ABW.BY (раней – «Автобизнес», газета «Автобизнес-Weekly») — беларускі аўтамабільны інфармацыйны партал і аўтакласіфайд. Адзін з найстарэйшых профільных медыярэсурсаў Беларусі. З 1993 па 2018 год праект існаваў у фармаце штотыднёвай газеты, а з 2018 года цалкам перайшоў у лічбавы фармат.

Газетны перыяд (1993—2018) Выданне было заснавана ў Мінску ў 1993 годзе пад назвай «Автобизнес-Weekly». Першы нумар выйшаў 11 лютага 1993 года. Першапачаткова газета спецыялізавалася на публікацыі прыватных аб’яў аб куплі-продажы аўтамабіляў і запчастак, а таксама падавала інфармацыю пра цэны на аўтарынках.

Акрамя камерцыйнай інфармацыі, выданне публікавала рэдакцыйныя матэрыялы: агляды аўтамабіляў, навіны заканадаўства, парады па эксплуатацыі і рамонце. На працягу 1990-х і 2000-х гадоў газета была адным з вядучых друкаваных выданняў аўтамабільнай тэматыкі ў Беларусі.

У 1994 годзе быў запушчаны звязаны з газетай часопіс «АБС», які спачатку выходзіў у чорна-белым, а потым і ў каляровым варыянце і выдавалася да 2008 года.

У 2006 годзе пачаў працу вэб-сайт abw.by. Першапачаткова рэсурс функцыянаваў як анлайн-версія друкаванага выдання, якая дублявала базу аб’яў, але пазней развіўся ў самастойны інфармацыйны партал.

У сувязі са змяненнем медыяспажывання і лічбавізацыяй рынку ў 2018 годзе было прынята рашэнне аб спыненні выпуску папяровай версіі газеты. Выданне цалкам засяродзілася на развіцці інтэрнэт-партала abw.by.

Сучасны этап (з 2018 года) Пасля адмовы ад друкаванай версіі рэсурс працягнуў працу як класіфайд (дошка аб’яў) і навінавае СМІ.

У 2019 годзе abw.by прайшоў праз рэбрэндынг і атрымаў лагатып «Автобизнес».

У снежні 2021 года ТАА «Банусторг», кампанія-ўладальнік abw.by, стала рэзідэнтам Парка высокіх тэхналогій.

У лістападзе 2023 года партал abw.by абвясціў пра прыпыненне дзейнасці.

17 студзеня 2024 года работа рэсурсу была адноўлена. Адбылася змена ўласніка і перазапуск праекта з абноўленай структурай кіравання.

У ліпені 2024 года быў праведзены рэбрэндынг праекта з «Автобизнеса» на ABW.BY, пасля чаго ён атрымаў актуальны выгляд і яркі аранжавы дызайн. Дзейнасць Асноўнымі напрамкамі працы партала з’яўляюцца:

інфармацыйны блок: штодзённая публікацыя навін аўтамабільнага свету, змяненняў у ПДР і заканадаўстве, аўтарскіх тэст-драйваў новых і ўжываных аўтамабіляў, рэпартажаў, экспертных матэрыялаў і спецыяльных праектаў;

класіфайд: база прапаноў аб продажы легкавых і грузавых аўтамабіляў, мотатэхнікі, спецтэхнікі, запчастак і паслуг;

сэрвісы : AI-пошук аўто, PRO-падпіска, праверка аўтамабіля па VIN, каталог мадыфікацый, паслугі аўтакампаній і інш.

Матэрыялы выдання рэгулярна цытуюцца іншымі беларускімі СМІ і агрэгатарамі навін.

Спасылкі www.abw.by

Катэгорыя:Газеты Беларусі Катэгорыя:Газеты на рускай мове Катэгорыя:Беларускія інтэрнэт-СМІ Катэгорыя:З’явіліся ў 1993 годзе