Беларуская дыяспара — сталае, доўгатэрміновае ці часовае пражыванне значнай часткі беларускага народа (этнічнай супольнасці) па-за дзяржавай (гістарычнай тэрыторыяй) свайго паходжання. Фарміравалася ў выніку эміграцыі — выезду грамадзян са сваёй Бацькаўшчыны ў іншыя краіны на пастаяннае або доўгае пражыванне па палітычных, рэлігійных, эканамічных, этнічных ці іншых прычынах, а таксама ў выпадку сацыяльных (войны, рэвалюцыі) або прыродных катаклізмаў.

У канцы XIX ст. — 1980-я гг. дыяспара ахоплівала ад 1/6 да амаль 1/3 часткі беларускай нацыіЭГБ. Т 3. С. 328. У пачатку 1990-х гг. за межамі Рэспублікі Беларусь пражывала 3—3,5 млн. беларусаў. Гэта лічба ўключае ў сябе нашчадкаў эканамічных эмігрантаў з Беларусі канца XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя, эмігрантаў часоў Другой сусветнай вайны, а таксама эмігрантаў з хвалі, якая пачалася ў 1990-х гадах. Іншая група беларускай дыяспары — людзі, якія мігравалі ў СССР да 1991 года, а пасля яго распаду сталі жыхарамі постсавецкіх краін. Асобную групу складаюць карэнныя беларускія меншасці, якія пражываюць на межах Беларусі з Польшчай, Латвіяй, Літвой, Расіяй, Украінай.

Найбуйнейшыя і найбольш арганізаваныя беларускія дыяспары пражываюць у Расіі, Украіне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, краінах Балтыі. Існуе тэндэнцыя да скарачэння колькасці людзей, якія ідэнтыфікуюць сябе як беларусы паводле афіцыйных перапісаў.

Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» з’яўляецца міжнароднай арганізацыяй, якая аб’ядноўвае людзей беларускага паходжання з усяго свету. Урад Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні з 1919 года і дзейнічае ў якасці цэнтра кансалідацыі для многіх беларусаў за мяжой, асабліва ў Паўночнай Амерыцы і Заходняй Еўропе.

Хвалі эміграцыі У розных гістарычных умовах па эканамічных, палітычных, канфесійных, ваенных і іншых прычынах насельніцтва беларускіх зямель перасялялася ў іншыя рэгіёны.

Ранняя эміграцыя Насельніцтва пачало пакідаць беларускія землі ўжо ў часы існавання тут найстаражытнейшых дзяржаўных утварэнняў. У XI—XII стст. па-за межы родных мясцін выходзілі прадстаўнікі кіруючай эліты, якія пакідалі іх у сувязі з палітычнымі абставінамі (найчасцей ва ўмовах паражэння ў барацьбе за ўладу). Напрыклад, высылка з Полацкай зямлі ў Візантыйскую імперыю 5 князёў з дынастыі Рагвалодавічаў з жонкамі і дзецьмі па загадзе кіеўскага князя Мсціслава Уладзіміравіча ў 1129 (толькі 2 з 5 выгнаннікаў вярнуліся ў родныя мясціны ў 1140).

Падобны характар эміграцыя мела ў ранні перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага і ў часы яго росквіту (XIII — 1-я палова XV ст.). Так, полацкі князь Андрэй Альгердавіч, які адмовіўся прысягаць вялікаму князю Ягайлу, выехаў у 1377 у Маскоўскае княства. Туды ж перасяліўся ў 1408 сапернік вялікага князя Вітаўта северскі князь Свідрыгайла Альгердавіч, многія чарнігаўскія і северскія баяры. Пры дамінаванні ў ВКЛ дзвюх княжацкіх дынастый — Гедзімінавічаў і Рурыкавічаў — у выпадках супрацьстаяння апошнія знаходзілі разуменне з Рурыкавічамі Маскоўскага княства і перасяляліся туды са сваім войскам і сялянамі.

Натуральнай эміграцыі з беларускіх зямель садзейнічалі створаныя ў ВКЛ прававыя падставы. Паводле прывілея 1447 вялікага князя Казіміра IV (пазней замацаваны ў Статуце ВКЛ 1529), князі, рыцары, шляхта і баяры маглі пакідаць дзяржаву «для лепшого щастья набытья», навучання ваеннаму майстэрству. Першымі заканадаўчымі актамі, якія пацвердзілі права ўсіх свабодных людзей на выезд за мяжу, былі віцебскі (1503) і полацкі (1547) прывілеі. Магчымасць наведвання іншых зямель (акрамя «непрыяцельскіх») ужо вольнымі людзьмі розных саслоўяў для лячэння, набыцця адукацыі, навучання рамяству, азнаямлення з ваеннай справай прадугледжвалі Статуты ВКЛ 1566 і 1588.

Незадаволеныя палітыкай вялікага князя беглі з ВКЛ у «непрыяцельскія» краіны. У 1481 пасля няўдалай змовы супраць Казіміра IV у Маскоўскае княства перасяліліся князі Ф. Бельскі, Навасельскія, Адоеўскія, Варатынскія, Бялеўскія. У 1508 пасля задушэння мяцяжу супраць вялікага князя Жыгімонта I Старога туды выехалі князі Глінскія (Васіль атрымаў ва ўладанне Мядынь, Міхаіл — Малаяраславец і Бораўск). Многія з беглых князёў набылі ў Маскве значны ўплыў, знаходзіліся ў блізкім сваяцтве з велікакняжацкімі, а потым і царскімі родамі. Так, А. В. Глінская стала жонкай вялікага князя маскоўскага Васіля III, рэгенткай Рускай дзяржавы пры сваім малалетнім сыне вялікім князю Іване IV.

Беглі таксама сяляне і гараджане, вывозіліся захопленыя ў ходзе ваенных дзеянняў палонныя. Многія з вольных людзей, якія выязджалі ў замежныя краіны, пакідалі там добрую спадчыну, садзейнічалі пашырэнню кнігадрукавання і асветы (Францыск Скарына, Пётр Мсціславец, Сімяон Полацкі і інш.). У XV—XVI стст. дзясяткі маладых людзей з беларускіх зямель ВКЛ вучыліся ва ўніверсітэтах Балонні, Падуі, Гайдэльберга, Інгальштата, Лейпцыга, Кёнігсберга, Цюбінгена, Вітэнберга, Лувена, Базеля, Кракава.

Значны рост перасяленняў на ўсход у канцы XVI—XVII стст. быў выкліканы больш раннім узмацненнем прыгоннай эксплуатацыі сялян у ВКЛ, нацыянальна-рэлігійнага ўціску ў Рэчы Паспалітай. Абвясціўшы сябе спадкаемніцай Кіеўскай Русі (ужо Іван III назваў сябе «государем всея Руси») і пачаўшы наступ на землі ВКЛ, Маскоўская дзяржава заахвочвала эміграцыю беларусаў як «исконно русских» з мэтай каланізацыі далучаных ёю на ўсходзе рэгіёнаў, давала прытулак беглым (а многім прыгонным і волю), аказвала матэрыяльную падтрымку, прымала іх на службу (як і захопленых у палон).

У XVII—XVIII стст. у ходзе войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай і іншымі дзяржавамі беларускія землі часта станавіліся арэнай жорсткіх бітваў, а іх жыхары масава выводзіліся ўглыб імперыі. Двойчы толькі на працягу стагоддзя (у час паўстання Б. Хмяльніцкага, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўночнай вайны 1700—21) насельніцтва Беларусі скарачалася напалову: кожны другі жыхар загінуў або трапіў у палон і быў выселены ў Расію. На ўкраінскіх землях беглыя з ВКЛ уліваліся ў шэрагі казацкай вольніцы. На Украіну і ў Расію бегла насельніцтва ў галодныя неўрадлівыя гады (1588, 1601—02, 1655, 1690 і інш.), а таксама шукаючы паратунку ад эпідэмій (у XVI—XVIII стст. іх было больш за 80). Выхадцы з Беларусі і прымусова пераселеныя сяляне, рамеснікі, гандляры, шляхта садзейнічалі гаспадарчаму асваенню Паволжа і Сібіры, некаторыя з іх займалі высокія ваенныя і дзяржаўныя пасады, сталі заснавальнікамі купецкіх родаў, узбагачалі культурнае жыццё ў месцах свайго пражывання. Перасяленцы з беларускіх зямель і іх нашчадкі былі ў ліку пачынальнікаў геаграфічнага і этнаграфічнага вывучэння новых каланізаваных Расіяй тэрыторый, карэнных народаў Прыўралля, Сібіры, Чукоткі, Камчаткі (А. Каменскі, Л. Сеніцкі і інш.). У 2-й палове XVII ст. дзясяткі майстроў-рамеснікаў з Полацка, Віцебска, Оршы, Шклова, Магілёва і іншых гарадоў працавалі ў Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, Каломенскі палац і інш.

Падзелы Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. і далучэнне беларускіх зямель да Расійскай імперыі, развіццё ў сувязі з гэтым у канцы XVIII—XIX стст. нацыянальна-вызвольнага руху на Беларусі вызначылі палітычныя прычыны эміграцыі. Боязь рэпрэсій з боку царскага ўрада выштурхнула з Бацькаўшчыны тысячы ўдзельнікаў паўстанняў 1794, 1830—31, 1863—64 гадоў, а таксама прыхільнікаў аднаўлення ВКЛ у час вайны 1812 года. Яны рассеяліся па свеце, некаторыя ўключыліся ў рэвалюцыйны і вызвольны рух у Еўропе і Амерыцы (Т. Касцюшка, В. Урублеўскі, М. Судзілоўскі, З. Мінейка і інш.), садзейнічалі развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, узбагачалі тым самым і беларускую спадчыну (І. Дамейка, Г. Дмахоўскі, Н. Орда, А. Рыпінскі, К. Ельскі і інш.). Беларускія карані мае французскі паэт Гіём Апалінэр, дзед якога М. Кастравіцкі як удзельнік паўстання 1863—64 эмігрыраваў у Італію.

У Расійскай імперыі фарміравалася ўсходняя дыяспара: фактычна беларускае насельніцтва, якое перасялялася ў цэнтральныя і паўднёвыя раёны Еўрапейскай Расіі, Сібір, Казахстан, на Далёкі Усход, пакідала сваю спрадвечную тэрыторыю і апыналася ў іншаэтнічным асяроддзі, але фармальна перамяшчэнні адбываліся ў межах адной дзяржавы. Паводле перапісу 1897 года, за межамі губерняў з пераважна беларускім насельніцтвам (Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) пражывалі каля 500 тыс. беларусаў. Усходняя дыяспара таксама папаўнялася шляхам гвалтоўнага высялення найперш па палітычных матывах. У сувязі з нелаяльнымі адносінамі, у паўднёвыя губерні пасля паўстання 1830—31 была пераселена значная частка дваран, якая не змагла пацвердзіць сваю прыналежнасць да гэтага саслоўя і была пераведзена ў разрад дзяржаўных сялян-аднадворцаў. Тысячы ўдзельнікаў тайных таварыстваў патрыятычнай моладзі ў Літве і на Беларусі (філаматы, філарэты, прамяністыя і інш.), нацыянальна-вызвольных паўстанняў (1794, 1830—31, 1863—64 гадоў) былі сасланы на катаржныя работы і пасяленне. Сасланыя ў розныя куткі Расіі зарэкамендавалі сябе таленавітымі даследчыкамі прыроды, побыту, традыцый, мовы народаў Сібіры, Крайняй Поўначы, Далёкага Усходу, Казахстана (І. Чэрскі, Э. Пякарскі, А. Янушкевіч).

Першая хваля масавай працоўнай міграцыі Першая хваля масавай працоўнай эміграцыі беларускага насельніцтва ў іншаэтнічныя рэгіёны Расійскай імперыі (усходняя) і за яе межы (заходняя) пракацілася на рубяжы XIX і XX стст. Яна ўзмацніла працэс фарміравання беларускай дыяспары за межамі Бацькаўшчыны.

Як сталая з’ява, працэс эміграцыі пачаўся з 1880-х гадоў, а масавасць набыў пасля рэвалюцыі 1905—1907 і тых змен у грамадскім і сацыяльна-эканамічным развіцці, якія яна выклікала. Паскарэнне развіцця капіталістычных адносін, расслаенне і абеззямельванне сялянства, аграрная перанаселенасць, збядненне дробных вытворцаў абумовілі масавы выезд сялян у іншыя рэгіёны Расійскай імперыі ў пошуках вольнай або больш таннай зямлі. У 1896—1912 з беларускіх губерняў у Сібір перасялілася каля 700—800 тыс. чал.

Адсутнасць ці недастатковасць звестак аб іміграцыйных законах у краінах пасялення, стане працоўнага рынку, умовах найму, кошце праезду, няведанне мовы, а часамі і непісьменнасць моцна абцяжарвалі становішча эмігрантаў, хоць у асноўным ехалі здаровыя, працаздольныя, ініцыятыўныя людзі. У час масавых перасяленняў узнікла Таварыства апекі над эмігрантамі, віленская філія якога ў 1912 надрукавала на беларускай мове памятку з парадамі і змясціла ў ёй беларуска-англійскі размоўнік.

Асноўнымі краінамі пасялення беларусаў сталі ЗША і Канада. Кампактнымі асяродкамі сяліліся яны таксама ў Бразіліі і Аргенціне. Па розных крыніцах, да Першай сусветнай вайны з Беларусі выехала ад 100 тыс. да 1 млн чал., прычым значная частка іх вярнулася дамоў. Большасць даследчыкаў схіляюцца да лічбы ў 500—600 тыс. эмігрантаўСмоліч, А. Эканамічнае становішча Беларусі перад вайною і рэвалюцыяй // Беларусь: нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху: калектыўная праца пад агульнай рэдакцыяй А. Сташэўскага, З. Жылуновіча і У. Ігнатоўскага з дапамогай А. Смоліча, С. Некрашэвіча і Я. Пятровіча. — Менск [Мінск]: выданне Цэнтральнага выканаўчага камітэту Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 1924. — , 322, с., л. табл., партр. — С. 125; Kipel, V. The early Byelorussian presence in America // Запісы БІНіМ. — 1983. — № 17. — С. 113; Панютич В. П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. / В. П. Панютич; Науч. ред. П. Г. Козловский; Акад. наук БССР, Ин-т истории. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 373, c. — С. 58; Советская Белоруссия, 1990, 25 марта..

Першая сусветная вайна, рэвалюцыі і замежныя інтэрвенцыі Першая сусветная вайна (1914—18), Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі (1917), германская і польская акупацыі Беларусі выклікалі значны адток беларускага насельніцтва ва ўсходнія раёны Расіі, абумовілі новую хвалю вымушаных выездаў у замежныя краіны.