Сычуанская катлавіна, Чырвоны басейн, Сычуанская ўпадзіна — міжгорная ўпадзіна ў Кітаі, у басейне сярэдняга цячэння ракі Янцзы.

Плошча каля 200 тыс. км². Вышыня 400—500 м (на ўскраінах да 1000 м). Абмежавана на захадзе Сіна-Тыбецкімі гарамі, на поўначы і паўночным усходзе хрыбтамі Цыньлін і Дабашань, на поўдні нагор’ем Гуйчжоў.

Прымеркавана да сінеклізы Кітайска-Карэйскай платформы. Запоўнена магутнай тоўшчай (да 4000 м) чырванаколерных пясчанікаў і сланцаў юрскага і мелавога ўзросту і іншымі асадкавымі пародамі. Утварае прыступкавы амфітэатр, звернуты на поўдзень. Паверхня ўзгорыстая, перасечана ракой Янцзы і яе прытокамі.

Клімат субтрапічны вільготны. Сярэдняя тэмпература паветра студзеня 10 °C, ліпеня 29 °C. Ападкаў 800—1750 мм за год. Вегетацыйны перыяд круглы год.

Глебы — жаўтазёмы, чырвоназёмы. Лістападныя і вечназялёныя лясы (большасць высечана), вышэй за 600 м вільготныя лясы (вечназялёны дуб, вастраліст, лаўр, кунінгамія, кіпарыс, хвоя і інш.).

Важны сельскагаспадарчы раён (вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, чай, тытунь, цытрусавыя і іншыя культуры). Класічная правінцыя тэрасавай гаспадаркі. Радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнай солі, каменнага вугалю, жалезных і поліметалічных руд.

Буйныя гарады Чунцын і Чэнду.

Літаратура

Сычуа́ньская впа́дина // Словарь географических названий зарубежных стран / отв. ред. А. М. Комков. — 3-е изд., перераб. и доп. — М.: Недра, 1986. — С. 352.

Катэгорыя:Геаграфія Кітая Катэгорыя:Катлавіны