтр Гродзенскай губерні. Горад быў цэнтрам паўстання 1863—1864 гадоў на Беларусі. У кастрычніку 1920 года горад заняты польскімі войскамі, заставаўся ў складзе Польскай Рэспублікі да верасня 1939 года, калі горад заняла Чырвоная Армія. 23 чэрвеня 1941 года Гродна захоплена нямецкімі войскамі, а 16 ліпеня 1944 года ў ходзе аперацыі «Баграціён» у горад увайшлі савецкія войскі. З 1991 года ў складзе незалежнай Беларусі.

Назва Нарматыўная форма назвы паходзіць ад беларусізаванай рускай перадачы польскай назвы (Гродна > Гродно > Grodno) і адлюстроўвае працэсы спачатку паланізацыі, а потым русіфікацыі Беларусі.

У першых пісьмовых дакументах XII ст. — Городень, Городно, Городня, варыянты напісанняў даволі шматлікія. Паводле В. Жучкевіча, у аснове назвы — славянскае горад, гарадзьбаВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 87.. У. Ніканаў прыводзіць варыянт Городьнъ, значэнне якога тлумачыць як «агароджанае, умацаванае месца»В. А. Никонов. Краткий топонимический словарь. Москва, 1966. С. 110. Э. Мурзаеў выводзіць назву Гродна ад слова горад. У даўніну горадам называліся гарадскія сцены, унутраная частка паселішча; крэпасць, абароннае збудаванне. Першапачатковае значэнне слова — «агароджа»Э. М. Мурзаев. Словарь народных географических терминов. Москва, 1984. С. 154—155.. На думку А. Рогалева, назвы Городенъ, Городно (першапачатковая форма назвы горада Гродна) спачатку з’яўляліся прыметнікамі і разумеліся як «абгароджаны населены пункт, умацаванае паселішча». Акрамя таго словамі гародна, гародня таксама называлі прамавугольны зруб з бярвенняў ці драўляных брускоўА. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 36.. В. Лучык назву Гродна, як і ўкраінскія айконімы Гарадзенка, Гародня тлумачыць ад горад «абгароджанае месца; агарод». Городьнъ — «звязаны з горад» або «гарадскі»В. В. Лучик. Етимологічний словник топонімів України. Київ, 2014. С. 162..

Адпачатным варыянтам назвы лічыцца форма «Горадзен», засведчаная як «Городенъ» у летапісных запісах пачынаючы ад ХІІ ст.Швед В. В. и др. Гораден. Рассказы из истории города (10 век — середина 16 века) = Горадзен. Аповеды з гісторыі горада (10 ст. — сярэдзіна 16 ст.). — Гродно, 1996. — 60 с.

Назвы горада на розных мовах, у розны час: Городен, Городень, таксама Городна, Городня — старажытнаруская-старабеларуская летапісная назва. Гро́дно — паланізаваная назва, з’явілася каля 1560-х гадоў. Го́радна, Го́радня — мясцовыя варыянты назвы ў XX стагоддзіГорадня // Беларуска-расійскі слоўнік. — Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. (— Мн.: Народная асвета, 1993. — ISBN 5-341-00918-5). Гаро́дня — сучасная паэтычна-літаратурная назва (М. Багдановіч, У. Караткевіч), папулярная як альтэрнатыва афіцыйнай. Grodna — сярэдневяковая лацінская назва (атлас Браўна, 1575). Grodno — польская назва. Gardinas — літоўская назва. Garthen, Garten — нямецкая назва ў сярэдневяковых лаціна- і нямецкамоўных хроніках (таксама Garto), якая ўжывалася як афіцыйная ў XX стагоддзі, у час нямецкіх акупацый.

пачатковая форма(назоўны склон) Гродна Горадна Горадня Горадзен Горадзень Гародня граматычны род ніякі ніякі жаночы мужчынскі мужчынскі жаночы родны скл. Гродна Горадна Горадні Горадна Горадня Гародні давальны скл. Гродну Горадну Горадні Горадну Горадню Гародні вінавальны скл. Гродна Горадна Горадню Горадзен Горадзень Гародню творны скл. Гроднам Гораднам Горадняй Гораднам Гораднем Гародняй месны скл. Гродне Горадне Горадні Горадне Горадні Гародні

Герб Гербам Гродна з’яўляецца так званы Алень Святога Губерта, які быў прыняты 1 кастрычніка 1990 года. Такім самым быў і першы герб горада (1540—1795). Пэўны час (15 чэрвеня 1988 — 1 кастрычніка 1990) выкарыстоўвалася адмена герба без крыжа, але з пяціканцовай зоркай у левым верхнім куце. У часы Расійскай імперыі горад карыстаўся двума варыянтамі герба з выявай зубра. Больш ранні варыянт быў неафіцыйным гербам горада ў часы СССР.

Геаграфія

Геалогія і рэльеф Мясцовасць горада і ваколіц узгорыстая.

Будаўнічыя мел і вапна на паўночных ускраінах (Мелавыя Горы). Раней на паўночным усходзе здабывалі гліну.

Глеба гліністая.

Клімат Клімат Гродна ўмерана кантынентальны з мяккай зімой і цёплым летам.

Час пасеваў: канец сакавіка-пачатак чэрвеня. Жніво да сярэдзіны верасня. Пазней — азімыя пасевы і збор пладоў. Пераважны кірунак вятроў — заходні.

Гідраграфія

Рака Нёман цячэ праз цэнтр горада з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і, прыняўшы ў сябе Ласасянку, крута паварочвае на поўнач. Даліна Нёмана вузкая. У цэнтры горада і ніжэй па цячэнні правы бераг вышэйшы за левы. Берагі ўяўляюць сабой асобныя ўзвышшы, прарэзаныя стромкімі ярамі і пакрытыя пералескамі (Румлёва вышэй па цячэнні, лесапарк Пышкі — ніжэй). Нёман суднаходны ўніз па цячэнні.

Прытокі Нёмана: ў гістарычным цэнтры — рэчкі Гараднічанка і Юрысдыка, на ўскраіне — рака Ласасянка i рэчка Зарніца.

Азёры: Юбілейнае вадасх., кар’ер «Зялёнка».

Адміністрацыйны падзел Гродна падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны — Ленінскі і Кастрычніцкі. У горадзе ёсць 120 мікрараёнаў

Гісторыя

Старажытнасць Да ўзнікнення дзяржаў землі Гарадзеншчыны засялялі плямёны крывічоў, яцвягаў, літвы. Археалагічныя раскопкі паказваюць, што першыя славянскія паселішчы на высокім беразе Нёмана з’явіліся яшчэ ў X стагоддзі. У XII стагоддзі на месцы гэтых паселішчаў узнік горад, які размяшчаўся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў і першапачаткова ўяўляў сабой невялікую крэпасць з умацаваным гандлёвым горадам.

Першыя звесткі пра Горадзен змяшчаюцца ў Іпацьеўскім, Лаўрэнцеўскім і Радзівілаўскім летапісах і датуюцца 1127 годам (у савецкай гістарыяграфіі з прычыны няправільнага пераводу летазлічэння памылкова замацавалася дата 1128; менавіта ад яе па інерцыі лічацца і адзначаюцца юбілеі горада), калі ён быў сталіцай Гарадзенскага княства. У другой палове XII стагоддзя князі Барыс і Глеб збудавалі царкву, вядомую цяпер як Каложская. У 1283 або 1284 годзе на горад упершыню напалі войскі Тэўтонскага ордэна.

У XIII стагоддзі мясцовыя княствы пачалі кансалідавацца вакол Наваградка, беручы ўдзел у стварэнні новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. З 1270 года Гарадзенскае княства канчаткова ўвайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага.

У Вялікім Княстве Літоўскім Пасля далучэння да Вялікага Княства Літоўскага Горадзен быў ва ўладанні вялікага князя Трайдзеня, які ў 1276 годзе пасяліў тут прусаў, што ўцяклі ад крыжакоў.

У XIII—XIV стагоддзях Горадзен вёў упартую барацьбу з Тэўтонскім ордэнам. Прыкладна ў 1300 годзе кашталянам Горадзенскага замка стаў знакаміты Давыд Гарадзенскі, сын Даўмонта і найбліжэйшы паплечнік Гедзіміна. У 1305 годзе ён разам з Гедзімінам каля Горадна разбіў ушчэнт войска крыжацкага комтура Конрада Ліхтэнхагена. На працягу наступных гадоў ён не толькі паспяхова адбіваў варожыя напады, але і сам наносіў крыжакам удары. У 1326 годзе Давыда Гарадзенскага па-здрадніцку забіў мазавецкі шляхціч Андрэй Гост.

У 1376 годзе Горадзень перайшоў у валоданне князя Вітаўта, які зрабіў горад у 1392 годзе другой сваёй сталіцай (агулам у 1386—1430 гадах вялікі князь наведаў Горадзень 31 раз). У канцы XIV стагоддзя Вітаўт заснаваў у горадзе Фарны касцёл. Неўзабаве Горадзень стаў найслаўнейшым, пасля Вільні, горадам краіны. Горадзенская харугва ў складзе войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала пад кіраўніцтвам Вітаўта ў Грунвальдскай бітве.

Са скасаваннем у 1413 годзе княстваў, Горадна стала павятовым горадам Троцкага ваяводства. У 1391 годзе яно атрымала няпоўнае, а ў 1496 — поўнае Магдэбургскае права. У Горадне ўтварылася магістратура, а ў 1540 годзе горад атрымаў уласны герб «у блакітным полі алень святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі». У 1543—1601 гадах у Горадне дзейнічала «Літоўская капэла» — адзін з найбольш ранніх музычных калектываў на Беларусі.

У 1560—1561 гадах Гродна займала вялікую тэрыторыю, складалася з права- і левабярэжнай частак, у горадзе былі тры плошчы (старадаўнія «Нямецкі» і «Занёманскі» рынкі), 32 вуліцы і 5 трактаў.

У Рэчы Паспалітай Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стэфан Баторый у 1576 годзе перабудаваў палац, вядомы як Стары Замак, у якім да 1586 года размяшчалася яго рэзідэнцыя. Па смерці Стэфана Баторыя ў сувязі з тым, што паміж прыдворнымі медыкамі ўзнікла спрэчка, 14 снежня 1586 года ў Гродне правялі першае на тэрыторыі Усходняй Еўропы анатамаванне яго цела. Станам на 1588 год у месце было больш за 700 будынкаў, 31 вуліца, цэхі рамеснікаў-металістаў, цагельнікаў, ганчароў, целляроў і інш. У 1589—1795 гадах Гродна — цэнтр эканоміі. У 1633 годзе ў Гродне прымалі Венецыянскае пасольства.

У гэтыя часы ў Гродне распачалі сваю дзейнасць манаскія ордэны езуітаў, дамініканцаў, францысканцаў, бернардзінак, брыгітак, кармелітаў і баніфратаў (першы каталіцкі аўгусцінскі кляштар з’явіўся тут яшчэ ў XV стагоддзі). Пасля Берасцейскай уніі ў Гродне імкліва распаўсюджваецца ўніяцтва. Да канца XVIII стагоддзя ў горадзе было 9 касцёлаў і 2 уніяцкія кляштары.

З другой паловы XVII стагоддзя пачаўся час эканамічнага заняпаду ў развіцці Гродна, што было наступствам шляхецкай анархіі і шматлікіх спусташальных войнаў.

У вайну паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай (1654—1667) Гродна ў 1655—1657 гадах захапілі і спустошылі маскоўскія войскі. У 1673 годзе прынята соймавая канстытуцыя, паводле якой у месце мусіў праводзіцца кожны трэці сойм Рэчы Паспалітай. У 1678 годзе тут адбыўся першы генеральны сойм, на якім зацвердзілі Андрусаўскі дагавор аб перамір’і паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай і ўтварылі саюз паміж дзвюмі дзяржавамі супраць Турцыі.

У Паўночную вайну (1700—1721) у 1702—1708 гадах Гродна некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі, было разбурана і разрабавана расійскімі і шведскімі войскамі, а ў 1709—1710 гадах горад перажыў чумную пошасць, у выніку якой загінула значная частка насельніцтва.

У 1705 годзе ў Гродне, у Фарным касцёле, адбылася сустрэча паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Аўгустам Моцным і расійскім імператарам Пятром I, якія выпрацоўвалі супольную палітыку супраць шведскага караля Карла XII. Вялікую шкоду нанеслі гораду пажары 1675, 1720, 1750 і 1782 гадоў.

У другой палове XVIII стагоддзя ў Гродне працавалі дзяржаўныя ўстановы Вялікага Княства Літоўскага — Скарбовая камісія, Ваенная камісія, асэсарскі суд. У 1775 годзе ў Гродна з Мінска і Навагрудка перанеслі пасяджэнні вярхоўнага суда Вялікага Княства Літоўскага — Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага. У 1793 годзе горад атрымаў статус сталіцы Гродзенскага ваяводства.

У 1760-я—1770-я гады гарадзенскі староста, падскарбі надворны літоўскі Антоні Тызенгаўз заснаваў у месце і яго ваколіцах шэраг мануфактур: суконную, збройную, панчошную, карэтную і г. д. Ён жа адкрыў першы ў Гродне тэатр.O Teatrach grodzieńskich 1784-1864, «Znad Wilii», nr 4 (60) z 2014 r., s. 143—145 (pol.), http://www.znadwiliiwilno.lt/wp-content/uploads/2020/04/Znad-Wilii-60.pdf; З 1775 па 1781 гады ў горадзе існавала медыцынская акадэмія, якую ў 1781 годзе перанеслі ў Вільню на правах медыцынскага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Створаная на сродкі Антонія Тызенгаўза Гродзенская музычная трупа пасля пераводу ў Варшаву дала пачатак Варшаўскай оперы.